КАЛАСАНСАЎСКІ ЮБІЛЕЙНЫ ГОД у Ордэне Пабожных школ (Піяраў): 400-годдзе існавання Ордэна Піяраў і 250 год з дня кананізацыі св. Юзафа Каласанса

а. Аляксандр Махнач SP

Айцы Піяры, духоўныя сыны св. Юзафа Каласанса, рыхтуюцца да святкавання ў духу вялікай удзячнасці КАЛАСАНСАЎСКАГА ЮБІЛЕЙНАГА ГОДА ва ўсім свеце, дзе прысутныя піяры. Ад імя дзяцей і моладзі, асабліва ўбогіх, ад імя тых, хто адчувае сябе перамененым праз Пана Бога па прыкладзе св. Юзафа Каласанса, а таксама ад імя ўсяго Ордэна Пабожных школ, Генеральная Кангрэгацыя Ордэна Піяраў са згоды Яго Святасці Папы Францішка абвесціла КАЛАСАНСАЎСКІ ЮБІЛЕЙНЫ ГОД.

 Падчас Юбілейнага Года, які мае дваякі характар, айцы піяры будуць святкаваць 400-годдзе існавання Ордэна Піяраў і 250 год з дня кананізацыі св. Юзафа Каласанса. Харызма Заснавальніка Піяраў – гэта досвед Духа, пераданы дзецям і моладзі і ўсім вучням, каб паводле яго жылі, бераглі, паглыблялі і няспынна яго развівалі.  Юбілейны Год – гэта час асаблівай ласкі і сустрэчы з Богам у сэрцы кожнага з нас. Тое, што з’яўляецца сутнасцю Юбілейнага Года, не магчыма запланаваць, таму што гэта штосьці дарма данае і новае, незалежыць ад календара, ці ад нейкіх рашэнняў, але толькі ад незразумелай Любові Бога. Св. Юзаф Каласанс сказаў: ”Голас Бога – гэта голас Духа, які прыходзіць і адыходзіць, кранае сэрца і пераходзіць далей; невядома, адкуль прыйдзе, ці калі павее, таму вельмі важна, каб заўсёды быць пільным, каб не прыйшоў неспадзявана і не адышоў бясплённа”.

Мы, піяры, рэалізоўваючы сваю харызму, атрымліваем, прымаем і абвяшчаем Евангелле, і тады, тое месца перемяняецца дзякуючы нашай харызме, багатай насеннем Божага Валадарства. З гэтай нагоды дэвіз Юбілейнага Года складаецца з трох дзеясловаў дакладна з сабой спалучаных: ВЫХОЎВАЦЬ, АБВЯШЧАЦЬ, ПЕРАМЯНЯЦЬ.

Дзеці і моладзь – гэта тыя, каму мы прысвячаем сваё жыццё! Яны заўсёды ў цэнтры піярскага паклікання, таму што дзякуючы ім з’явіўся Ордэн Піяраў, як багаты плён сэрца св. Юзафа Каласанса. Гэта яны ўчынілі св. Каласанса піярам і гэта дзякуючы ім, мы-піяры! Дзеці маюць вялікі дар: умеюць адкрыць у чалавеку тое, што ёсць у ім найлепшае. Асновай піярскага выхавання з’яўляецца давер айцоў піяраў да дзяцей і моладзі. Адукацыя, якую распачаў Каласанс у першай бясплатнай школе ў Еўропе, мае адну мэту: даць магчымасць дзецям і моладзі інтэгральна развівацца так, каб яны маглі змяняць свет. Каласанс быў у гэтам цалкам упэўнены. Піярскае выхаванне запрашае дзяцей і моладзь да сустрэчы з Тым, хто ёсць сэнсам жыцця ўсіх веруючых людзей. Адкрыццё веры і выхаванне ў яе духу – гэта асноўныя элементы прапановы св. Юзафа Каласанса.

Запрашаем святкаваць гэты Юбілей усіх тых, хто жадае перажыць яго абапіраючыся на тых самых каштоўнасцях, якія сталі фундаментам на пачатку жыцця св. Юзафа Каласанса: вялікая любоў да Езуса і Яго Маці Марыі, безумоўнае прысвячэнне сябе евангелізацыі праз навучанне, далучэнне да вялікай справы дзеля таго, каб пабожныя школы сталі прасторай адзінства і місіі, а таксама вялікі давер да дзіцяці і маладога чалавека.

Афіцыйнае распачацце КАЛАСАНСАЎСКАГА ЮБІЛЕЙНАГА ГОДА адбудзецца 27 лістапада 2016 г. у касцёле імя св. Панталеона ў Рыме падчас св. Імшы, якую ўзначаліць Яго Эмінэнцыя кардынал Жуан Брас дэ Авіс (Joao Braz de Aviz), Прэфект Кангрэгацыі да спраў Інстытутаў Кансэкраванага Жыцця і Таварыстваў Апостальскага Жыцця (прамая трансляцыя св. Імшы ў інтэрнэце ў 13.30 (паводле беларускага часу) на афіцыйнай старонцы Ордэна Піяраў: www.scolopi.org). Будзе прачытана спецыяльная була Апостальскага Пасаду абвяшчаючы Юбілейны Год. Усім тым, хто будзе ўдзельнічаць у гэтай св. Імшы альбо будзе злучацца ў малітве праз трансляцыю ў інтэрнэце, Святы Айцец Францішак удзяляе поўны адпуст караў за грахі пад звычайнымі ўмовамі згодна з нормамі ўстаноўленымі Касцёлам. Юбілейны Год будзе закрыты 25 лістапада 2017 г. у касцёле імя св. Панталеона ў Рыме падчас св. Імшы, якую ўзначаліць Генеральны настаяцель Ордэна Піяраў а. Пэдро Агуадо SP.

Урачыстае распачацце Юбілейнага Года ў Польскай Правінцыі Ордэна Піяраў пад кананічнай юрысдыкцыяй якой знаходзяцца піярскія дамы і сабраты ў Беларусі, адбудзецца ў Кракаве (Польшча) 26 лістапада 2017 г. у піярскай парафіі імя Маці Божай Вострабрамскай (м-р Вечыста) у 13.00 паводле беларускага часу (прамая трансляцыя св. Імшы ў інтэрнэце на афіцыйнай старонцы Польскай Правінцыі Ордэна Піяраў: www.pijarzy.pl). Урачыстую св. Імшу ўзначаліць Яго Эмінэнцыя кардынал Зянон Грахалеўскі, шматгадовы Прэфект Кангрэгацыі да спраў Каталіцкай Адукацыі. Пасля св. Імшы працяг урачыстасці адбудзецца ў будынку піярскай гімназіі ў Кракаве па вул. Дзельскего, 1.

Урачыстае распачацце Юбілейнага Года ў піяраў у Беларусі адбудзецца:
- у Шчучыне ў суботу – 26 лістапада (падчас св. Імшаў)
- у Лідзе (Індустрыяльны) і ў Чавусах у нядзелю – 27 лістапада (падчас св. Імшаў)

 

Мы, піяры, заўсёды памятаем пра тое, што любіць св. Юзафа Каласанса – гэта значыць любіць, як ён палюбіў: Езуса і Яго Маці Марыю, Пабожныя школы, а таксама дзеці і моладзь, асабліва ўбогіх!

Св. Юзэфе Каласанс і ўсе святыя і благаслаўлёныя Каласансаўскай Сям’і, маліцеся за нас!

З гісторыі заснавальніка і Ордэна…

Юзаф Каласанс (1557 г. — 25 жніўня 1648 г.) — заснавальнік Ордэна Духоўных Убогіх Рэгулярных Божай Маці Пабожных школ (Айцы піяры). Нарадзіўся ў мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль, што ў Каралеўстве Арагон (Іспанія). Вывучаў права і філасофію ва універсітэце. У 1583 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і распачаў душпастырскую працу. Спачатку з’яўляўся сакратаром біскупа Каспары дэ ла Фігуэра, потым — канонікам Капітулы ва Ургелі, пробашчам і эканомам біскупа Андрэя Капілла.

Пасля абароны доктарскай дысертацыі па тэалогіі ў 1592 г. Юзаф Каласанс накіраваўся ў Рым, каб атрымаць касцёльны бенефіцый (прывілей). Аднак тут ён кардынальна змяняе свае планы на святарскае жыццё. Прычынай былі яго асабістыя ўнутраныя перажыванні. Вандруючы па бедным гарадскім раёне Рыма за ракой Тыбр, Каласанс сутыкнуўся з сумным лёсам дзяцей, якія не мелі магчымасці вучыцца і лічыліся “адкідамі грамадства”. Каласанс вырашыў, што не вернецца ў родную Іспанію, а зоймецца гэтымі дзецьмі.

У 1597 г. узнікла першая ў Еўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для ўсіх, школа без абмежаванняў, даступная для дзяцей розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў і культур. Каласанс працаваў у ёй настаўнікам, выхавацелем і адміністратарам.

Да дзейнасці Юзафа Каласанса неўзабаве далучаюцца іншыя. У выніку ўзнікае супольнасць. Сетка школаў развіваецца хутка і дынамічна — каралі шматлікіх дзяржаў, князі і мясцовыя ўлады звяртаюцца да Каласанса з просьбай прыслаць братоў з яго ордэна. Школы айцоў піяраў адчыняюць свае дзверы не толькі ў Італіі ці ў Неапалітанскім каралеўстве, але таксама на Сіцыліі, у Маравіі, ВКЛ, Польшчы, Іспаніі.

Апошнія гады жыцця Юзафа Каласанса былі складанымі. Апостальская візітацыя (у выніку не высветленых да канца абставінаў) прывяла да скасавання ордэна. Памёр Юзаф Каласанс ноччу з 24 на 25 жніўня 1648 г. Праз 8 гадоў Апостальскі Пасад аднавіў дзейнасць ордэна піяраў.

7 жніўня 1748 г. Папа Бэнэдыкт XIV беатыфікаваў св. Юзафа Каласанса, а 16 ліпеня 1767 г. Папа Клімент XIII яго кананізаваў. У 1948 г. папа Пій XII абвяшчае св. Юзафа Каласанса «апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце».

У Беларусі айцы піяры нясуць сваё служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі: у Шчучыне (ад 1718 г.), у Лідзе (ад 1755 г.) і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Чавусах (ад 2007 г.).

Урачыстасць св. Юзафа Каласанса: 25 жніўня

Свята Апекі св. Юзафа Каласанса (Patrocinium): 27 лістапада

 

а. Аляксандр Махнач SP піяр,

вікарый піярскай парафіі імя Унебаўзяцця НПМ

 у Лідзе (Індустрыяльны)

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews