
З 24 па 26 ліпеня пры парафіі св. Арханёла Міхала ў Навагрудку прайшоў агульнабеларускі малітоўны семінар для служыцеляў евангелізацыйнага курса “Альфа”. Удзельнічалі служыцелі з Мінска, Гродна, Ваўкавыска, Дзятлава і самога Навагрудка.
У першы дзень адбылося знаёмства і супольная малітва. Па ініцыятыве служыцеляў прайшла ўсяночная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі Божага благаслаўлення на новую евангелізацыю Беларусі.
Наступны дзень пачаўся з агульнай малітвы. У межах уступнай канферэнцыі на тэму служэння доктар пастаральнага багаслоўя кс. Юрый Жэгарын, пробашч навагрудскай парафіі, прадставіў увазе прысутных матэрыялы для далейшай фармацыі служыцеляў і акрэсліў асноўныя накірункі працы. Запрошаны спікер Том Майлз, які злучыўся з удзельнікамі семінару з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, распавёў пра развіццё міжнароднага курса “Альфа”.
Цэнтральнай падзеяй дня стала Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Паколькі ў гэты дзень адзначалася свята апостала Якуба, іерарх у гаміліі адзначыў: “Якуб не ведаў, што стане першым апосталам, які аддасць жыццё за Хрыста. Ён проста даверыўся Божаму слову і зрабіў першы крок. Ці ж не ў гэтым заключаецца сутнасць кожнага сапраўднага хрысціянскага паклікання? Бог не адкрывае чалавеку адразу ўсяго шляху, Ён просіць толькі аднаго – зрабіць першы крок”.
“Часта людзі думаюць, што прыйдуць да Бога толькі тады, калі будуць ведаць усе адказы на свае пытанні, цалкам разбяруцца ў праўдах веры, пазбавяцца ўсіх сваіх сумненняў і слабасцяў. Але Бог дзейнічае інакш. Ён сустракае чалавека менавіта там, дзе той знаходзіцца сёння, з усімі яго пытаннямі, перажываннямі, няўпэўненасцю і пошукамі, – сказаў біскуп. – Таму служэнне “Альфа” мае такую вялікую каштоўнасць у жыцці сучаснага Касцёла. Галоўная мэта “Альфа” – не проста перадаць чалавеку пэўны аб’ём ведаў пра хрысціянства і не толькі пазнаёміць з вучэннем Касцёла, а дапамагчы зрабіць свой першы свядомы крок насустрач Богу, каб пасля гэтага чалавек ужо не спыняўся, а пастаянна паглыбляў свае адносіны з Езусам”.
“Вельмі важна таксама тое, што “Альфа” стварае прастору, дзе чалавек можа адкрыта і шчыра гаварыць пра сваю веру, цяжкасці, сумненні і жыццёвыя пытанні, не баючыся асуджэння і не адчуваючы неабходнасці ўжо сёння мець адказы на ўсё. Гэта вельмі евангельскі шлях, – сказаў іерарх. – Езус найперш слухаў людзей, дазваляў ім задаваць пытанні, не адкідаў нават тых, хто сумняваўся, з любоўю вёў чалавека да праўды. Менавіта гэтаму павінны вучыцца і ўсе, хто служыць у “Альфа”.

Біскуп дадаў, што служыцель гэтага курса павінен “быць чалавекам вялікай пакоры”, “пытацца не аб тым, колькі людзей яго слухалі, а аб тым, ці сустрэлі людзі праз яго жыццё Хрыста, ці дапамог ён хоць аднаму зрабіць яшчэ адзін крок да Бога”.
“Сёння Касцёл асабліва мае патрэбу ў людзях, якія не баяцца запрашаць іншых да сустрэчы з Хрыстом. Мы жывём у часы, калі многія ўжо не прыходзяць у святыню самі, а чакаюць, каб нехта іх запрасіў, выслухаў, прыняў і паказаў ім Божую любоў. Менавіта гэта адбываецца на “Альфа”. Там чалавек можа адчуць, што Касцёл – супольнасць людзей, якія сустрэлі Хрыста і хочуць дзяліцца гэтай сустрэчай з іншымі. Таму вельмі важна, каб кожны, хто служыць у “Альфа”, памятаў: галоўным героем кожнай сустрэчы з’яўляецца не вядучы, не каманда, не методыка і нават не сама праграма, а Езус Хрыстус, – адзначыў біскуп. – Калі людзі пасля гэтага курса будуць больш захапляцца асобамі служыцеляў, чым Хрыстом, значыць, нешта было зроблена не так. Але калі чалавек разгорне Евангелле, пачне маліцца, палюбіць Эўхарыстыю, адкрые для сябе сакрамэнт пакаяння, знойдзе сваё месца ў жыцці парафіі і пачне будаваць асабістыя адносіны з Богам, можна сказаць, што “Альфа” сапраўды выканала сваю місію”.
Пасля літургіі іерарх адказаў на пытанні служыцеляў у межах дыялогу ў фармаце “пытанне-адказ”, прысвечанага ролі свецкіх людзей у Касцёле. Таксама адбыліся прэзентацыя дзейнасці служыцеляў з Мінска і трэнінг “Навыкі хрысціянскай камунікацыі”, завяршыўся дзень адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і заступніцкай малітвай. У апошні дзень мерапрыемства ўдзельнікі выказалі свае ўражанні, былі падведзены вынікі.
Па словах удзельнікаў, семінар стаў часам духоўнага аднаўлення служыцеляў, іх знаёмства і абмену вопытам.

