Рэкалекцыі (лац. recolligo, -ere – зноў збіраць). Іншая назва – духоўныя практыкаванні. Некалькі дзён, асабліва прысвечаных Богу, падчас якіх удзельнікі рэкалекцый прабываюць у малітве, разважаюць над сваёю вераю, адносінамі з Богам і бліжнімі ды іншымі аспектамі рэлігійнага жыцця. Дапамогаю ў такіх разважаннях з’яўляецца навучанне, якое выкладаецца ў форме лекцый.
Мэта рэкалекцый – паглыбленне ўнутранага кантакту з Богам і аднаўленне духоўнага жыцця. Яны завяршаюцца споведдзю і прыняццем Камуніі. Рэкалекцыі бываюць адкрытыя (для ўсіх ахвотных) і закрытыя (у кляштарах і спецыяльных рэкалекцыйных цэнтрах, калі ўдзельнікі цалкам пакідаюць свае штодзённыя заняткі і ў маўчанні засяроджваюцца над малітваю і разважаннем). У перыяд Адвэнту і Вялікага посту Касцёл заахвочвае ўсіх вернікаў прыняць удзел, прынамсі, у адкрытых рэкалекцыях.
Напэўна, таму сёння існуе звычай парафіяльных рэкалекцый,
злучаных з навукай і магчымасцю прыступіць
да сакрамэнту пакаяння.
Таму нездарма Касцёл у Велікодны перыяд асабліва пабуджае вернікаў прыступаць да споведзі, нанова адкрываць сэнс гэтага сакрамэнту і чэрпаць з яго сілы. Тым больш мы ведаем, што касцёльныя запаведзі прама гаворыць аб абавязку кожнага католіка, другая – “прынамсі раз у год спавядацца” і трэцяя – “прынамсі раз у год, у Велікодны перыяд, прымаць Святую Камунію” (пар. ККК). Гэтая споведзь з’яўляецца неабходнай умовай, каб святкаваць Вялікдзень у прымірэнні з Богам, сабой і бліжнім. Гэта духоўная падрыхтоўка да ўваскрасення Хрыста.
Споведзь – гэта найбольш распаўсюджаная назва сакрамэнту пакаяння, які таксама называецца сакрамэнтам паяднання. У гэтым сакрамэнце пэнітэнт праз пасрэдніцтва святара (спаведніка) атрымлівае ад Бога адпушчэнне грахоў, якія шчыра і ў таямніцы вызнае перад святаром. Менавіта вызнанне грахоў і называецца ў сціслым значэнні «споведдзю».
«Катэхізіс Каталіцкага Касцёла» называе яго таксама:
-сакрамэнтам навяртання, бо ў ім здзяйсняецца заклік Хрыста да навяртання, вяртання да Айца, ад якога чалавек аддаліўся праз грэх;
-сакрамэнтам пакаяння, бо ён паказвае асабісты і касцёльны шлях да навяртання, пакаяння і задаволення з боку хрысціяніна, які ўчыніў грэх;
-сакрамэнтам споведзі, бо прызнанне ў грахах – споведзь – з’яўляецца яго істотным элементам, а ў болын глыбокім сэнсе ў ім прызнаецца і праслаўляецца святасць Бога і Яго міласэрнасць да грэшных людзей;
-сакрамэнтам прабачэння, бо праз разграшэнне святара Бог дае таму, хто каецца, прабачэнне і супакой;
– сакрамэнтам паяднання, паколькі дае грэшніку Божую любоў, якая прыносіць паяднанне.
Канфесіянал (ад лац. confessio – споведзь) – закрытае з усіх бакоў крэсла з дзверцамі, прызначанае для святара, які здзяйсняе сакрамэнт пакаяння. Да бакавых сценак канфесіянала далучаюцца спецыяльныя прыступкі-кленчнікі для вернікаў, якія спавядаюцца праз закрытыя кратамі акенцы.
Канфесіянал ўзнік у XVI ст. у практыцы Караля Барэмэўша, а малітва аб адпушчэнні грахоў была ўведзена ў XII ст. святым Тамашам. Адгэтуль і паходзіць старадаўняя лацінская малітва “Ego te absolvo...”.
Нe саромся вызнаваць грахі свае. Тым жа, якія ўсё яшчэ баяцца споведзі, няхай дададуць адвагі хаця б наступныя радкі з Бібліі: “Не марудзь навярнуцца да Пана, і не адкладай з дня на дзень” (пар. Сір 5, 8); “Таго, хто да мяне прыходзіць, не праганю прэч” (пар. Ян 6, 37); “Не саромся вызнаваць грахі твае” (пар. Сір 4, 30).