Пра адпусты
Касцёл не толькі заахвочвае да дабрачыннасці і пакаяння, але жадае таксама дапамагчы хрысціяніну праз заслугі Езуса Хрыста і святых атрымаць ад міласэрнага Айца адпушчэнне часовай кары за грахі.
Хрысціянін, які ўчыніў грэх, пасля споведзі атрымлівае адпушчэнне віны і дараванне вечнай кары за гэты грэх. Аднак споведзь не выбаўляе нас ад часовай кары за грахі, якую нам трэба адбыць на зямлі альбо ў чыстцы. Ад гэтай часовай кары за нашыя грахі выбаўляе нас праз адпусты Касцёл па праву даручанай яму ўлады. Дзякуючы адпустам вернікі могуць атрымаць выбаўленне ад часовай кары за грахі для сябе, а таксама для душаў, якія знаходзяцца ў чыстцы. Папа Павел VI ліквідаваў адпусты, акрэсленыя канкрэтным часам (напр., колькасцю дзён ці гадоў), бо ў вечнасці няма часу.
Поўнае альбо частковае адпушчэнне кары за грахі, звязана з выкананнем пэўных умоваў. Для атрымання адпусту трэба быць у стане ласкі, прыняць святую Камунію, быць вольным ад усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага, прачытаць малітву ў інтэнцыі Святога Айца: Ойча наш… Вітай, Марыя… і Веру ў Бога… Некаторыя з гэтых умоваў могуць быць выкананы за некалькі дзён да альбо пасля ўзгаданых вышэй чынаў, звязаных з адпустам. Аднак пажадана, каб святая Камунія і малітва ў інтэнцыі Святога Айца мелі месца ў гэты ж дзень.
Вось пералік некаторых поўных і частковых адпустаў,
пададзеных Апостальскай Пенітэнцыярыяй 29 чэрвеня 1969 г.:
- за наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту – частковы адпуст; за адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу 30 хвілін – поўны адпуст;
- за атрыманне папскага благаслаўлення (непасрэдна альбо па радыё ці тэлебачанні) Urbi et Orbi (гораду і свету) – поўны адпуст;
- за ўдзел у рэкалекцыях, якія працягваюцца нават тры дні – поўны адпуст;
- за наведванне могілак з 1 па 8 лістапада і малітву за памерлых – поўны адпуст; у іншыя дні – частковы адпуст;
- за ўдзел ва ўрачыстым эўхарыстычным абрадзе на заканчэнне эўхарыстычнага кангрэсу – поўны адпуст;
- за чытанне малітвы Душа Хрыстова – частковы адпуст;
- за пабожнае чытанне Святога Пісання на працягу 30 хвілін з належным ушанаваннем слова Божага – частковы адпуст;
- за малітву на ружанцы (адной з частак Ружанца) з разважаннем таямніц у касцёле, у публічнай капліцы, у сям’і, у манаскай супольнасці, у пабожным таварыстве – частковы адпуст;
- за наведванне касцёла ў дзень парафіяльнага адпусту ці ў дзень апекуна гэтага касцёла альбо капліцы – поўны адпуст.
- Умовы атрымання поўнага адпусту звязанага з Крыжовым шляхам:1. Сакрамэнтальная споведзь альбо стан асвячальнай ласкі;
2. Прыняцце Святой Камуніі;
3. Быць вольным ад усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага,
4. Прачытаць малітву ў інтэнцыі Святога Айца: Ойча наш… Вітай, Марыя… і Веру ў Бога…
Для заметкі: Некаторыя з гэтых умоваў могуць быць выкананы за некалькі дзён да альбо пасля ўзгаданых вышэй чынаў, звязаных з адпустам. Аднак пажадана, каб святая Камунія і малітва ў інтэнцыі Святога Айца мелі месца ў гэты ж дзень.
5. Удзел у набажэнстве Крыжовага шляху наступным чынам:
а) Крыжовы шлях трэба прайсці перад стацыямі, устаноўленымі кананічна і зацверджанымі Касцельнай Уладай.
б) Для правядзення Крыжовага шляху вымагаецца толькі пабожнае разважанне аб пакутах і смерці Езуса Хрыста. Не абавязкова разважаць аб таямніцах кожнай асобнай станцыі.
в) Вымагаецца перайсці ад адной станцыі да другой. Аднак, калі ўсе ўдзельнічаюць у пасійным набажэнстве і не могуць без мітусні перайсці ад станцыі да станцыі, то дастаткова, калі праходзіць праводзячы Крыжовы шлях, у той час як іншыя могуць заставацца на месцы.
г) Хто не можа ўдзельнічаць у публічным набажэнстве (напрыклад, хворыя), можа атрымаць поўны адпуст, калі хаця б паўгадзіны будзе пабожна чытаць і разважаць аб пакутах і смерці Езуса Хрыста.