Айцы Піяры адзначылі Дзень Заступніцтва св. Юзафа Каласанса

3

27 лістапада, у школах і катэхетычных класах у якіх навучаюць айцы піяры, адзначаецца свята Заступніцтва св. Юзэфа Каласанса (т. зв. Patrocinium). З гэтай нагоды вучні са Шчучына, якія наведваюць урокі рэлігіі падрахтавалі свой матэрыял пра айцоў піяраў.

Піяр. Цікава, што на гэтае слова нам выдасць вікіпедыя?

Вось мы можам убачыць, што гэта слова мае 2 значэнні: піяр як рэклама або раскрутка і піяры як каталіцкі манаскі ордэн для навучання моладзі. Дык вось, гэты артыкул прысвечаны якраз гэтаму самаму ордэну, бо я, як чалавек, у чыёй парафіі працуюць піяры, хацела б трошкі пра іх расказаць. Але давайце крыху гісторыі? Поўная назва ордэна — Ордэн Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў. А заснавальнікам гэтага ордэна з’яўляецца святы Юзаф Каласанс. І вось, як гэта адбылося …

Юзаф Каласанс нарадзіўся ў 1557 годзе ў Іспаніі, у мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль, у Каралеўстве Арагон. І дзе толькі ён не навучаўся: і ў калегіі ў Эстадзіла, і ва ўніверсітэце ў Лерыда, ў Валенсіі і Алькала-дэ-Генарэс. I вось за гэты час Юзаф пачуў у сабе Божы заклік да святарства і адказаў на гэтае запрашэнне — «ТАК» …

Пасля абароны доктарскай дысертацыі па тэалогіі ў 1592 г. Юзаф Каласанс накіраваўся ў Рым, каб атрымаць касцёльны бенефіцый. Але вандруючы па бедным гарадскім раёне за Тыбрам, Каласанс сутыкнуўся з дзецьмі, якія не мелі магчымасці вучыцца і лічыліся адкідамі грамадства. І ўжо ў 1597 г. узнікла першая ў Еўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для ўсіх, для дзяцей розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў і культур. Так і з’явіліся ў свеце піяры.

 

Але давайце ўсё ж такі разбярэмся: хто такія гэтыя піяры, што яны робяць і чым адрозніваюцца ад іншых манахаў?

Такім чынам, Піяры – гэта законная супольнасць святароў і братоў, якія жывуць парадамі Божага Слова і прысвячаюць усё сваё жыццё на служэнне дзецям і моладзі.

А тое, што адрознівае іх ад іншых законнікаў — гэта яшчэ адзін манаскi шлюб: акрамя традыцыйных шлюбаў чыстасці, убоства і паслухмянасці, яны маюць яшчэ адзін, свой, непаўторны, які кажа пра клопат выхавання дзяцей і моладзі.

А яшчэ пытанне, як жа дзеці трапляюць да гэтых самых «дзядзечак» — піяраў? Не ходзяць жа яны і не збіраюць дзяцей па кватэрах?

Не. Усё пачынаецца, калі бацькі прыводзяць цябе на ўрокі рэлігіі. Спачатку ты рыхтуешся да сваёй Першай Споведзi і Першай Камунii. Потым да Сакрамэнту Канфiрмацыi, а затым ты ўжо размаўляеш на больш дарослыя тэмы, звязаныя з будучыняй, з тваім жыццём і робіш з гэтага для сябе высновы. А што ёсць акрамя лекцый рэлігіі? Ооо, гэта розныя рэкалекцыі, сустрэчы для моладзі, для студэнтаў, для хлопцаў. Гэта пілігрымкі, парафіяды, дні моладзі, канiкулы з Богам. Гэта розная дзейнасць: сцэнкі, выступленні, малюнкi, дзіцячыя вырабы. Гэта шчыры кантакт з намі — яшчэ малымі ўзростам, але, дзякуючы Айцам Пiярам, ўжо вялiкiмi ў сэрцы людзьмі!

Зараз такія незвычайныя святары працуюць ва ўсім свеце, у розных краінах і гарадах, і ў нас на Беларусі таксама, а менавiта у Лідзе, Чавусах і ў Шчучыне!! І я з упэўненасцю магу сказаць, што манахі гэтага ордэна аказваюць вялікі ўплыў на духоўнае выхаванне дзяцей і моладзі!

Анастасія Ясюкевіч

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews