Шчучынскія выпускнікі здзейснілі пілігрымку ў Будслаў

На працягу ўжо многіх гадоў выпускнікі 11-х класаў сярэдніх школ г. Шчучына адпраўляюцца ў пілігрымку ў Будслаў. Гэты год не стаў выключэннем: перад заканчэннем школы моладзь па традыцыі скіравалася ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай, дзе атрымала спецыяльнае благаслаўленне на далейшы жыццёвы шлях.

За два дні, колькі працягвалася невялікае падарожжа, выпускнікі ўбачылі мноства святынь і проста цікавых мясцінаў роднай зямлі.

У першы дзень яны наведалі мячэць у Іўі, пазнаёміліся з гісторыяй Гальшанскага і Крэўскага замкаў, убачылі касцёл святых Пятра і Паўла ў Барунах, пачулі паланэз Агінскага ў радавым фальварку кампазітара ў Залессі, атрымалі асалоду ад прыроды на Нарачы, а таксама змаглі палюбавацца прыгажосцю святыняў у Трабах, Гудагаі, Гервятах і Мядзелі.

У другі дзень, па дарозе дадому, выпускнікі спачатку скіраваліся ў мемарыяльны комплекс «Хатынь» і лагер смерці часоў Вялікай Айчыннай вайны «Трасцянец», а затым пабывалі ў самым старым касцёле на тэрыторыі Беларусі — ва Уселюбе.

У санктуарыі ў Будславе — галоўным месцы пілігрымкі — моладзь мела магчымасць звярнуцца да Маці Божай, а таксама з рук кусташа санктуарыя кс. Дзмітрыя Дубовіка атрымала благаслаўленне на выбар далейшага жыццёвага шляху.

Благаслаўленне было ўдзелена старажытным крыжам-пацыфікалам з рэліквіямі святых, які ўжо чатыры стагоддзі захоўваецца ў будслаўскай святыні.

Удзельнікі пілігрымкі шчыра дзякуюць усім, каго яны сустрэлі на сваім шляху, за адкрытасць і дабрыню.

Фотаздымкі (Людміла К.) можна паглядзець тут.

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews