« Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам».
Ян 13, 1-15
17 красавіка ў парафіі Унебаўзяцця НМП ў м-не Індустрыяльны пачаўся Вялікі Пасхальны Трыдуум. Кожны год наступае такі час, калі ўсе 3 дні перад Пасхай мы збіраемся разам у касцёле, каб зноў і зноў перажываць тыя моманты, якія адбываліся ў Вялікі Чацвер, Пятніцу і Суботу. Гэтыя дні з’яўляюцца, магчыма, самымі галоўнымі ў нашым жыцці.
У той вечар, у Чацвер, сваім прыкладам Езус паказаў нам, як мы павінны адносіцца адзін да аднаго. Усе мы людзі, створаныя Богам. І кожны з нас такі ж самы чалавек, як і ўсе астатнія. Вядома, мы і адрозніваемся паміж сабой, але Бог праз Святое Пісанне хоча нам сказаць, што перад Ім мы ўсе роўныя, што любіць Ён усіх нас аднолькава.
Увечары адбылася св. Імша, а пасля яе пачалася Адарацыя. Яе праводзіла моладзь нашай парафіі. У чарговы раз у маладых людзей з’явілася магчымасць пабыць у цішыні разам з Богам, расказаць усе, што хвалюе, і падзякаваць за ўсё, што Ён даў.