Раратняя святая Імша

Новы літургічны год у Каталіцкім Касцёле распачынаецца з Адвэнту — часу радаснага чакання Нараджэння Пана. Гэты перыяд насычаны багатай сімволікай і традыцыямі. Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Звычайна гэта літургія цэлебруецца на світанні. З вялікай ахвотай у раратніх святых Імшах прымаюць удзел дзеці, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу…» ва ўсім касцёле запальваецца святло. Назва rorate паходзіць ад першага слова лацінскай песні «Rorate coeli» («Свет наш абмыйце, чыстыя росы…»). Удзел дзяцей у раратняй святой Імшы таксама звязаны з разнастайнымі добрымі пастановамі, якія яны бяруць на перыяд Адвэнту. Гэтыя пастановы з’яўляюцца выражэннем іх унутранай падтрыхтоўкі да Божага Нараджэння і іх жадання перамяніць сваё жыццё.
З Раратамі таксама звязаны звычай запальвання свечкі, што сімвалізуе Марыю, якая як Зорка ранішняя прадвяшчае прыйсце поўнага Святла — Хрыста. Акрамя гэтага, у касцёле размяшчаецца вянок з чатырма свечкамі, якія абазначаюць чатыры нядзелі Адвэнту. Свечкі і лампады, якія так часта выкарыстоўваюцца ў адвэнтавай літургіі, сімвалізуюць чуванне, а таксама радасць ад хуткага прыйсця Хрыста.
У перыяд Адвэнту святар цэлебруе святыя Імшы ў літургічным адзенні фіялетавага колеру. Выключэннем з’яўляецца III Нядзеля Адвэнту, калі літургічнае адзенне мае ружовы колер. У літургіі Касцёла гэта нядзеля мае сваю назву — Gaudete (лац. «радуйцеся»).
Упершыню пра Адвэнт як час падрыхтоўкі да Нараджэння Пана ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах IV ст. Гэты перыяд дзеліцца на дзве часткі: дні да 16 снежня з’яўляюцца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. З 17 да 24 снежня працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстасці Нараджэння Пана, якая святкуецца 25 снежня.

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews