Перыяд Адвэнту
У адпаведнасці з храналагічным падзелам, касцёльны год распачынае Адвэнт, г.зн. перыяд падрыхтоўкі да перажывання таямніцы Уцелаўлення Божага Сына. Ён пачынаецца ў нядзелю паміж 27 лістапада і 3 снежня і доўжыцца да 24 снежня, ахопліваючы чатыры тыдні. У мінулым Адвэнт у розных мясцовых Касцёлах меў розную працягласць. У некаторых законах уведзены 40-дзённы Адвэнт накшталт Вялікага посту. Да сённяшняга дня ў Касцёле св. Амброзія ў Мілане Адвэнт доўжыцца не чатыры, а шэсць тыдняў.
Гэты перыяд дзеліцца на дзве часткі: дні да 16 снежня з’яўляюцца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. З 17 да 24 снежня працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстасці Нараджэння Пана, якая святкуецца 25 снежня.
– Гісторыя Адвэнту –
Гісторыя пакінула нам нешматлікія звесткі, але вядома, што адвэнт фарміраваўся на аснове дзвюх традыцый: галліканскай і рымскай. Першая пад канец IV ст. надала адвэнту пакутны і аскетычны характар (пост, абстыненцыя, скупленне), аб чым успамінае Св. Хілярый (+367). Спачатку ў галліканскай літургіі адвэнт быў часам падрыхтавання на свята Эпіфаніі (Аб’яўленне Пана) і працягваўся тры тыдні. У V ст. гэты перыяд прадоўжылі да 40 дзён, па прыкладу Вялікага Посту, і распачынаўся ён 11 лістапада, у дзень успаміну св. Марціна з Турсу (Tours).
Рымская традыцыя з’яўляецца пазнейшай і сягае да VІ ст. У Рыме адвэнт меў значэнне літургічнага падрыхтавання да радаснага свята Божага Нараджэння, са спевам Аллелюя і Te Deum laudamus (Цябе, Божа, выхваляем), з адпаведным падборам чытанняў, літургічных формаў, без пакутных практык. Ад часоў Грыгорыя Вялікага(+604) адвэнт ахопліваў чатыры тыдні, як і засталося аж да нашых дзён.
Абедзве традыцыі злучыліся ў сярэднявеччы і ў выніку далі адвэнт з літургічнага боку—рымскі, а з аскетычнага—галліканскі (без ,,Хвала на вышынях…” і ,,Цябе, Божа, выхваляем”, з выкарыстаннем фіялетавага колеру ў літургіі). Гэты спосаб і форму прынялі і распаўсюджвалі бенедыктынскія і цыстэрскія кляштары. У XIIIст. гэтая форма была вядома ўжо ва ўсім Касцёле, да чаго прычыніліся новыя законы (рдэны), пераважна францішканскія.
– Значэнне Адвэнту –
Слова адвэнт паходзіць ад лац. слова adventus, што азначае надыход. Для старажытных рымлянаў тэрмін adventus азначаў афіцыйны візіт Цэзара, да якога трэба было, безумоўна, дакладна падрыхтавацца. У рэлігійным кантэксце гэты тэрмін азначае з’яўленне бажаства. Для хрысціян адвэнт азначае радасны час чакання на надыход Езуса і мае патроенае значэнне:
1. Перш за ўсё мы ўспамінаем чаканне першага, гістарычнага надыходу Езуса Хрыста—Сына Божага.
У гэтым успаміне мы далучаемся да ўсіх пакаленняў людзей, якія на працягу вякоў чакалі з’яўлення Мессіі. Яго запавядалі прарокі, Марыя чакала з вялікай радасцю, Ян Хрысціцель абвяшчаў Яго прыбліжэнне і апавясціў Яго прысутнасць сярод людзей. Хрыстос праз першае сваё прыйсце ў людскай натуры ажыццявіў адвечнае пастанаўленне Бога Айца, а нам адкрыў шлях да вечнага збаўлення праз цудоўнае паяднанне чалавека з Богам.
2. Адначасова падчас адвэнту Касцёл прыпамінае праўду аб паўторным надыходзе Езуса на зямлю, каб канчаткова зліквідаваць зло і ўчыніць Валадарства Дабрыні і Супакою. Чаканне на прыход Хрыста ёсць крыніцай радасці. Менавіта тады чалавек шчаслівы, калі нечага чакае, спадзяецца. Іменна тады чалавек усвядамляе сэнс свайго жыцця, калі мае надзею на спаўненне сваіх спадзяванняў. Чалавек, які нічога не чакае, ёсць чалавекам, пазбаўленым надзеі, ,,апранутым у вопратку” раўнадушша і абыякавасці да жыцця. Хочацца верыць, што такіх людзей вельмі мала, альбо, дай Божа, і зусім няма. Таму што чалавеку характэрна вера ў спаўненне сваіх жыццёвых мэтаў, імкненне да асягнення сваіх задум, сваіх прагненняў. З усіх тых зямных, эфемерных (дачэсных) мэтаў на першым плане рэпрэзентуецца канчатковая мэта існавання чалавека, якая вызначае сэнс яго жыцця і лёс пасля смерці. Адвэнт нагадвае нам, што ўсё наша жыццё з’яўляецца чаканнем, чаканнем Хрыста, Збаўлення, чаканнем спаўнення галоўнай надзеі, да якой усе зямныя імкненні і спадзяванні былі толькі падрыхтаваннем і сродкам.
3. І канешне, адвэнт накіроўвае нашы думкі да Святаў Божага Нараджэння, спрыяе прыгатаванню да святкавання Дня, у якім Бог, стаўшы чалавекам, прыйшоў да нас. Народ, які крочыў у цемры, убачыў Святло Вялікае і Нязгаснае. Святло разлілося над жыхарамі краіны змроку. Памножылася радасць, павялічылася весялосць. Узрадаваліся перад Богам, як радуюцца падчас жніва і весяляцца, дзелячы трафеі. Бо зламаў Бог цяжкае ярмо і біч прыгнятальнікаў. Дзіцё нарадзілася нам, Сын дадзены нам, а на Яго плячах спачывае ўлада. Названы Ён іменем: Бог Моцны, Наддзівосны Дарадчык, Спрадвечны Айцец, Кароль Супакою (пар. Іс 9, 1—5). Ён ужо сёння дазваляе нам радавацца таямніцай свайго Нараджэння, каб, калі прыйдзе, убачыў нас чуваючых на малітве і напоўненых удзячнасці.
Адвэнт распачынаецца першымі няшпорамі ў нядзелю пасля Урачыстасці ,,Хрыста—Валадара Сусвету”, а менавіта паміж 29 лістапада і 3 снежня і працягваеццаад 23 да 28 дзён, што налічвае чатыры тыдні. Кожная нядзеля прысвечана пэўнаму ўспаміну, якому адпавядаюць чытанні Евангелля падчас Святой Імшы: першая нядзеля прысвечана надыходзячаму прышэсцю Езуса Хрыста пры канцы свету; другая і трэцяя нядзеля—Яну Хрысціцелю, папярэдзіўшаму публічнае служэнне Хрыста, які ёсць прыкладам пакуты, голасам, прызываючым у пустыні: ,,Падрыхтуйце дарогу Госпаду…”(пар. Мк 1, 3); чацвёртая нядзеля прысвечана падзеям, якія непасрэдна адбываюцца перад Нараджэннем Сына Божага і асаблівае месца адводзіцца Дзеве Марыі ў Таямніцы Богаўцелаўлення. Усе нядзелі адвэнта па сваёй важнасці прыраўнены да вялікіх святаў і перавышаюць усе астатнія, прыпадаючыя на адвэнтавы перыяд. Таму, калі якое-небудзь свята прыпадае на нядзелю адвэнта, яно пераносіцца на панядзелак. Завяршаецца адвэнт Вігіліяй Божага Нараджэння, 24 снежня. Час адвэнту літургічна падзелены на два перыяды:
• Першы пачынаецца ад 1 нядзелі адвэнту, якая распачынае новы год літургічны, і заканчваецца 16 снежня. У гэтым перыядзе літургічныя тэксты і біблійныя чытанні падчас святой літургіі гавораць нам аб канцы свету і паўторным прышэсці Езуса Хрыста. Такім чынам Касцёл навучае і рыхтуе нас да спаткання з Хрыстом, які зноў прыйдзе ў хвале, каб судзіць жывых і памерлых і ўдзяліць усім нам абяцаных дараў, на якія мы з даверам спадзяёмся.
• Другі перыяд уключае дні ад 17 да 24 снежня—гэта непасрэднае прыгатаванне да Свят Божага Нараджэння. Падчас літургіі ў гэты перыяд мы пачуем словы аб чаканні людзей на надыход Збаўцы, якім стаўся для нас Сын Божы, прыняўшы людскую натуру—так Бог увайшоў у гісторыю чалавека, каб змяніць яго бытнасць ад смерці вечнай да жыцця, ад роспачы да надзеі, ад граху да святасці, ад зла і нянавісці да любові, дабрыні і еднасці.
У асноўным, біблійныя тэксты літургіі адвэнту ўзяты з кнігі прарока Ісаі. Гаворыцца ў іх аб чаканні Мессіі, які выбавіць людскасць з цемры граху, зла і нявер’я. Нябёсы, спусціце нам з вышыні справядлівасць і няхай хмары пральюць яе на зямлю дажджамі! Няхай жа адчыніцца зямля, няхай жа збаўленне выдасць плён і разам узыдзе справядлівасць (пар. Іс 45, 8). Чытанні з Евангелля паводле св. Мацвея і Лукі паведамляюць аб падзеях, якія папярэднічалі нараджэнню Збаўцы, яскрава паказваючы нам постаці Маці Божай і Яна Хрысціцеля, жыццё якіх Божы Провід асаблівым чынам спалучыў са Збаўцам.
– Дух Адвэнту –
Адвэнт характэрызуецца духам прадчування, чакання, падрыхтоўкі і жадання. Ён падкрэслівае інтэнсіўнае імкненне да жаданага вызвалення ад усяго зла гэтага свету, упершыню выражанага ізраільцянамі, калі яны, будучы падняволенымі ў Егіпце, цярпелі прыгнёт і прыніжэннне. Адвэнт сімвалізіруе цярпенні тых, хто адчуў сілу несправядлівасці ў гэтым свеце граху, але, не губляючы надзеі, працягвае спадзявацца вызвалення, зыходзячага ад Бога, які пачуў енкі прыгнечаных вязняў і прынёс вызваленне.
Адвэнт распавядае пра тую надзею, якая, як бы не слабела перад віхурамі і навальніцамі жыццёвых цяжкасцей, усё роўна ўносіць у гэты свет і , безумоўна, у асабістае жыццё кожнага з нас пачуццё чакання і спадзявання Валадара-Збаўцы. Адвэнт таксама паказвае нам Бога, Які знаходзіцца вельмі блізка ад нас, хоць часта здаецца нам Богам далёкім. Гэта прадчуванне, якое было некалі і якое ёсць зноў, а менавіта—прадчуванне панавання Мессіі, Які прынясе свету супакой, справядлівасць і праведнасць. Прадчуванне, якое нясе ў сабе адвэнт, мае ў сабе заклік да адказнасці перад Богам. Таму адвэнт лічыцца часам не толькі чакання, але таксама і навяртання. Гэта не час пакуты, якім ёсць Вялікі Пост, а час радасці і надзеі. Аднак трэба памятаць, што гэтая радасць не з’яўляецца святкаваннем з апераджэннем, а чаканнем і падрыхтаваннем да Свята Божага Нараджэння, часам пакаяння і часам прымірэння з Богам, Які надыходзіць. ,,Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму” (Лк 3, 4). Шляхі нашых сэрцаў павінны быць выпраставанымі, гэта значыць ачышчанымі з усяго, што працівіцца Богу: з нянавісці, злосці, лішняга клопату пра матэрыяльныя справы і г.д. Радасць адвэнту не можа абысціся без навяртання. Святы Павел Апостал прыпамінае, што настаў для нас час паўстання ад сну (пар. Рым 13, 11), ,,бо цяпер збаўленне бліжэй нас, чым калі мы ўверылі. Ноч мінула, а дзень наблізіўся. Дык адкінем учынкі цемры, а адзенемся ў зброю святла. Будзем жыць прыстойна, як удзень: не ў абжорстве і п’янствах, не ў распусце і нячыстасці, не ў звадцы і зайздрасці, але адзеньцеся ў Госпада Ісуса Хрыста ды не апякуйцеся над целам дзеля пажадлівасці” (Рым 13, 11—14). Нялёгка ўтрымаць сапраўдны дух адвенту ў абліччы націску камерцыі, якая імкнецца замяніць тыдні перад Божым Нараджэннем у шаленства закупаў, непатрэбных клопатаў і забаў. Трэба нам старацца лепш зразумець сэнс адвэнту і з як мага большым духоўным пажыткам яго перажыць, не страціць з вачэй праўдзівага духа адвэнту, не прамяняць духоўнае чаканне і радасць на матэрыялістычную пагоню і кансумпцыю.
У гэты час чакання на Госпада, і не толькі ў гэты, бо ўсё нашае жыццё з’яўляецца чаканнем, важна памятаць, што Хрыстос прыходзіць да нас у абліччы чалавека, другога чалавека, перш за ўсё слабога, хворага, які патрабуе дапамогі і крышачку цеплыні нашых далоняў, нашага сэрца, нашай любові, дабрыні, прабачэння. Усяго нічога—толькі некалькі хвілін нашай увагі. Адвэнт—самы адпаведны час гэтаму вучыцца. Сёння Хрыстос звяртаецца да кожнага з нас, як дзве тысячы гадоў таму назад: ,,Сапраўды кажу вам: Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, тое мне зрабілі” (Мц 25, 40). Словы Езуса не страцілі і сёння сваёй актуальнасці, нягледзячы на тое, што мінула так многа часу, бо Езус Хрыстос ёсць нязменны, той самы сёння, учора і навекі (пар. Гбр 13, 8). Мала што значыць нараджэнне Езуса ў Віфлееме, калі Ён не народзіцца ў нашых сэрцах. У дзень Апошняга Суда, пасля сканчэння свету, калі Хрыстос будзе судзіць нас за ўчынкі жыцця, перш за ўсё ён зверне сваю ўвагу не на тое, як мы прымаем Яго ў Велічы, Моцы і Хвале, а як мы прымалі Яго ў нашым штодзённым жыцці, як мы сустракалі Яго ў вобразе падарожнага старца, беднага жабрака, хворага небаракі. Стоячы на Судзе перад Богам, убачым мы сябе сярод тых, якія прынялі Хрыста як Марыя і Юзэф, ці сярод тых, што не знайшлі для іх месца і закрывалі дзверы сваіх дамоў, але перш за ўсё сэрцаў? Бог Суддзя, Які нашы ўчынкі справядліва асудзіць з любоўю і з любові. З любоўю, бо прабачыць кожны наш грэх, усе правіннасці, калі шчырай душою будзем каяцца і шкадаваць за ўчыненае зло. З любові—значыць асабліва лічыцца будзе тое, колькі ўчынкаў любові выйшла ад нас.
Такім чынам, з аднаго боку адвэнт нясе ў сабе вялікае абяцанне і надзею, а з другога боку ставіць чалавека перад неабходнасцю панесці адказнасць за сваё жыццё, а гэта суадносіцца са смуткам і пакутай. Аднак пачуццё смутку і неабходнасць пакуты, дзякуючы надзеі, не з’яўляюцца для чалавека прычынай страху і роспачы. Надзея перамагае ўсялякую роспач і страх, яна ёсць светам на цёмных сцежках людскога вопыту. Светам, які спадарожнічае чалавеку і ім кіруе, але і абавязвае быць адказным. Паколькі тэма абяцання і надзеі сустракаецца з тэмай адказнасці, то важнае месца ў адвэнце займае малітва. Калі Вялікі Пост пазначаны больш духам пакуты, пакаяння і посту, то адвэнт -духам пакорнага аддання, даверу, паслухмянасці Богу, малітвай аб вызваленні, малітвай чакання для ўсіх, хто блукае ў цемры і чакае ВЯЛІКАГА СВЯТЛА.
Адвэнт—асаблівы час. Час ласкі ад Пана Бога. Час навяртання, час на ўчынкі любові, час, які нельга марнаваць. Той самы час, каб любіць, бо Той, Які ёсць Любоў, прыняў нашае цела, стаўся адным з нас, каб мы сталіся як Ён—любоўю для бліжняга. Гэта час, які ёсць для нас чарговым шансам. Хто ведае, можа і апошнім…