Сакрамэнт канфірмацыі ў Лідзе: жыць сёння, а не заўтра

19 мая падчас нядзельнай святой Імшы дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (м-н Індустрыяльны), дзе служаць айцы піяры. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі 25 чалавек.

Звяртаючыся да шматлікіх прысутных у святыні, біскуп падкрэсліў, што будучыня ў большай меры залежыць ад маладога чалавека сённяшняга часу.

Іерарх дадаў, што моладзь – гэта не будучыня, а сучаснасць. “Трэба жыць і рабіць што-небудзь не “калі вырасту”, а ўжо сення”, – сказаў біскуп Станеўскі, адказны ў епіскапаце Беларусі за пастырства моладзі.

Ён падкрэсліў, што час змяняецца, прагрэс ідзе наперад, але базавыя прынцыпы, мараль, духоўнасць павінны быць нязменнымі. Таму ён заклікаў моладзь, якая прымала сакрамэнт канфірмацыі, “не чакаць, пакуль зробіць хтосьці, а самім гэта рабіць і быць прыкладам для іншых”. Біскуп заахвоціў маладых людзей не баяцца быць вернымі да канца.

Самі ж маладыя вернікі на заканчэнне літургіі паабяцалі, што прыкладуць усе старанні, каб споўніць чаканні Касцёла, і будуць старацца кожны дзень быць сапраўднымі сведкамі ў сваім асяроддзі, там, куды іх вядзе Пан Бог.

Паводле grodnensis.by

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews