Малітва аб умацаванні веры
Святар.: Пане Езу, Сыне Бога жывога, умацуй нашую веру ў Тваё слова, у якім укрыта праўда і ў якім Ты прысутны. Асвяці наш розум і сэрца, каб мы ўважліва слухалі словы Евангелля і рашуча пазнавалі Тваю навуку, якую абвяшчае Касцёл. Спашлі на нас Духа, каб Ён прывёў нас да праўды.
Народ.: Пане, умацуй нашую веру.
Святар.: Збаўца свету, умацуй нашую веру ў Тваё збаўчае дзеянне ў святых сакрамэнтах і Тваю прысутнасць сярод нас у знаку хлеба. Няхай нашая вера выяўляецца ў ахвотным пакланенні Табе і ў поўным удзеле ў сакрамэнтах, асабліва Эўхарыстыі.
Народ.: Пане, умацуй нашую веру.
Святар.: Езу, Сыне Марыі, умацуй нашую веру ў Тваю прысутнасць у нас і іншых людзях. Не дазволь нам забыцца пра Твае словы: «Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Дай нам сілы, каб мы служылі Табе ў людзях, да якіх Ты нас пасылаеш.
Народ.: Пане, умацуй нашую веру.
Святар.: Прымі, Міласэрны Езу, нашую пакорную малітву аб умацаванні веры. Няхай яна фарміруе ўсё нашае жыццё і прывядзе нас да Цябе. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя.
Народ.: Амэн.
Благаслаўленне
Святар.: Пан з вамі.
Народ.: І з духам тваім.
Святар.: Схіліце галовы на благаслаўленне.
Святар.: Усемагутны Бог, які зрабіў вас сваімі дзецьмі,
няхай умацуе вашую веру, каб верна выконвалі Яго волю.
Народ.: Амэн.
Святар.: Божы Сын, які прысутнічае сярод нас,
няхай вядзе вас шляхамі праўды і любові.
Народ.: Амэн.
С.: Святы Дух, які напаўняе вас, няхай адкрывае вашыя вочы,
каб вы маглі распазнаць Хрыста ў бліжніх.
Народ.: Амэн.
Святар.: Няхай благаславіць вас Бог усемагутны,
Айцец і Сын, + і Дух Святы.
Народ.: Амэн.
Святар.: Ідзіце ў супакоі Хрыста.
Народ.: Дзякуем Пану Богу.