08.02.2025

У Адвэнце Каталіцкі Касцёл нагадвае вернікам аб патрэбе добрых пастановаў. Навошта нам гэта патрэбна?

Аналізуючы сваё жыццё, многія могуць заўважыць цікавую рэч: да чагосці злога, дрэннага чалавек хутка прывыкае, а добрае даецца з вялікімі намаганнямі. Стаць горшым і дэградаваць заўсёды атрымоўваецца нашмат лягчэй, чым стаць лепшым і дасканалейшым. Дабро заўсёды патрабуе ад нас больш намаганняў, часу, сілаў, увагі, сродкаў. Яно высока ацэньваецца Богам.

Калі мы збіраемся наведаць родных і сяброў з нагоды юбілею або дня нараджэння, то стараемся прыйсці не з пустымі рукамі, а падрыхтаваць падарунак. Каб падрыхтаваць, адпаведны і добры дар нам патрэбны час, для таго каб разважыць, пашукаць, прыцаніцца ….

Адвэнт – час падрыхтоўкі да дня нараджэння Сына Божага, нашага Збаўцы. Ён падараваў нам сваё жыццё, дзеля нашага збаўлення і нашым адказам удзячнасці на так вялікі дар, з’яўляюцца добрыя пастановы Адвэнту, якія павінны рэалізоўвацца ў паўсядзённасці. Выкананне адвэнтовых пастановаў павінна зрабіць нас хоць бы крышку лепшымі, дабрэйшымі, бліжэйшымі да Стварыцеля. Толькі тады Божае Нараджэнне стане для нас сапраўды радасным святам і будзе дасканалым падарункам для людзей і Бога.

Просім сёння Духа Святога, каб Ён асвяціў наш розум і дапамог нам у выбары і выкананні адпаведнай адвэнтовай пастановы.

кс. д-р Юрый Павайба

Выява з ethnomuseum.pl

Пакінуць адказ