Дні моладзі адбыліся ў Шчучыне

Сустрэча для моладзі, арганізаваная айцамі піярамі, прайшла 7-9 лістапада ў Шчучыне.

На працягу гэтых трох дзён моладзь з Ліды і Шчучына – каля 60 чалавек – мела магчымасць паразважаць на тэму асобы Езуса Хрыста.

Засяродзіцца на тым, кім з’яўляецца Другая Божая Асоба і чаму так важны штодзённы выбар Хрыста, дапамаглі ўдзельнікам кс. Міхал Васількевіч, пробашч парафіі бл. Міхала Сапоцькі ў Абухаве, і сястра Назарыя Міклаш CSMF, якая служыць у Лідзе (Фара).

Акрамя вельмі даступных канферэнцый, моладзь мела магчымасць узяць удзел у рознага роду інтэграцыйных забавах і конкурсах, а таксама, у межах квэст-гульні, крыху “павандраваць” па самым цэнтры горада.

Частка праграмы была прысвечана спецыяльна падрыхтаваным, дзякуючы піярскім аніматарам, майстар-класам, якія былі звязаныя з кулінарыяй, музыкай і танцамі.

Піярскія дні моладзі – гэта перш за ўсё сустрэча з Богм. Сустракаць Яго, прымаць і слухаць кожны дзень моладзь мела магчымасць падчас святой Імшы, адна з якіх адбылася ў Ішчалне ў прыгожым касцёле Святой Тройцы. Падчас адарацыі кожны з яе ўдзельнікаў мог прыступіць да споведзі. Таксама ў сувязі з месяцам, прысвечаным малітве за памерлых, адбылося набажэнства святла на адных са шчучынскіх могілак.

Пiярскiя дні моладзі ў Шчучыне на працягу многіх гадоў карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод маладых людзей. Гэта сапраўды добры час, каб падзяліцца сведчаннем сваёй веры, бліжэй пазнаць адзін аднаго, паяднацца ў малітве, весялосці і радасці.

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews