10.10.2026


IMG 9587горизонт 7 1 1

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Як і кожны год, пасля канікул быццам ажылі і напоўніліся дынамічным рухам, гучным звонам званкоў і вясёлым гоманам дзяцей і моладзі школы і гімназіі, ліцэі і каледжы, інстытуты і ўніверсітэты. Для дзясяткаў тысяч малодшых вернікаў нашай дыяцэзіі распачаўся чарговы, вельмі важны раздзел у іх жыцці – новы навучальны год.

Бясспрэчна, вучоба ў школе ці іншай навучальнай установе патрабуе ад вучня ці студэнта вялікай працавітасці, стараннасці, адказнасці і самадысцыпліны. Бо засваенне ведаў адбываецца не спантанна, а з’яўляецца вянцом складанага і карпатлівага працэсу, які патрабуе ад вучня стараннага, сістэматычнага і метадычнага падыходу.

Мы, дарослыя, глядзім на дзяцей і моладзь з вялікай надзеяй. Мы ведаем, што ад іх сумленнасці, працавітасці і зацікаўленасці ў атрыманні ведаў непасрэдна залежыць наш заўтрашні дзень, бо сённяшнія вучні і студэнты ўвойдуць у дарослае жыццё і, працуючы ў абраных імі прафесіях, будуць служыць усяму грамадству.

Таму цяпер, на пачатку новага навучальнага года, мы як супольнасць Касцёла агортваем нашых дзяцей і моладзь малітвай, просячы для іх Божага благаслаўлення і святла Духа Святога ў штодзённай працы здабыцця ведаў. Духоўна падтрымліваем мы і тых, на кім ляжыць вялікая адказнасць перадачы ведаў і выхавання маладога пакалення: настаўнікаў, выкладчыкаў і выхаваўцаў. Памятаем у малітве мы і аб бацьках, якія з’яўляюцца для сваіх дзяцей першымі настаўнікамі і выхаваўцамі, найперш дзякуючы асабістаму сведчанню жыцця, згоднага з каштоўнасцямі, якія яны вызнаюць.

Добрай магчымасцю ўключыцца ў справу духоўнай падтрымкі дзяцей і моладзі, а таксама бацькоў, настаўнікаў і выхаваўцаў будуць квартальныя дні малітваў у іх інтэнцыях, звязаныя з літургічным успамінам св. Станіслава Косткі, які адзначаецца 18 верасня. У многіх парафіях у бліжэйшыя дні будуць праводзіцца спецыяльныя набажэнствы. Духоўна падтрымліваць дзяцей, моладзь, настаўнікаў і выхаваўцаў можам мы і прыватным чынам, прамаўляючы ў іх інтэнцыях любыя малітвы.

Хачу таксама нагадаць вам, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, што мы як хрысціяне павінны клапаціцца аб усебаковым выхаванні маладога пакалення – значыць такім, якое акрамя інтэлектуальнага і этычнага аспектаў уключае навучанне праўдам веры і выхаванне да жыцця, згоднага з маральнымі і рэлігійнымі каштоўнасцямі, якія мы вызнаём. Нельга дапусціць сітуацыю, у якой працэс інтэлектуальнага развіцця дзіцяці ці маладога чалавека, атрымання ўсё больш шырокіх і грунтоўных ведаў у многіх галінах навукі, пашырэння ўласных разумовых гарызонтаў ішоў бы ў адрыве ад усё больш глыбокага пазнання праўдаў веры і выхавання да ўсё больш свядомага і сталага хрысціянскага жыцця.

У сучасным свеце мы з’яўляемся сведкамі суіснавання розных светапоглядаў, рэлігійных перакананняў і этычных сістэм. Па меры сталення малады чалавек становіцца перад усё больш сур’ёзнымі інтэлектуальнымі выклікамі і маральнымі дылемамі, нярэдка задае сабе ўсё больш складаныя пытанні, ад якіх немагчыма ўцячы і якіх нельга ігнараваць. Ці дастатковым будзе для яго ў такой сітуацыі павярхоўнае знаёмства з катэхізісам на ўзроўні, патрэбным для допуску да Першай Камуніі? Ці звернецца малады чалавек у пошуку адказаў на пытанні, якія датычаць справаў веры, да Святога Пісання і дакументаў Касцёла, калі раней ніколі іх не чытаў? Ці дасць яму вывучаная на памяць у дзяцінстве малітва ўяўленне аб багацці хрысціянскай духоўнасці і разнастайнасці форм малітвы?

Такім чынам, калі мы хочам, каб маладое пакаленне не страціла веры і не разарвала духоўнай сувязі з Касцёлам, мы павінны ўжо цяпер паклапаціцца аб яго рэлігійным выхаванні.

Адказнасць за гэта ляжыць найперш на вас, дарагія бацькі, бо вы з’яўляецеся першымі настаўнікамі, катэхетамі і выхаваўцамі сваіх дзяцей. Ваша штодзённае жыццё, прасякнутае верай і любоўю, практыка супольнай малітвы, супольны ўдзел у нядзельнай Імшы, частае прыняцце сакрамэнтаў, традыцыйнае святкаванне рэлігійных урачыстасцяў і святаў – вашы найлепшыя “ўрокі рэлігіі” сваім дзецям, якія нішто не заменіць і якія застаюцца ў іх пяшчотных і чулых на дабро сэрцах лепш, чым усялякія павучэнні ці заахвочванні, калі яны не падтрыманы асабістым прыкладам. Таму прашу вас, дарагія бацькі, аб адвазе ў тым, каб даваць сваім дзецям сведчанне веры ў так званай прозе штодзённага жыцця.

Нагадваю вам таксама аб абавязку забяспечыць сваім дзецям магчымасць наведваць сістэматычную катэхезу, арганізаваную пры парафіі. Такая катэхеза з’яўляецца для дзяцей і моладзі абавязковай на працягу ўсяго часу вучобы ў школе. Урокі рэлігіі, якія праводзяцца пра парафіях катэхетамі, якія маюць адпаведную падрыхтоўку і ўпаўнаважаны касцёльнымі ўладамі, ні ў якой меры не замяняюць хатняй катэхізацыі, але гарманічна дапаўняюць яе. Яны даюць дзецям магчымасць сістэматычна і цэласна пазнаваць праўды веры паводле спецыяльна распрацаваных праграм, дастасаваных да ўзросту вучняў і іх пазнаўчых здольнасцяў.

Часта ад бацькоў можна пачуць, што дзеці не могуць хадзіць на ўрокі катэхезы, бо празмерна абцяжараны вучобай у школе, а дадаткова наведваюць розныя гурткі, удзельнічаюць у пазакласных занятках, ходзяць да рэпетытараў, на трэніроўкі, вучацца танцам, музыцы, вывучаюць замежныя мовы ці іншым падобным чынам развіваюць свае здольнасці і таленты. Бясспрэчна, усё гэта можа быць патрэбным і карысным. Аднак узнікае пытанне: ці правільна, каб сярод усіх гэтых заняткаў і абавязкаў справы веры і рэлігійнага выхавання займалі апошняе месца? Можа, варта змяніць іерархію каштоўнасцяў, каб сярод мноства больш і менш важных справаў не прапусціць таго, што для нас, хрысціян, павінна быць найважнейшым?

На парозе новага катэхетычнага года звяртаюся да вас, дарагія катэхеты, са словамі ўдзячнасці за ваша руплівае і ахвярнае служэнне парафіяльным супольнасцям, за любоў і клопат, якім атачаеце маладое пакаленне, за сведчанне веры і вернасці Касцёлу, якое штодзень даяце яму. Жадаю, каб год, які распачынаецца, быў паспяховым і шчодрым на духоўныя плёны. Няхай узрастанне вашых вучняў у веры і любові да Хрыста будзе для вас крыніцай глыбокай радасці і асабістага задавальнення.

Ад імя ўсёй супольнасці Касцёла на Гродзеншчыне дзякую вам, шаноўныя настаўнікі і выкладчыкі, за тое, што з вялікай адданасцю, любоўю і адказнасцю рэалізуеце ў штодзённай працы сваё высакароднае пакліканне. Няхай веды, якія вы перадаяце дзецям і моладзі, спалучаюцца з выхаваннем у іх чуласці да праўды, справядлівасці, дабра і іншых агульначалавечых каштоўнасцяў. Няхай тое, што ў сэрцах вашых вучняў назаўсёды ўсталюецца вобраз настаўніка і выкладчыка як незаменнага маральнага аўтарытэта і надзейнага правадніка ў жыцці, будзе для вас найвышэйшай узнагародай за ўсе старанні і цяжкасці.

У канцы жадаю вам, умілаваныя дзеці і дарагая моладзь, шчодрага на Божае благаслаўленне, добрага, поўнага поспехаў і заслужанага задавальнення новага навучальнага і катэхетычнага года. Няхай як адкрыццё ўсё шырэйшых гарызонтаў ведаў, так і ўсё лепшае пазнанне Пана Бога, створанага Ім свету і саміх сябе будуць для вас сапраўдным захапленнем і крыніцай сапраўднай радасці. Будзьце руплівымі, стараннымі, працавітымі, трывалымі ў імкненні да мэты і адкрытымі на ўсялякае дабро. Мы ўсе, хто ўтварае супольнасць Касцёла на Гродзеншчыне, падтрымліваем вас сваімі малітвамі.

Усіх вас, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, на парозе новага навучальнага і катэхетычнага года з усяго сэрца благаслаўляю і пакорна прашу вас аб малітве за мяне.

Ваш біскуп Уладзімір

Гродна, 09.09.2026

Тэкст Ліста для друку ТУТ>>>

Тэкст Ліста па-польску ТУТ>>>

Шаноўных пробашчаў прашу прачытаць вернікам гэты пастырскі ліст замест гаміліі ў нядзелю 13.09.2026 г. на кожнай святой Імшы.

https://grodnensis.by/

Пакінуць адказ