03.12.2024

1. Запальванне свечкі.

На вігілійным стале, засланым абрусам, пад якім знаходзіцца сена, разам з ежай кладуць талерку з аплаткай. Бацька ці маці запальвае свечку, гаворачы пры гэтым: «Святло Хрыста».
Усе адказваюць: «Дзякуй Богу».
Уводзіны:
«Дзве тысячы гадоў таму назад на свет прыйшоў Езус Хрыстус, Сын Божы, які нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні як безабароннае Дзіця. Аб гэтым нам гаворыць Евангелле. Стоячы, давайце паслухаем з верай слоў Евангелля, якое апіс-вае гэтую самую радасную для ўсіх людзей падзею Нараджэння Божага Сына, Eзуса Хрыста.

2.Чытанне Евангелля

Евангелля паводле св. Лукі:
«У тыя часы выйшла распараджэнне імператара Аўгуста, каб быў праведзены перапіс насельніцтва па ўсёй дзяржаве. Першы перапіс адбыўся тады, калі Квірыній ўладарыў у Сірыі. Каб названая падзея адбылася, патрэбна было, каб усе прыбылі туды, дзе хто нарадзіўся. Таму і Юзаф пайшоў з Галілеі з горада Назарэта ў Юдзею, ў Бэтлеем, горад Давіда, бо паходзіў з дому і роду Давіда, каб трапіць на перапіс разам з Марыяй, якая была цяжарная. Калі яны туды прыбылі, то надышоў для Марыі час родаў. Яна нарадзіла свайго першага Сына, спавіла Дзіця і палажыла ў яслі, таму што не было для іх месца ў заезным доме. У гэтай самай ваколіцы ноччу пастухі пасвілі свой статак. Раптам анёл стаў ля іх і хвала Пана адусюль іх асвяціла, так што яны спалохаліся. Але анёл прамовіў да іх: «Не бойцеся! Гэта апавяшчаю вам вялікую радасць, якая датычыць усяго народу: сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся вам Збаўца, які з’яўляецца Месіяй. А гэта будзе знакам для вас: знойдзеце Немаўлятка, спавітае і пакладзенае ў яслях». І раптам далучылася да анёла мноства нябесных хораў, якія выхвалялі Бога наступнымі словамі: «Хвала Богу на вышынях, а на зямлі супакой людзям добрай волі».(Λκ 2, 1- 14)

Пасля, спяваем калядную песню.

3. Супольныя просьбы.

Xто-небудзь з сям’і гаворыць ніжэй пададзеныя просьбы.
Божа, наш Айцец, у гэтую ўрачыстую хвіліну выхваляем Цябе і дзякуем за ноч, калі Ты паслаў нам свайго Сына, Eзуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцу. Просім цябе:
– Дай нашай сям’і дар любові, згоды і супакою.
Выслухай нас, Пане.
– У гэтую святую ноч адары супакоем нашых суседзяў, сяброў і знаёмых.
Выслухай нас, Пане.
– Суцеш і ўмацуй Добрай Навінай усіх пакінутых, самотных, хворых, бедных і галодных на ўсім свеце Выслухай нас, Пане.
– Адары шчасцем і святлом Тваёй хвалы нашых памерлых блізкіх і знаёмых (можна назваць імёны).
Выслухай нас, Пане.
Усе гавораць: «Ойча наш…»
Xто-небудзь з сям’і:
«Пане Езу Хрыста, які сённяшняй ноччу прыйшоў на свет, нарадзіўшыся ад Найсвятой Марыі ў бэтлеемскай гроце, Ты прынёс супакой усяму свету і асвяціў сямейнае жыццё, застанься ў нашай сям’і і злучы яе Тваёй любоўю, а слова Тваё з усім багаццем няхай будзе ў нас, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн».

4. Дзелімся аплаткаю.

Галава сям’і пачынае дзяліцца аплаткаю наступнымі ці іншымі словамі:
«Цяпер у духу любові і прабачэння давайце падзелімся аплаткаю – хлебам любові. Раскрываючы нашыя сэрцы на ўзаемную любоў, мы гэтым самым адкрываем іх на прыход Пана. Няхай усе, хто жыве ў нашай сям’і і адведвае наш дом, будуць заўсёды мець добрыя намеры і будуць шчаслівыя, здаровыя, сардэчныя, узрадаваныя. Няхай Пан заўсёды будзе з намі ў нашым доме і няхай зробіць так, каб мы на гэтай вячэры сталі ўдзельнікамі Яго радасці ў Божым каралеўстве».
Дзелячыся аплаткаю, мы прабачаем адзін аднаму крыўды і складаем пажаданні.

5. Вячэра.

Перад пасілкам самы старэйшы ў сям’і гаворыць малітву:
– Паблагаславі Пане Божа нас, гэты пасілак і тых, якія яго падрыхтавалі, у памяць Нараджэння Твайго адзінароднага Сына, а Пана нашага Eзуса Хрыста. Амэн.
У час пасілку ўстрымліваемся ад мясных страў. У каталіцкай сям’і на вігілійным стале алкаголь абсалютна выключаны! Пасля вячэры дзеці могуць занесці фігурку маленькага Eзуса да дамашняй батлейкі ці пад ёлку, дзе знаходзяцца падарункі ад св. Мікалая. Спяваючы ў радасным настроі калядныя песні, мы чакаем на cвятую Імшу.

Пакінуць адказ