План на кожны дзень: як у шчучынскай моладзі праходзілі канікулы

IMG_4045

Колькі разоў мы запытваем у сябе, якое павінна быць маё жыццё, кім для мяне з’яўляецца Бог, ды ўвогуле, які я маю план на будучыню… Даць адказ на гэтыя пытанні вельмі цяжка, нават здаецца немагчыма, але Езус дапамагае нам. У Яго ўсё проста: мы павінны мець стратэгію, план. Гэтаму нас вучыць Святое Пісанне, гэтаму нас і вучылі падчас адпачынку.

На працягу тыдня (з 31.07. па 06.08.) мы імкнуліся жыць так, як рабіў гэта наш Настаўнік.

Кожны дзень распачынаўся Святой Імшой.  На ёй мы разважалі над Евангеллем, гаварылі з Езусам і прымалі Яго ў нашае сэрца. Хвіліны цішыні падчас Літургіі былі хвілінамі размовы з Хрыстом, асабістай размовы, пра якую мы часткова забываем у паўсядзённасці. Яго словы напаўнялі нас міласэрнасцю… Як спяваем, «напоўні раніцаю нас сваёй міласэрнасцю, а мы будзем цешыцца і весяліцца ва ўсе дні нашыя» (Пс 90 (89): 14). Нешта падобнае адбывалася і з намі.

Добрае надвор’е, смачная ежа, ранішнія жарты падтрымлівалі цудоўны настрой і дапамагалі нам ісці за Езусам, слухаць Яго словы падчас сустрэчы. Нас вучылі простай рэчы: мы павінны быць сапраўднымі вучнямі свайго Настаўніка. Жыццё – гэта бег за Езусам, гэта стратэгія, якая ўвасабляе нашу асноўную мэту: быць побач з Богам. Нам неабходна памятаць, што мэта з’яўляецца рухавіком, які будзе падымаць нас нават ноччу і прымушаць ісці ў дарогу, не гледзячы на перашкоды…

Канешне, мы не забывалі і пра сваіх родных і сяброў. Узгадаем словы са Святога Пісання: «няма большай любові, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх» (Ян 15: 13). Таму ў вольныя хвіліны мы не толькі гулялі ці нешта чыталі, а яшчэ дарылі сваім сябрам самае каштоўнае, што ў нас ёсць, – час.

Кульмінацыяй дня была супольная малітва, якая дапамагала нам узрастаць духоўна.

За гэты час мы добра зразумелі, што неабходна быць заўсёды з Богам, бо калі Ён будзе на першым месцы, то ўсё іншае будзе на сваіх.

Дзякуй Богу за цудоўную магчымасць перажываць гэтыя канікулы ў Яго прысутнасці, а таксама айцу Вітальду Пяцельчыцу і ўсім хто быў разам з намі.

                                                                                                          Вікторыя Смарыга

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews