ВЯЛІКІ ПОСТ
Унутранае навяртанне
У Старым Запавеце, калі гаварылася пра навяртанне, то перш за ўсё меліся на ўвазе знешнія ўчынкі; такія як апрананне ў мешкавіну, пасыпанне сябе попелам, суровы пост. І гэта лічылася за норму. А ў Новым Запавеце Езус ставіць націск на тое, што Бог не патрабуе нашых суровых пастоў, пасыпання сябе попелам, плачу і ляманту за грахі, а жадае ад нас навяртанне сэрца, унутранай, духоўнай перамены, бо без гэтага нашыя пакутныя дзеянні не маюць ніякага сэнсу.
Таго, хто робіць гэтыя пакутныя ўчынкі, а не змяняе сваёй душы, Езус называе крывадушнікамі, што горш “грабамі намаляванымі”, якія знешне прыгожыя, а ўнутры напоўненыя брыдоцтвам. Нашае сэрца павінна цалкам навярнуцца да Бога, трэба парваць з грахом, а знешнія ўчынкі павінны быць выражэннем нашага сапраўднага духоўнага жыцця, якія будуць выконвацца не на паказ і на хвалу акружаючых, а дзеля хвалы Божай нашага ўнутранага росту.
Цяпер звернем больш увагі на тыя духоўныя практыкі, да якіх нас заахвочвае Касцёл у час Вялікога Посту. Гэта, можна сказаць, вызванне для кожнага веруючага чалавека. Гэтымі практыкамі з’яўляюцца: пост, малітва, міластыня. Айцы Касцёла з далёкай старажытнасці называюць гэтыя дзеянні, апрача выхаваўчых, экспіяцыйнымі – (перапрашэннем за зробленае зло). Больш падрабязна прыпынімся на кожным з іх.
Пост – гэта ўстрыманне ад ежы або піцця на нейкі час, альбо ад канкрэтных страў і напояў, з пакутнаю мэтаю і думкамі аб духоўным умацаванні чалавека. Практыка посту вельмі шырока была распаўсюджана ўжо ў Старым Запавеце. Выбраны народ, ізраэліты, вельмі часта ахвяроўваўся на практыку суровага посту, а асабліва калі народу паграджала якая-небудзь небяспека. Публічны і суровы пост, паводле іх думкі, меў сілу як бы адпушчэння грахоў Богам і атрымання апрача прабачэння і благаслаўленне. Стары Запавет успамінае, што была і практыка індывідуальнага посту. Калі чалавек меў нейкую просьбу да Бога, то яго прашэнне было дадзена ў выглядзе суровага посту, у цэлым, каб атрымаць пажаданую карысць або вырашыць цяжкую справу.
У Новым Запавеце Езус шматразова гаворыць аб посце і Сам адначасова дае прыклад. Толькі Езус прызывае людзей, каб свае рэлігійныя практыкі людзі не рабілі на паказ. Ён кажа: “Не будзьце сумнымі, як крывадушнікі, якія выглядаюць панура, каб усім паказаць, што яны посцяць. Яны ўжо адабралі сваю ўзнагароду. А калі ты посціш, памый свой твар, каб не людзям паказваць, што ты посціш, а Айцу Нябеснаму, які бачыць патаемнае і аддасць табе.”
На працягу гісторыі ўсе святыя людзі прытрымліваліся гэтай практыкі. У чым жа ляжыць яе сіла? Пост, асабліва добраахвотны, паказвае чалавеку яго слабасць. Паказвае, што чалавек – гэта істота вельмі слабая, якая аддаецца ў палон сваім фундаментальным інстынктам. Немагчыма адрачыся ад ежы чалавеку са слабою сілаю волі (не поўнае адрачэнне, але частковае). Такім чынам, той, хто можа перамагчы свае інстынкты, свае прагненні – той сапраўды становіцца на шлях духоўнага росту. “Цела цягне да граху, а дух да Бога” – гаворыць святы Павел. З гэтай прычыны паблажэнне целу, яго прагненням вядзе да граху, а ў будучыні і да смерці вечнай. Дякуючы посту, мы становімся гаспадарамі нашага цела, можам валодаць сабою, даць адпор цялесным спакусам і не ісці на упражцы прымітыўных інстынктаў.
Малітва– гэта ўзнясенне душы да Бога або просьба, звернутая да Яго. Святы Грыгорый малітвай называе размову з Богам. А якім павінен быць змест малітвы? Змест можа быць розны, залежыць ад роду малітвы. Мы ведаем, што праз малітву мы можам дзякаваць Пану Богу, перапрашаць Яго, захапляцца Ім і прасіць у Яго. Можна сказаць, што малітва, гэта факт паўсюдны: кожная рэлігія мае сваю своеасаблівую малітву, бо без яе не будзе рэлігіі.
Галоўным фундаментам малітвы – з’яўляецца вера. І канешне мы не можам забываць аб кожнаразовай дапамозе Духа Святога, дар пабожнасці ў часе малітвы. Гэта нашае цалкавітае настаўленне на Бога, на яго хвалу і пашану.
Вельмі часта здараецца чуць: “Я не малюся, бо мне не хочацца”. Трэба памятаць, што ў гэтай справе нельга кіравацца толькі радаснымі пачуццямі або настроем, калі мне захочацца. Я маю таксама волю і розум, дзякуючы якім усведамляю сабе, што я толькі маленькі чалавек і цалкам залежу ад Створцы. Таму малітва захаплення, удзячнасці і перапрашэння з’яўляецца маім абавязкам. І для некаторых хацелася б прывесці маленькі прыклад. Ты знаходзішся ў адным памяшканні побач з тою асобаю, якая цябе больш за ўсё любіць. Ці ты не хочаш скіраваць да яе свае думкі, словы, учынкі? Бог з’яўляецца тою асобаю, Якая цябе любіць больш за ўсё на свеце, якая ад цябе ніколі не адрачэцца і цябе не здрадзіць. Больш таго – гэта асоба, якая ахвяравалася за цябе на крыжы. Ці пасля ўсяго гэтага ты не захочаш Яму падзякаваць? Папрасіць прабачэння?
Вялікі пост – гэта час інтэнсіўнай малітвы, калі мы павінны адкласці свае зямныя справы на другі план, а звярнуцца да Бога, каб яшчэ больш адчуваць і зразумець Яго любоў да нас.
Міласціня. Часта чуем, што мы з’яўляемся дзецьмі аднаго Бога. А кожны чалавек – гэта наш брат. У Эвангеллі св. Яна гаворыцца аб непарыўнай сувязі паміж любоўю Бога і любоўю бліжняга. Нават сцвярджаецца факт “што любоў да Бога – гэта ашуканства, калі мы замыкаемся на патрэбы бліжняга, альбо проста яго зненавіджваем. Любоў бліжняга, адкліканне на яго праблемы – гэта дарога да спаткання з Богам, а заплюшчванне вачэй на патрэбы робіць чалавека сляпцом (Deus caritas est 17)”. Бо быць веруючым чалавекам не канчаткова пацверджвае той факт, што з’яўляемся міласэрнымі. Гэта мы выразна бачым у аповесці “Аб міласэрным самарытаніне”, дзе людзі, “глыбока” веруючыя, аставілі спадарожніка на верную смерць. Адзін мудрэц сказаў: “Кожны чалавек дае больш любві, чым на яе заслугоўвае”. І міластыня – гэта не толькі малы грош, кінуты жабраку, гэта не толькі кавалак хлеба, падзелены з просячым, гэта таксама ўвага, павага да чалавека, які найбольш патрабуе любові. Для сучаснага чалавека няцяжка ахвяраваць невялікую суму грошаў на харытатыўную арганізацыю “Caritas”, але значна цяжэй уступіць у дыялог з тым, хто мае ў гэтым патрэбу, запытацца аб яго клопатах, перажываннях. Можа, ён зусім ад нас не патрабуе матэрыяльных каштоўнасцей, а хоча ад нас міластыню ў выглядзе ахвяраванага часу, каб яго выслухаць, а, можа, хоча ад нас пачуць добрае слова суцяшэння. І тут патрабуючым міластыню становіцца не толькі жабрак і абездолены, ім становіцца кожны з нас.
Вялікі Пост – перыяд працы над сабою, калі мы стараемся пераадолець у сваім целе грэшныя прызвычаенні, калі пакутуем за зробленае зло і хочам яго выправіць. Грэшная залежнасць ад якой-небудзь шкоднай звычкі робіць нас слабымі духоўна і маральна, а дзякуючы гэтым практыкам: посту, малітве, міласыне – мы ўзмацоўваем свой дух і становімся больш радыкальнымі ў барацьбе з пакусамі злога. Няхай час Вялікага Посту для кожнага з нас не пройдзе бясплённа, а праз узмацненне і ачышчэнне душы мы ўжо, як “новыя” людзі, у святочны нядзельны паранак радасна прывітаем Езуса Змёртвыхпаўсталага.