Беларусы ўдзельнічалі ў Міжнароднай сустрэчы піярскай моладзі ў Славакіі

10.07.2019 12:01   Тэкст: Аляксандр Снапко / Catholic.by

 

 

5 краін, 7 дзён, 124 удзельнікі і 31 валанцёр — асноўныя лічбы Міжнароднай сустрэчы піярскай моладзі (Piarist Youth Meeting 2019), якая адбывалася з 1 па 7 ліпеня ў г. Нітра (Славакія). Апроч моладзі з Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі, сярод удзельнікаў была група з Ліды разам з а. Андрэем Агелем SP.

Мэтай штогадовых Міжнародных сустрэч піярскай моладзі з’яўляецца ўмацаванне адносін і супрацоўніцтва паміж моладдзю з піярскіх школ і парафій у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

У межах сёлетняга мерапрыемства кожны дзень адбываліся сустрэчы ў міжнародных групах, якія загадзя былі сфарміраваныя арганізатарамі так, каб кожная група была максімальна шматнацыянальнай.

Штодзённая праца ў міжнародных групах была добрай нагодай пазнаёміцца з моладдзю з іншых краін і падзяліцца досведам веры.

Моладзі было прапанавана прыняць удзел у разнастайных майстэрнях: «Першая медыцынская дапамога», «Мастацтва», «Танец», «Хор», «Медыя», «Драма», «Спорт» і інш. Таксама маладыя людзі мелі магчымасць праявіць свае фізічныя здольнасці ў турніры па валейболе або ў спартыўных спаборніцтвах сярод міжнародных груп.

 

Акрамя таго, удзельнікі маглі паглыбіць асабістыя адносіны з Богам праз слуханне Божага слова на розных еўрапейскіх мовах, канферэнцыі, адарацыю, малітву праслаўлення.

Праграма, сярод іншага, прадугледжвала пешую пілігрымку да касцёла св. Міхала Арханёла, які знаходзіцца на скалістым узгорку непадалёк ад Нітры.

5 ліпеня на гарадской плошчы моладзь разам з тысячамі вернікаў, шматлікім духавенствам і прадстаўнікамі дзяржаўнай улады ўдзельнічала ў святочнай Імшы ў гонар святых Кірыла і Мятода.

У гэтым годзе свята было асаблівым, бо адзначаецца 1150-годдзе з дня смерці св. Кірыла і 1150-годдзе з дня прызначэння св. Мятода арцыбіскупам Панноніі і Вялікай Маравіі. У праграме было і наведванне г. Трэнчын.

З упэўненасцю можна сказаць, што падобныя сустрэчы не толькі дазваляюць даведацца пра культуру іншых народаў і знайсці новых сяброў, але і ўзмацняюць пачуццё прыналежнасці да адзінай піярскай сям’і.

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews