24.01.2025

15 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) у Шчучыне ў адпустовую ўрачыстасць. Наведванне парафіі супала з кананічнай візітацыяй, якая праходзіць у Шчучынскім дэканаце.

Візітацыя пачалася з наведвання Шчучынскага райвыканкама, дзе іерарх сустрэўся з яго старшынёй Аляксеем Садоўскім. Падчас сустрэчы, якая прайшла ў вельмі цёплай атмасферы, біскупу спадарожнічаў пробашч шчучынскай парафіі а. Андрэй Агель SP.

Біскуп падзякаваў раённым уладам за плённае супрацоўніцтва з мясцовай парафіяй і прыхільнасць, а таксама ўдзел, у прыватнасці, у арганізацыі Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, якія прайшлі ў маі гэтага года.

У сваю чаргу старшыня райвыканкама падкрэсліў асабліва вялікі ўклад айцоў піяраў, якія служаць больш за 300 гадоў у Шчучыне, у працу з дзецьмі і моладдзю. Ён дадаў, што мясцовыя ўлады, а таксама Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква прыкладаюць шмат намаганняў на карысць служэння жыхарам раёна, асабліва фарміравання наступных пакаленняў, правільна выхоўваючы дзяцей і моладзь.

Потым іерарх наведаў Шчучынскую цэнтральную раённую бальніцу. Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Людміла Чэхунова правяла біскупа па бальніцы, дзе ён меў магчымасць сустрэцца з пацыентамі.

Затым пры кляштары піяраў адбылася сустрэча з членамі Францішканскага ордэну свецкіх, якія запэўнілі іерарха, што кожны дзень падтрымліваюць малітвамі, ахвярамі і постам яго пастырскае служэнне ў дыяцэзіі, а таксама падтрымліваюць Касцёл і стараюцца служыць усім патрабуючым.

Цэнтральным момантам візітацыі была адпустовая Імша ў парафіяльнай святыні, на якой сабраліся шматлікія вернікі, святары, сёстры законныя і мясцовае духавенства Праваслаўнай Царквы.

У гаміліі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне звярнуў увагу на постаць св. Тэрэзы Авільскай, нябеснай апякункі гэтай парафіі, якая аказала велізарны ўплыў не толькі на развіццё свайго ордэну, але і на духоўнасць ва ўсім Каталіцкім Касцёле.

Біскуп падкрэсліў, што пасланне, якое пакінула святая, застаецца актуальным і сёння. Па яго словах, вельмі важная і заўсёды актуальная навука, якую для нас нясуць асоба і справы св. Тэрэзы, – гэта неабходнасць гарачага і шчырага жадання святасці.

Імша завяршылася ўрачыстым унясеннем рэліквій св. Тэрэзы Авільскай да бакавога алтара. З гэтага дня яны будуць знаходзіцца ў святыні і, як спадзяюцца айцы піяры, яшчэ больш ажывяць культ апякункі парафіі.

Пробашч парафіі а. Андрэй Агель SP падзякаваў біскупу за прыбыццё ў парафію, скіраванае да вернікаў слова і пастырскае благаслаўленне, якое, напэўна, паспрыяе ўмацаванню веры ў іх.

Пасля абеду, у якім удзельнічалі святары і сёстры законныя, біскуп асвяціў новую капліцу ў кляштары, якая будзе служыць месцам супольных манаскіх малітваў для піяраў.

Паводле grodnensis.by

Пакінуць адказ