13.09.2024

ВЯЛІКІ ПОСТ

“Песні Жальбы”

 

У кожную Нядзелю Вялікапостнага перыяду ў касцёлах праводзіцца так званая Пассія, традыцыйнае набажэнства, у аснове якога ляжыць разважанне Таямніцы Мучэнняў і Адкупенчай Смерці нашага Збаўцы. Носіць яно назву: ,,Песні Жальбы”. Гэтае набажэнства называецца Пассіяй, ад лац. слова „passio”, што азначае, наогул, боль, цярпенне, мучэнне.

Асноўваецца яно на спеве гімнаў і песняў, у якіх простымі, але кранальнымі словамі апавядаецца пра асаблівасці і падрабязнасці Мучаніцтва і Смерці Пана нашага Езуса Хрыста. Мае яно на мэце пабудзіць у нас спачуванне да церпячага Хрыста, а таксама да жалю за грахі, якія і ёсць прычынай Яго такіх цяжкіх мучэнняў, а ў выніку—смерці. Сама назва ,,Песні Жальбы” узята ад першых слоў, якімі распачынаецца набажэнства.

,,Песні Жальбы” зарадзіліся ў Польшчы на пераломе XVII i XVIII ст. з духа людовай набожнасці перыяду Барокка. Яго пачаткі і форма маюць сваю сувязь з дзейнасцю Брацтва святога Роха, што было пры варшаўскім касцёле Святога Крыжа. Апрацаванне набажэнства ў сучаснай форме прыпісваецца прамотару брацтва ксяндзу Лаўрэнцію Станіславу Бэніку, які падчас яго ўкладання карыстаўся з лацінскай пассіі, узораў брэвярыя, а таксама польскіх песен з XVI ст. на Вялікі пост. Упершыню тэкст набажэнства быў апублікаваны ў Варшаве ў 1707г. пад назвай ,,Пучок мірры з Гетсеманскага Сада, або жальбы Горкіх Мучэнняў Сына Божага”. Прычынай укладання такога польскага пасійнага набажэнства было тое, што, як сведчаць тагачасныя хронікі, даўнейшыя спевы на лацінскай мове былі непрыступнымі і незразумелымі для простых вернікаў. Польская ,,Пассія” вельмі спадабалася веруючым і ўжо ў другой палове XIX ст. ,,Песні Жальбы” спяваліся па ўсёй Польшчы, і нават сярод эмігруючых палякаў.

Сёння, у нашыя дні, ,,Песні Жальбы” праводзяцца на падабенства Утранні брэвярыя. Пачынаецца ад так званай пабудкі, пасля чаго надыходзяць тры часткі разважанняў Мучэнняў Пана Езуса. Кожнай частцы папярэднічае адчытанне інтэнцыі, г. зн. заповедзі таго, пра якія асаблівасці Мучаніцтва Пана будзе ісці разважанне ў данай частцы і за каго будзе яно ахвяраванае. Акрамя гэтага, кожная з частак складаецца з трох раздзелаў. Іх утвараюць: Гімн ,,Лямант душы над церпячым Езусам”, які выконваецца на падабенства літанійнага спеву, потым надыходзіць ,,Размова душы з Маці Балеснай”. Пасля заканчэння часткі спяваецца тры разы ,,Які за нас цярпеў ад ранаў”. Звычайна перад распачаццем ,,Песен Жальбы” робіцца выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, якім пасля набажэнства святар благаславіць усіх сабраных.

У гэтай прыгожай і кранальнай малітве галоўным матывам з’яўляецца жаль за грахі, які вядзе да метамарфозы(навяртання, перамены жыцця), жаль, які выплывае з асабістай любові да Хрыста. Гэтае набажэнства таксама ёсць спробай адказу на пытанне пра сэнс цярпення. Бог у Езусе Хрысце адказвае на гэтае пытанне не тэорыяй, а салідарным прыбываннем з чалавекам у яго цярпеннях і болі.

Да сённяшніх дзён набажэнства ,,Песен Жальбы” захавала сваю даўнейшую форму, прыгажосць архаічнай мовы і жывучасць. Яно як і раней прыцягвае і збірае вернікаў у вялікапостны нядзельны паабедзенны час. Здараецца неаднакратна чуць выповедзі, як замежнікі захапляюцца падобнымі набажэнствамі, прысутнымі нашай традыцыі. Таму яшчэ больш нам неабходна ўшанаваць гэтыя малітоўныя традыцыі, а ў Вялікім посце асаблівым чынам ,,Песні Жальбы” – набажэнства, якое нам могуць пазайздросціць іншыя народы.

Пакінуць адказ