Распараджэнне Апостальскай Пэнітэнцыярыі аб магчымасці атрымаць поўны адпуст падчас Году веры

Апостальская Пэнітэнцыярыя паведаміла, што на працягу Года веры ў вернікаў ёсць магчымасць атрымаць поўны адпуст — прабачэнне часовых караў за грахі для сябе або кагосьці з памерлых. У спецыяльным дэкрэце, апублікаваным 5 кастрычніка, адзначаецца, што «вялікі дар адпусту» з’яўляецца вельмі карысным для «развіцця ў найвышэйшай ступені (наколькі гэта магчыма на зямлі) святасці жыцця» і дасягнення вернікамі «ў найвышэйшай ступені чысціні душы».
Як інфармуе Ватыканскае радыё, паведамляецца, што для атрымання дару адпусту, акрамя звычайных умоваў, такіх як споведзь, св. Камунія, малітва ў інтэнцыі Папы, вернікам неабходна выканаць наступныя патрабаванні: выслухаць прынамсі тры казанні падчас святых місій ці тры лекцыі аб навучанні Другога Ватыканскага Сабору або Катэхізісу Каталіцкага Касцёла ў любым адпаведным для гэтага месцы.
Акрамя таго, для атрымання адпусту на працягу Года веры можна здзейсніць пілігрымку ў адну з папскіх базылік ці хрысціянскія катакомбы, у адзін з катэдральных касцёлаў або адно са святых месцаў, абранае мясцовым ардынарыем (напрыклад, базыліку меншую, марыйны або іншы санктуарый). Тут неабходна прыняць удзел у набажэнствах, правесці разважанне і памаліцца «Ойча наш», вызнаць веру ў любой дазволенай форме, памаліцца любой малітвай да Маці Божай, апосталаў ці святых.

Таксама для атрымання адпусту на працягу Года веры можна ў адзін з дзён, вызначаных мясцовым ардынарыем (напрыклад, ва ўрачыстасць ці свята), прыняць удзел у св. Імшы або малітве нешпараў, вызнаўшы веру ў любой дазволенай форме, або наведаць любы баптыстэрый ці іншае месца, дзе здзяйсняецца сакрамэнт хросту, і там аднавіць абяцанні хросту ў любой дазволенай форме.

Для людзей, якія па якіх-небудзь важных прычынах не змогуць прыняць удзел ва ўрачыстых цэлебрацыях, можна атрымаць адпуст пры звычайных умовах, злучыўшыся духоўна і ў думках з вернікамі, асабліва пры праглядзе ці праслухоўванні тэле- ці радыётрансляцый з набажэнстваў. Такія людзі для атрымання адпусту павінны памаліцца «Ойча наш», «Веру ў Бога» ці іншымі малітвамі, адпавядаючымі сэнсу і значэнню Года веры, а таксама ахвяраваць свае пакуты ці жыццёвыя цяжкасці.

Акрамя таго, у апублікаваным 5 кастрычніка дэкрэце змяшчаецца заклік да мясцовых ардынарыяў забяспечыць вернікам магчымасць споведзі ў катэдральных касцёлах або іншых месцах, вызначаных для правядзення Года веры. Апостальская Пэнітэнцыярыя заклікае біскупаў у даступнай форме растлумачыць вернікам прынцыпы, акрэсленыя ў дэкрэце.

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews