“Канікулы з Богам”

 Сёлета з 13 па 20 жніўня айцы-піяры з Ліды ( Індустрыяльны, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ) правялі традыцыйныя “Канікулы з Богам”. У адпачынку прыняло ўдзел 300 дзяцей, як з піярскай, так і з іншых парафій ( некаторыя дзеці спецыяльна ў гэты час прыехалі з іншых гарадоў да сваіх бабуль і дзядуль, каб адпачыць у лагеры ) . Маленькія вернікі праводзілі час з песнямі, танцамі, гульнямі і ў той жа момант паглыблялі сваю веру, а дапамагалі ім у гэтым айцец-пробашч парафіі Андрэй Агель, айцец Аляксандр Махнач і 30 апекуноў-важатых!

У гэтым годзе ўся піярская сям’я святкуе двайны юбілей: 400-годдзе існавання ордэна піяраў і 250-годдзе з дня кананізацыі св. Юзафа Каласанса, таму менавіта гэтым падзеям і быў прысвечаны ўвесь адпачынак. Першы дзень, як зазвычай, — знаёмства: кожная група выбрала для сябе назву і падрыхтавала песню. Безумоўна, шмат груп выбрала для сябе назвы, звязаные з апекуном касцёла: “Дзеці Каласанса”, “Піярчыкі”, “Паслядоўнікі Юзафа” і т.п. Цэлы тыдзень дзеці рыхтавалі нумары да “Хвіліны славы”, а ў пятніцу і суботу прайшоў спецыяльны гала-канцэрт, які сабраў больш за 50 нумароў! Не абмінулі і тэму спорту: у аўторак праходзілі ужо традыцыйныя спартыўныя спаборніцтвы “Мнагабор’е”, а ў сераду — дзень піярскіх танцаў і батутаў. Асаблівасцю лагера з’яўляецца арганізацыя спецыяльнага падарожжа па нашай краіне – сёлета дзеткі наведалі Мінск і “Дрымлэнд”. Ужо традыцыйна (пачынаючы з мінулага года), напрыканцы дня ўсе збіраліся на супольную малітву перад Місійным крыжам, каб падзякаваць Богу за яшчэ адзін дзень з добрым надвор’ем і вясёлым адпачынкам пад апекай святога Юзафа Каласанса. Кожны дзень маленькія вернікі атрымоўвалі салодкі падарунак і заданне распавесці сваім сем’ям пра тое, што даведаліся пад час дня.

У апошні дзень, пасля дзіцячай Святой Імшы на 11:30, усе ўдзельнікі “Канікулаў з Богам” правялі падсумаванне тыдня: пераможцы розных конкурсаў атрымалі спецыяльныя парафіяльныя дыпломы і карысныя падарункі.

За тыдзень дзеці набылі новых сяброў, даведаліся шмат цікавых фактаў пра святога Юзафа Каласанса і гісторыю касцёла, вывучылі новыя танцы і песні, паўдзельнічалі ў конкурсах і падзяліліся сваімі талентамі з іншымі – ці ж гэта не адзін з лепшых спосабаў праслаўлення нашага нябеснага Айца і дэманстрацыя таго, што сапраўднае жыццё з Богам напоўнена радасцю?!

Кацярына Мурамская 

Сяргей Масло

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews