Сустрэча піярскай моладзі ў Шчучыне: адкрыць забытыя цікавыя рэчы духоўнага жыцця

smp 2013 (100)

28–30 кастрычніка, падчас восеньскіх канікул, у Шчучыне прайшла сустрэча моладзі з піярскіх парафій Беларусі — Шчучына, Ліды, Чавусаў і Магілёва. Мэтай сустрэчы было найперш з’яднанне гэтых маладых вернікаў, а таксама пазнанне і адкрыццё разнастайных цікавых рэчаў у штодзённым рэлігійным жыцці, якія часам застаюцца забытымі.

Адным з такіх важных элементаў хрысціянскага жыцця з’яўляецца слова «Езус», якое вернікі прамаўляюць часам несвядома, і менавіта гэтае слова стала тэмай сёлетніх рэкалекцый для піярскай моладзі. Паглыбіць разуменне таго, кім з’яўляецца Езус у жыцці хрысціян, дапамагалі айцы Гжэгаж Ксёнжэк SP i Вітальд Пяцечыц SP. На працягу трох дзён моладзь слухала і спрабавала ўсвядоміць, кім сапраўды з’яўляецца Сын Божы, не як гістарычная постаць, а як Той, хто хоча быць важным і асаблівым у жыцці кожнага чалавека.

Як пазнаць Хрыста і стаць Яго сябрам? На гэтае пытанне, зададзенае ўдзельнікам, дапамагалі адказаць дзве постаці Старога Запавету: Абрагам і Майсей, якія дзякуючы сваёй веры і даверу сталі яскравымі прыкладамі для сучаснага чалавека.

Кожны дзень рэкалекцый адбывалася супольная Эўхарыстыя. Асаблівае месца мела адарацыя, якую рыхтавала і праводзіла піярская моладзь і якая сведчыла, што менавіта ў Найсвяцейшым Сакрамэнце можна спаткаць жывога Хрыста.

У праграме сустрэчы былі таксама спартыўныя гульні, забавы і танцы.

А. Віталій Слука SP, AG

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews