
12 жніўня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які зараз знаходзіцца ў Вечным горадзе, прыняў удзел у Генеральнай аўдыенцыі папы Льва XIV.
Сустрэча з прычыны летняй спёкі прайшла ў рымскай базіліцы св. Пятра. Леў XIV падчас аўдыенцыі прысвяціў сваю катэхезу літургічнаму году, звярнуўшы ўвагу на цэнтральнае значэнне нядзельнай Эўхарыстыі ў жыцці кожнага верніка.
Папа падкрэсліў, што для асвячэння нядзелі неабходна ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, а літургічны сход вернікаў не можа быць заменены выключна віртуальнай прысутнасцю. У гэтай сувязі ён заклікаў шукаць найлепшыя ўмовы, каб у св. Імшы маглі ўдзельнічаць і тыя, хто ў нядзелю не мае магчымасці не працаваць.
Пантыфік таксама распавёў пра развіццё літургічнага года: ад штотыднёвай Пасхі, да якой з ІІ стагоддзя дадалася штогадовая Пасха, да развіцця цыклу Божага Нараджэння, ушанавання Найсвяцейшай Панны Марыі, мучанікаў і іншых святых.

Леў XIV нагадаў, што літургічны год вядзе вернікаў ад чакання Месіі праз паўнату Пасхальнай таямніцы да прадчування будучай славы і з’яўляецца асноўным арыенцірам для ўсёй душпастырскай дзейнасці.
Пасля заканчэння аўдыенцыі Папа традыцыйна прывітаўся з прысутнымі іерархамі. Ён таксама сустрэўся з нашым біскупам Уладзімірам, які меў магчымасць упершыню прысутнічаць на Генеральнай аўдыенцыі.
Біскуп Гродзенскі перадаў Святому Айцу прывітанні ад духавенства і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі, якая сёлета адзначае 35-годдзе ўзнікнення, а таксама запэўніў Пятра нашага часу ў малітве.
У гэты ж дзень біскуп Уладзімір таксама сустрэўся з пілігрымамі з Ліды, якія на чале з кс. канонікам Віталіем Сідоркам, пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа, здзяйсняюць пілігрымку ў Рым у межах падзякі за 35 гадоў адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, у тым ліку за 35 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
