Кансэкрацыя касцёла св. Юзафа Каласанса ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны

IMG_3794

25 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны (Ліда – мікрараён Індустрыяльны) адбылася ўрачыстая кансэкрацыя касцёла св. Юзафа Каласанса. Кансэкрацыю святыні здзейсніў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі, пры ўдзеле дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел шматлікія госці: генеральны консул Рэспублікі Польшча ў г. Гродна Яраслаў Ксёнжэк, правінцыял Польскай правінцыі ордэна піяраў а. Юзаф Матрас SP, айцы піяры з-за мяжы, субраты з Беларусі, дыяцэзіяльныя святары, прадстаўнікі мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў.

Падчас казання кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч прыгадаў, што кансэкрацыя азначае поўнае ахвяраванне святыні ва ўласнасць Бога, што праз памазанне хрызмам алтар і ўвесь касцёл атрымліваюць місію – весці людзей шляхам збаўлення. Таксама кс. біскуп адзначыў: «Для піярскай супольнасці ў Беларусі 2017 год з’ўляецца годам урачыстасцяў, бо да двух юбілеяў, якія святкуе ўвесь ордэн піяраў, – 400-годдзе існавання ордэна піяраў, 250-годдзе з дня кананізацыі св. Юзафа Каласанса – далучылася ўрачыстасць кансэкрацыі касцёла св. Юзафа Каласанса ў Лідзе».

Пасля казання наступіў абрад кансэкрацыі касцёла: напачатку кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч намасціў алеем алтар, затым кс. біскуп Юзаф Станеўскі памазаў хрызмам сцены касцёла ў чатырох месцах; пасля алтар і сцены святыні былі акаджаны кадзілам, што з’яўляецца сімвалам малітвы, якая будзе ўзносіцца ў гэтым месцы; далей алтар быў засланы белым абрусам; потым на алтары былі запалены свечкі на знак таго, што ў гэтым месцы ззяе святло Хрыста.

Пасля эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла а. Юзаф Матрас SP ад імя Польскай правінцыі ордэна піяраў звярнуўся да вернікаў і гасцей парафіі. У сваім слове а. Юзаф Матрас SP прыпомніў, што піяры прыбылі ў Ліду ў далёкім 1756 годзе і з таго часу гісторыя ордэна піяраў вельмі цесна звязана з Лідай. Айцец правінцыял прыгадаў, што піяры ў Лідзе зведалі часы як радасці, так і болю: будаўніцтва касцёла і калегіума, заснаванне школы, скасаванне ордэна царскімі ўладамі, пераслед з боку савецкай улады… «Але сёння, аналізуючы мінулае, мы можам з упэўненасцю сказаць, што Божы провід заўсёды суправаджаў піяраў», – дадаў а. Юзаф Матрас SP. Таксама айцец правінцыял звярнуўся да пробашча а. Андрэя Агеля SP: «Толькі табе і Богу вядома, колькі тысяч кіламетраў прыйшлося праехаць, колькі казанняў прыйшлося прамовіць, колькі, здавалася б, невырашальных праблем было, каб пабудаваць гэтую прыгожую святыню. Але ўсё на хвалу Божую».

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі а. Андрэй Агель SP выказаў словы падзякі ўсім, хто прычыніўся да будаўніцтва святыні. Асаблівым чынам а. Андрэй Агель SP узгадаў а. Віктара Занеўскага SP, які распачынаў будаўніцтва касцёла. Ксёндз пробашч таксама падзякаваў вікарыю парафіі а. Аляксандру Махначу SP, хору «Каласанс» са Шчучына, усім парафіянам і гасцям парафіі.

Аляксандр Снапко

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews