Беларусы ўдзельнічалі ў сустрэчы піярскай моладзі ў Венгрыі

З 23 па 29 ліпеня ў г. Надзьканіжа (Венгрыя) адбылася Міжнародная сустрэча піярскай моладзі (The Piarist Youth Meeting 2018), у якой бралі ўдзел таксама юнакі і дзяўчаты з Беларусі.

Сёлетняя сустрэча сабрала амаль 250 маладых людзей з піярскіх школ або парафій з Беларусі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі.

Беларусь на сустрэчы прадстаўлялі 14 юнакоў і дзяўчат з піярскіх парафій Ліды і Шчучына, якія прыехалі ў Венгрыю разам з а. Андрэем Агелем SP і Віталіем Слукой SP.

Дэвізам сёлетняй сустрэчы былі абраныя словы «З Табою +», каб падкрэсліць важнасць як будавання супольнасці, так і прабывання ў ёй.

Варта адзначыць, што абраны дэвіз не з’ўляецца выпадковым, бо Сінод маладых Ордэна піяраў як адзін з элементаў перадсінадальнай падрыхтоўкі да Сінода Біскупаў, які адбудзецца ў кастрычніку гэтага года, таксама праходзіць пад дэвізам «З Табою +».

Сустрэча распачалася з дэманстрацыі відэаролікаў, у якіх было прадстаўлена жыццё і дзейнасць школ і парафій, адкуль прыбыла моладзь.

На наступны дзень адбылася экскурсія па г. Надзьканіжа ў загадзя арганізаваных групах. Арганізатары сфармавалі групы так, каб, з аднаго боку, яны былі максімальна міжнацыянальнымі, а з другога, каб удзельнікі кожнай з груп маглі паразумецца адзін з адным на знаёмай ім мове. Можна з упэўненасцю сказаць, што экскурсія была нагодаю не толькі адкрыць для сябе горад, але і пазнаёміцца з іншай моладдзю.

У межах сустрэчы ў Надзьканіжы быў запланаваны шэраг сустрэч у міжнародных групах, падчас якіх праз гульні і выкананне супольных заданняў моладзь магла больш адкрыцца і пазнаць адно аднаго. Маладым удзельнікам сустрэчы таксама было прапанавана прыняць удзел у майстар-класах: «Піярскія танцы», «Клуб дэбатаў», «Настольныя гульні», «Вырабы ручной працы», «Венгерская мова», «Хрысціянская медытацыя», «Бібліядрама», «Спорт» і інш.

 
 
 

Падчас сустрэчы яе ўдзельнікі наведалі г. Кетхэй, Будапешт і возера Балатон, а апошнюю ноч у Венгрыі правялі ў Будапешце ў славутай піярскай гімназіі, якая на працягу сваёй 300-гадовай гісторыі стала альма-матар для многіх вядомых людзей краіны.

Як сведчаць самі ўдзельнікі Міжнароднай сустрэчы піярскай моладзі, яна дала ім магчымасць не толькі прыемна правесці час, але і паглыбіць свае асабістыя адносіны з Богам, а таксама адчуць еднасць духа і падабенства думак сярод піярскай моладзі, што ўзмацняе адчуванне прыналежнасці да піярскай сям’і.

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews