Р А С П А Р А Д Ж Э Н Н Е
Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
адносна пастырскай праграмы Году веры
ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Глыбокапаважаныя святары, кансакраваныя асобы, браты і сёстры!
Абвешчаны Святым Айцом Бэнэдыктам XVI Год веры павінен знайсці сваё практычнае месца ў пастырскай дзейнасці. Зыходзячы з Ноты Кангрэгацыі Веравучэння ад 6 студзеня 2012г., падрыхтаванай Апостальскай Сталіцай праграмы, Пастырскага паслання Біскупаў Беларусі і падрыхтоўкі да святкавання Юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Божай Маці ў Будслаў, а таксама заклікаючы ўсіх вас актыўна ўключыцца ў праграму адраджэння веры, гэтым распараджэннем зацвярджаю наступныя асноўныя яе пункты ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на Год веры.
- Год веры распачынаецца 14 кастрычніка 2012г. урачыстай святой Імшой, перад якой неабходна ўнесці і на адпаведным месцы ўсталяваць Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.
- Гаміліі, катэхезы, фармацыйныя сустрэчы усіх узроўняў павінны ўключаць разважанні на тэму веры.
- Вернікі павінны вывучыць на памяць Сімвалу веры.
- Святары, кансакраваныя асобы і вернікі павінны грунтоўна вывучаць Святое Пісанне, Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.
- Удзел у Эўхарыстыі ў нядзелю і прадпісаныя святы, павінен стаць асаблівым вызнаннем нашай веры.
- З нагоды малітвы за памерлых на могілках (2 лістапада), што з’яўляецца праяўленнем нашай веры ў жыццё вечнае, неабходна паклапаціцца каб месцы спачывання памерлых былі адпаведна прыбраныя, асабліва святароў, кансэкраваных асоб, а таксама тыя, пра якія няма каму клапаціцца.
- Неабходна аднавіць існуючыя крыжы, а дзе ў адпаведных месцах іх няма або знішчаныя па меры магчымасці ўстанавіць новыя.
- Больш выкарыстоўваць масс-медыя для распаўсюджвання праўдаў веры.
- Па магчымасці пашыраць сувязь са светам навукі і культуры і таксама прысвяціць асаблівую ўвагу няверуючым.
- Парафіяльныя рэкалекцыі ў Адвэнце і Вялікім посце трэба правесці ў духу ўмацавання нашай веры і яе сувязі з штодзённым жыццём.
- Напярэдадні свята Нараджэння Пана неабходна арганізаваць у парафіях адвэнтовыя сустрэчы для розных груп людзей з мэтай дзялення аплаткай, каб такім чынам глыбей зразумець прўду веры аб уцелаўленні Збаўцы.
- У касцёлах і капліцах вывесіць лагатып Году веры.
- Правесці ў архідыяцэзіі перэгрынацыю копіі абраза Маці Божай Будслаўскай. Ва ўсіх парафіях перад перэгрынацыяй арганізаваць спецыяльны трыдыум.
- У першыя суботы месяца ад кастрычніка 2012г. да чэрвеня 2013г. правесці ў парафіях Навэнну да Божай Маці Будслаўскай.
- Арганізаваць прысвечаныя Другому Ватыканскаму Сабору, катэхізацыі і апосталам славян святым Кірылу і Мяфодзію тэматычныя Сімпозіумы.
- Быць сведкамі веры ў штодзённым жыцці, ажыццяўляць справы міласэрнасці і весці дыялог з іншымі веравызнаннямі.
- Трэба выкарыстаць традыцыю правядзення ў парафіях Працэсіі Божага Цела для паглыблення веры ў прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі.
- Неабходна падтрымліваць звычай святкавання парафіяльных урачыстацяў з нагоды тытулу касцёла або апекуна цэлебруючы ўрачыстую святую Імшу, праводзяцы эўхарыстычную працэсію і традыцыйныя набажэнствы з удзелам святароў з іншых парафій, каб такім чынам прычыняцца да будавання супольнасці і даць магчымасць вернікам падчас свята перажыць сустрэчу з Панам у сакрамаэнце пакаяння і Эўхарыстыі.
- Пасля кожнай нядзельнай святой Імшы перад благаслаўленнем чытаць малітву аб умацаванні веры.
- Запланаваць пілігрымкі ў Святую Зямлю, Рым і іншыя святыя месцы.
- Зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі святары могуць дадаць новыя ініцыятывы.
Давяраючы ўсіх вас апецы Маці Божай Будслаўскай на плённае перажыванне Году веры ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі