У Пальмовую нядзелю, пачынаецца Вялікі тыдзень. Літyргія гэтага дня нагадвае пра ўрачысты ўезд Езуса Хрыста ў Ерузалем перад Яго ўкрыжаваннем.
Па волі благаслаўлёнага Папы Яна Паўла ІІ Пальмовая нядзеля з 1986 г. з’яўляецца таксама Сусветным днём моладзі.
У літургіі Пальмовай нядзелі заўважаюцца два моманты: радасная працэсія з пальмамі і чытанне Мукі Пана. Такім чынам Касцёл падкрэслівае, што трыумф Хрыста і Яго ахвяра непарыўна звязаны між сабой.
Удзел у літургіі гэтага дня азначае згоду на крыж, на менавіта такі, а не іншы, шлях жыцця, на цярпенне разам з Езусам.
Святкаванне Пальмовай нядзелі бярэ пачатак у Ерузалеме ў IV ст. У той час імнуліся як мага больш дакладна прадставіць сцэны з жыцця Езуса. Паступова працэсіі сталі больш драматызаванымі, напрыклад, біскуп, які прадстаўляў Хрыста, уязджаў у горад на восліку.
Звычай асвячэння пальмовых галін з’явіўся ў Касцёле ў ХІ ст. У нашай краіне іх замяняюць вербы. Пасля асвячэння іх утыкаюць за крыжы і абразы, каб сцерагчы дом ад няшчасцяў і мець Божае благаслаўленне. Раней галінкі ўтыкаліся таксама ў полі, каб Бог сцярог пасевы ад граду, сушы, вялікіх дажджоў.
(JM) http://catholic.by/