Вялікая Пятніца – асабліва важны дзень для кожнага хрысціяніна. Менавіта у Пятніцу памер Езус Хрыстус. Ен павінен быў прайсці Крыжовы Шлях, каб адкупіць ўсе нашыя, людскія, грахі. І Ен прайшоў, нават нягледзячы на тое што было так невыносна несці гэты цяжкі крыж, калі яшчэ адначасова з розных бакоў Яго білі, штурхалі, здзекваліся, смяяліся…
Таму ў такі Вялікі дзень апошні Крыжовы Шлях у нашай парафіі, па ўжо складзенай традыцыі, быў прадэманстраваны ў выглядзе сцэнкі. Моладзь нашага касцела падрыхтавала Апошнюю Дарогу Езуса – Дарогу Смерці. Касцюмы, крыж, людзі, акцёры, якія добра ўжыліся ў свае ролі – усё гэта больш-менш стварала жахлівую карціну таго часу. Надвор’е было сонечным і ясным, але ж і гэта не магло развеяць той смутак і боль ад таго, што прыйшлося перажыць Езусу, нашаму Выратавальніку. На тварах людзей бачыліся слезы, шчыры жаль за свае грахі. Усе сабраліся разам у гэты час, каб праводзіць Езуса ў Яго апошні шлях. Кожная стацыя адгуквалася страшным болем у грудзях. Вось першае падзенне, вось другое, трэцяе… Малаток, цвікі, крыж. І ўсё – Ён вісіць. Такі бездапаможны, такі зняможаны, пабіты, пакалечаны…
Зноў заканчваецца Вялікі Пост. Хацелася б верыць, што тыя пастанаўленні, якія падчас яго мы зрабілі, увайшлі ў нашае паўсядзённае жыцце як яго састаўная частачка.
