23.05.2025

Рараты. Гэта Святыя Імшы падчас адвэнту на чэсць Маці Божай, якія дазваляецца праводзіць у любы дзень адвэнту, акрамя нядзелі і ўрачыстасцей, якія прыпадаюць на гэты перыяд. Іх назва паходзіць ад першых слоў лац. гімна „Rorate coeli desuper”(Спусціце, нябёсы, нам расу), які спяваўся на пачатку такіх Імшаў.
Чым для высахлай зямлі раса, Тым Хрыстос для тых, хто яго чакае. Рараты –  гэта падзяка Найсвяцейшай Панне Марыі за яе згоду стаць Маці Збаўцы. Раратняя Імша з’яўляецца знакам асаблівай прысутнасці Марыі падчас адвэнту, бо менавіта яна чакала Збаўцу так, як ніхто іншы. Перажывала яна гэты час чакання як дачка Ізраіля, як Маці Езуса і як Маці Касцёла.

Традыцыйна рараты адбываюцца перад усходам сонца. Рараты асаблівым чынам прыпамінаюць нам Марыю як тую, што падобна ранішняй зорцы, якая папярэджвае ўсход сонца,так і  Яна папярэдзіла прыход Езуса Хрыста—нашага Сонца і Святла ўсяго свету. Цяпер разам з усім Касцёлам чакае Яна на паўторнае прыйсце Хрыста ў Хвале, дапамагаючы веруючым у гэтым чаканні. На Беларусь Раратняя Імша прыйшла з Польшчы, дзе была вядома ўжо ў XIIIст. Падчас гэтай Імшы запальваюць дадатковую свечку, якая называецца раратняй.
Раратняя свечка—раратка.Яна ёсць сімвалам апякункі адвэнтавага чакання—Марыі. Марыя першая прыняла Езуса, прыняла сэрцам і вынасіла пад сэрцам. З яе Адвечнае Слова Божае ўзяло цела і пасялілася сярод нас, стаўшы да нас падобным, каб і мы ўпадобіліся Яму. Марыя з’яўляецца не толькі апякункай чакання, але перш за ўсё прыкладам чакання і ўпадабнення Богу. Раратка—сімвал Марыі, якая сярод змроку нясе свету Хрыста—праўдзівае Святло. За звычай, гэта свечка белага або светла-жоўтага колеру, перавязаная белай стужкай і ўпрыгожаная зеленню. У касцёлах раратку ставяць у сярэдзіну адвэнтавага вянка, або пры алтары. Белая стужка на раратняй свечцы нагадвае праўду аб чысціні і Беззаганым Зачацці Марыі, а зелень—колер надзеі—ёсць знакам, што Марыя прынесла свету Надзею ўсіх часоў і пакаленняў.
Адвэнтавы вянок.Гэта нямецкі, хатні звычай. На зялёным вянку ўмацоўвалі 4 свечкі на знак чатырох тыдняў адвэнту і кожную нядзелю ўся сям’я збіралася вакол вянка на супольную малітву, запальваючы чарговыя свечкі, якія азначаюць чуванне і падрыхтаванасць на прыход Хрыста. Першы такі вянок зрабіў у 1839г. пратэстанцкі пастыр і выхавацель дзіцячага прыюта для сірот у Гамбургу Іохан Хінрых Віхэрн. Дзеці часта пыталіся яго: ,,Калі ўрэшце прыйдзе Божае Нараджэнне?” Тады ён вырашыў змайстраваць з кола вянок са свечкамі, якія падобна календару адлічваў бы дні і тыдні да Свята Божага Нараджэння. Маленькія чырвоныя свечкі (было іх ад 19 да 24 у залежнасці ад таго, калі ў гэты год пачынаўся адвэнт) азначалі дні, а вялікія белыя (іх было заўсёды 4) азначалі нядзелі. Разам з выхаванкамі ў першую нядзелю адвэнту пастыр запаліў першую свечку, каб стварыць малітоўны настрой. Потым кожны дзень, аж да Вігіліі, дзеці запальвалі малыя свечкі, збіраючыся на супольную малітву і спеў. Так яны маглі лічыць і ведаць, колькі яшчэ дзён засталося. З часам колькасць свечак скарацілі да чатырох, а звычай адвэнтавага вянка хутка распаўсюджваўся па многіх краінах і прыняў значэнне не толькі хатняй дэкарацыі, але і літургічнай сімволікі ў касцёлах. У  Польшчы з’явіўся пасля Першай Сусветнай Вайны, а з Польшчы прыйшоў і  на Беларусь.
Сімволіка адвэнтавага вянка вельмі багатая. Кола вянка прыпамінае нам аб вечным быцці Бога, Які сапраўды не мае ні пачатку ні канца, а таксама аб бязмежнай Яго міласці да чалавека.
•Вянок паводле старажытнай сімволікі ёсць знакам перамогі. Лаўравы вянок ускладалі на галаву дастойнага пераможцы. У літургіі адвэнту вянок прысвечаны Езусу Хрысту—Пераможцы над смерцю і грахом.
•Вянком нявеста ўпрыгожвае сваю галаву на знак любові да свайго будучага мужа, адданасці і вернасці яму. Касцёл таксама заручаны са сваім Жаніхом—з Хрыстом, які сам выбраў свой народ і аддаў Сябе яму і за яго, чакаючы ад яго таксама адданасці і вернасці. Ідэяй шлюбнага з’яднання прасякнуты ўвесь Стары Запавет, дзе да заручын з Богам быў пакліканы Ізраіль—народ абраны Самім Богам. Гэтае выбранне было прыгатаваннем да шлюбнага з’яднання Новага Запавету, дзе абранай нявестай стаўся Касцёл—народ адкуплены і збаўлены Крывёю Хрыста. Як Стары, так і Новы Запавет моцна падкрэсліваюць каштоўнасць шлюбнай вернасці і да яе заклікаюць. Аб гэтым прыпамінае нам адвэнтавы вянок—знак сакральнага паяднання Бога з чалавекам.
•Вянок таксама ўскладаюць на галаву дзяўчынкі ў дзень Першай Святой камуніі на знак з’яднання з Езусам і вернасці Богу ў сваім хрысціянскім жыцці.
•Вянок з калоссяў прыпамінае аб цэласнасці цыкла палявых прац (сяўба, усходы, дазраванне і ўборка). З’яўляецца пэўным сімвалам споўненага абавязку, выкананай працы і мэты. Праз адвэнтавы вянок Касцёл таксама прыпамінае пра канчатковую мэту чалавека і пра патрэбу працы над сваім збаўленнем.
•Вянок таксама кладзецца на могілкі, як сімвал мінулага жыцця і вечнасці. Адвэнтавы вянок кіруе нашыя думкі да жыцця вечнага, узносіць наш позірк да вечных і неўміручых каштоўнасцей, прыпамінаючы, што канец зямнога жыцця не з’яўляецца крэсам існавання чалавека — жыццё працягваецца ў вечнасці, якой трэба з надзеяй спадзявацца.  Адвэнтавы вянок гаворыць нам аб тым, што прыйшоў час паяднання Бога з чалавекам. Бог у Езусе Хрысце стаўся адным з нас—неба і зямля з’ядналіся, справы Боскія спалучыліся са справамі людскімі.Зялёны колер вянка расказвае нам аб надзеі, якую мы маем у Богу, надзею новага жыцця, адраджэння, вечнага існавання з Богам. Свечкі носяць сімволіку Боскага Святла, якое Бог праліў на наш свет з Нараджэннем Свайго Сына ў людскай натуры. Чатыры свечкі адлюстроўваюць перыяд чакання—4 тыдні адвэнта, якія ў сваю чаргу сімвалізіруюць чатыры стагоддзя чакання Мессіі з часоў прарока Малахіі да Нараджэння Хрыста. Лічба „4”,між іншым, узгадвае пра 4 бакі свету (паўсюднасць збаўлення), 4 Евангелістаў і 4 пары года (час належыць да Бога). Колер свечак залежыць ад мясцовай традыцыі, але часцей за ўсё гэта—3 фіялетавыя, ці перавязаныя фіялетавымі стужкамі і адна ружовая, або з ружовай стужкай. Кожную Нядзелю запальваюць чарговую свечку. Свечка ружовага колеру запальваецца ў 3 Нядзелю Адвэнту, якая называецца „Gaudete” — Радуйцеся! Яна ёсць знакам, што ўжо набліжаецца Божае Нараджэнне. Агонь свечак„Я Святло свету, хто ідзе за Мной, не ходзіць у поцемках, але будзе мець святло жыцця”(Ян 8, 12). Езус нясе свету святло, якое асвятляе жыццё людзей і ўносіць у яго  надзею, радасць і сэнс. Працэс запальвання свечак на працягу чатырох тыдняў праз сімволіку адкрывае нам разнастайныя аспекты нашага чакання. Вобразна паказвае адступленне страха, цемры і безнадзейнасці перад Святлом  Збаўцы, расстварэнне цені граху па меры таго, як яснасць уліваецца ў гэты свет. Полымя кожнай новай свечкі нагадвае вернікам, што ўжо цяпер адбываецца нешта важнае, але яшчэ большае адбудзецца. Святло, якое асвяціла людскасць, якім ёсць Хрыстос Пан, відавочна, як святло запаленых свечак. Яны, дарэчы, выказваюць нашу  радасць з таго, што Божае абяцанне споўнілася і Бог наведаў свой народ, які ад вякоў абраў і прызначыў для збаўлення вечнага і з’яднання з Сабой, дакананае ў Таямніцы Богаўцелаўлення. стаецца вельмі важным сімвалам гэтага перыяда—сімвалам Езуса Хрыста. Бо як агонь сагравае цела, так Хрыстос сваёй Любоўю сагравае нашыя азяблыя сэрцы. Як агонь свечкі разганяе цемру, так Хрыстос асвятляе сцежкі нашага жыцця і вызваляе з цемры зла.
Кожная свечка адвэнтавага вянка мае сваю спецыфічную сімволіку:
Першая свечка традыцыйна ёсць выразам надзеі, або нават прароцтва ў некаторых традыцыях. Яна прыцягвае нашу ўвагу да чакання Мессіі, якое, быццам каштоўная, залатая ніць прашывае ўсю Ветхазаветную гісторыю. Калі Божы народ пакутаваў пад панаваннем жорсткіх валадароў, калі яго збівалі з праведнага шляху фальшывыя прарокі, калі яго прыводзілі ў стан духоўнай абыякавасці крывадушныя рэлігійныя кіраўнікі, тады ў людзей узнікла моцнае жаданне, каб Бог узвёў на трон праўлення Ізраілям новага Цара, які паказаў бы ўсім, як стаць сапраўды  Божым народам, які б навучыў гэты народ хадзіць сцежкамі Божых наказаў. Людзі прагнулі, каб як найхутчэй вярнулася Божая прысутнасць у іх жыццё. І гэтыя спадзяванні не аказаліся дарэмнымі, Бог явіў сябе ў Хрысце. Але свет яшчэ не збаўлены да канца. Ведаем, што стварэнне аж да сённяшняга дня енчыць і стогне ў болях. І не толькі яно, але і мы самі, маючы першыя дары Духа, і мы таксама ўздыхаем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення нашага цела. Мы спадзяёмся на тое, чаго яшчэ не бачым і таму з цярплівасцю чакаем (пар. Рым 8, 22—23. 25). Сёння ўвесь свет чакае новага Боскага дзеяння ў гісторыі людскасці, новага Адвэнту, калі Езус зноў явіць Сябе свету. І гэта будзе ўжо апошні Адвэнт.
Другая свечка ў адвэнтавым вянку—Віфлеемская Свечка. Яна ўяўляе прышэсце на зямлю Езуса—Сына Божага, народжанага з Дзевы Марыі. Гэтая свечка з’яўляецца сімвалам прыгатавання да спаткання Дзіцяці Езуса.
Трэцяя свечка, якую запальваюць у трэцюю Нядзелю Адвэнта („Gaudete”—„Узрадуйцеся!)”—ёсць Свечкай пастухоў. Пастухам явіўся Навышэйшы Пастыр усіх народаў, які вядзе іх на жызныя  пазбішчы(пар. Пс 23). Яна сімвалізіруе РАДАСЦЬ з Адвэнту Хрыста. Азначае прышэсце Збаўцы ў сэрца кожнага праз веру ў Яго Святое Слова. Як пастухі ўбачылі Мессію на ўласныя вочы і паверылі, так і мы бачым Яго вачыма веры. Сімволіка гэтай свечкі з’яўляецца заклікам для нас, каб мы, па прыкладу пастухоў, якія апавясцілі Добрую Навіну ўсім, каго спаткалі на сваім шляху, дзяліліся з іншымі верай у Хрыста.
Чацвёртая свечка, апошняя—Анельская. Азначае яна апошняе прышэсце Збаўцы ў Хвале з усімі анёламі і святымі, каб судзіць свет з яго ўчынкаў і забраць з сабою ў сваё Вечнае Валадарства тых, хто ў зямным жыцці аказаў Яму вернасць.
Адвэнтавыя ліхтары. Яны з’яўляюцца яшчэ адным праяўленнем адвэнтавай літургіі святла. Робяцца яны найчасцей з картону. У сценках ліхтара робяцца прарэзы па форме крыжа, або вокнаў, падобных да вітражоў з рэлігійнымі сімваламі ці біблійнымі сцэнамі, якія з унутранай стараны могуць быць падклеены каляровай паперай. У ліхтар ставіцца свечка, якую запальваюць на пачатку раратняй Імшы. Ідучы на рараты, дзеці бяруць з сабой ліхтары, каб асвяціць змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае нам аб неабходнасці збірання на працягу ўсяго адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу дарогу да нашага сэрца.
Колеры адвэнту.Галоўным колерам адвэнтавай ліургіі з’яўляецца фіялетавы, як каралеўскі колер, абвяшчаючы прыход Караля. Часам замест фіялетавага выкарыстоўваецца ярка-сіні, які таксама адносіцца да каралеўскіх, а акрамя таго, сімвалізіруе начное неба, або чаканне аб’яўлення Караля. Ярка-сіні колер яшчэ сімвалізіруе ваду, як пачатак стварэння з першай главы кнігі Быцця. Да Адвэнту гэта мае сваё дачыненне таму, што Богаўцелаўленне, якое мела збаўчае значэнне, ёсць „новым стварэннем”, як гэта акрэсліваюць каталіцкія тэолагі. Але фіялетавы колер мае яшчэ значэнне пакуты і смутку. Падкрэслівае ён сувязь нараджэння Езуса з Яго смерцю. Нараджэнне Езуса і Яго смерць не можна аддзяліць, таму што мэта Богаўцелаўлення перш за ўсё – Адкупленне. Слова сталася целам і пасялілася сярод нас, каб праз жыццё, навучанне, муку, смерць і ўваскрасенне Езуса аб’явіць усяму свету Бога і Яго Міласць да чалавека. Фіялетавы колер, як колер смутку, прыпамінае тыя часы, калі людскасць сумавала па доўгачаканым Збаўцы і выглядала Яго з’яўлення. Сёння фіялетавы колер заклікае нас да пакуты за грахі і да духоўнай паправы. На падцвярджэнне гэтага і для стварэння настрою пакуты і чакання святар апранае на Святую Літургію арнат фіялетавага колеру.
Акрамя фіялетавага, нельга не заўважыць зялёнага, колеру надзеі, аб чым была ўжо гаворка пры разважанні над сімволікай адвэнтавага вянка. Хоць гэты колер не з’яўляецца дамініруючым, так як фіялетавы, усё  ж займае важнае месца сярод адвэнтавай сімволікі. Ружовы яшчэ радзей сустракаецца, бо яго месца ажно ў 3 Нядзелі Адвэнту—„Gaudete!”. Стужкай ружовага колеру перавязана свечка, якую запальваюць у гэтую Нядзелю. Ружовы колер выражае радасць.
Адвэнтавы каляндар. З’явіўся ён зусім нядаўна, напрыканцы мінулага стагоддзя. Яго прыдумала немка, фрау Ланг, для свайго сына, каб зрабіць чаканне Божага Нараджэння больш цікавейшым. Такі каляндар дапамагае лепш падрыхтавацца да спаткання з Езусам. Можа ён выглядаць па-рознаму, у залежнасці ад творчых помыслаў, але ў аснове такога календара ляжыць поле, падзеленае на клеткі: па адной клетцы на кожны дзень адвэнту. У адным з вуглоў клеткі пішацца дата, а свабоднае месца  пакідаецца для запісу сваіх пастановаў, намаганняў, добрых намераў, або адвэнтавых абяцанняў. Можна таксама гэтыя клеткі запоўніць цытатамі са Святога Пісання, разважанне над якімі дапаможа глыбей увайсці ў настрой адвэнтавага чакання і падрыхтавання, а перш за ўсё мацней усвядоміць праўду Збаўчага Богаўцелаўлення.
Лесвіца. Яна незвычайная, таму што ўяўляе зыход Бога з неба на зямлю. Лесвіца, якая лучыць неба і зямлю, справы Боскія са справамі людскімі. Ставіцца яна ў касцёле або катэхетычнам класе. Сходы як бы адлюстроўваюць дні адвэнту. На самым версе драбіны знаходзіцца Віфлеемская Зорка, унізе яслі з сенам, а на саміх сходах фігурка Дзіцяці Езуса, якая на працягу адвэнту зыходзіць па сходах ніжэй і ніжэй, каб 25 снежня—у дзень Божага Нараджэння—з’явіцца ў яслях. Падобна каляндару гэтая своеасаблівая драбіна дапамагае навочна адчуць прыбліжэнне радаснага Свята.
Вандруючая каплічка або фігурка Маці Божай. Гэты звычай практыкуецца ў некаторых парафіях. Заснаваны ён на прыняцці фігуркі Маці Божай з касцёла пасля раратаў на адзін дзень да той сям’і, чыё дзіця выцягнула шчаслівы лёс. Прынімаючы фігурку Маці Божай, уся сям’я ўдзельнічае пры ёй у хатняй літургіі, супольна молячыся, спяваючы адвэнтавыя песні, чытаючы Святое Пісанне. Такая форма перажывання адвэнту дае вельмі многа магчымасцей увядзення ў сям’ю духа малітвы і адвэнтавага настрою. Сям’я ў знаку фігуркі запрашае Марыю да свайго дому.
Супольная адвэнтавая малітва. Калісьці адвэнт стараліся перажыць не толькі па- сямейнаму, але і больш па- суседску. Суседзі збіраліся разам, каб супольна памаліцца на ружанцы, паспяваць адвэнтавыя і іншыя рэлігійныя песні, якія заклікалі людзей да жыцця, згоднага з Божым Наказам. Чыталі таксама Святое Пісанне, апісанні жыцця святых і кнігі, будуючыя веру.
Адвэнтавая споведзь. Вельмі важная практыка, бо прыняцце Бога да сэрца немажліва без паяднання з Ім праз сакрамэнт споведзі. Бог не можа прыйсці ў сэрца, у якім няма Яму месца. Спачатку чалавек павінен ачысціць яго ад усяго, што працівіцца Богу.
Добрыя ўчынкі. Сумленныя хрысціяне ведаюць, што перад Богам трэба стаць з добрымі ўчынкамі. Перш за ўсё таму, што робячы дабро іншым, мы становімся падобнымі да Хрыста, які прайшоў праз зямное жыццё, чыніў дабро ўсім і нёс любоў да людзей. Упадабненне Хрысту адкрывае ў нас Вобраз і Падабенства Бога, якія былі выціснуты на нашай натуры ад пачатку, а якія мы заціраем у сабе праз грэх. Па- другое, усё, што мы робім для бліжняга, рабім самому Хрысту. Бог прыняў людскую натуру і сёння таксама прыходзіць да нас праз іншага чалавека. І па- трэцяе, воляй Бога было і ёсць збавіць кожнага і ўсіх разам, г.зн. што збаўленне не з’яўляецца справай прыватнай, але супольнай і паўсюднай. Людзі не ідуць да неба па аднаму, але ў супольнасці збаўленых, таму, ідучы разам, павінны дапамагаць адзін аднаму. Крыніцай супольнага жыцця вечнага з’яўляецца Супольнасць Святой Троіцы.
Святы Мікалай. На пачатку адвэнта, 6 снежня, Касцёл згадвае св. Мікалая біскупа, які адзначаўся вялікай дабрынёй і ахвярнасцю да бедных, убогіх і патрабуючых. Таму ад даўніх часоў існуе звычай прыносіць у гэты дзень падарункі не толькі сваім блізкім, але перш за ўсё бедным, сіротам, патрабуючым. У гэты дзень харытатыўныя арганізацыі Касцёла асаблівым чынам стараюцца данесці цяпло і дабрыню да сэрц найбольш патрабуючых праз матэрыяльную дапамогу. Святы Мікалай з’яўляецца вельмі яскравым прыкладам і настаўнікам любові да бедных. Гэты звычай вучыць нас выходзіць з цеснага эгаізму і думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых.
Прыгатаванне каляднікаў. Многія падчас адвэнту рыхтуюць шопкі і зоркі для каледавання. Праводзяццца таксама рэпетыцыі калядных інсцэнізацый. Варта падтрымаць гэтыя прыгожыя звычаі.

Пакінуць адказ