08.08.2026

12 ліпеня 2026 https://www.grodnensis.by/

IMG 6009

11 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях завяршыліся святой Імшой з удзелам некалькіх тысяч чалавек штогадовыя дыяцэзіяльныя ўрачыстасці. Сёлета яны праходзілі пад дэвізам “Маці Міласэрнасці – наша Апякунка”, працягваліся два дні, мелі характар падзякі за 35 гадоў з часу аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі i заснавання Гродзенскай дыяцэзіі.

Імшу цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які стаяў ля вытокаў адраджэння Касцёла ў Беларусі і адзначае сёлета сваё 80-годдзе і 45-годдзе святарства. У цэлебрацыі ўдзельнічалі шматлікія святары розных дыяцэзій, сярод духавенства былі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Прысутнічалі прадстаўнікі ўлады, у тым ліку старшыня Воранаўскага райвыканкама Аляксандр Часнойць.

Біскуп Гродзенскі, вітаючы ўдзельнікаў, сказаў: “На працягу многіх стагоддзяў Маці Божая Тракельская нястомна збірае сваіх дзяцей, каб яны, пакідаючы штодзённыя клопаты і цяжары жыцця, знаходзілі тут суцяшэнне, аднаўленне духоўных сіл і жывую сустрэчу з Богам”. “Мы сабраліся, каб прынесці Богу падзяку, давер і просьбы, а таксама яшчэ раз вызнаць, што Марыя сапраўды з’яўляецца для нас Маці Міласэрнасці і Апякункай, – адзначыў біскуп. – Сёлетнія ўрачыстасці маюць выключнае значэнне, паколькі адбываюцца ў час святкавання 35-годдзя аднаўлення касцёльных структур у Беларусі і заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. Гэта благаслаўлёны час падзякі Богу за дар свабоды вызнавання веры, за ўсіх, хто на працягу гэтых гадоў самааддана будаваў жыццё Касцёла на беларускай зямлі, за сведчанне вернасці нашых біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, за незлічоныя Божыя ласкі”.

“Няхай гэтая Эўхарыстыя стане сапраўднай ахвярай падзякі за мінулае, крыніцай Божай ласкі для сённяшняга дня і пачаткам новай надзеі на будучыню нашага Касцёла, – дадаў іерарх. – На гэтай Імшы мы будзем абдымаць малітвай увесь Касцёл, Святога Айца, каб Бог умацоўваў яго ў апостальскім служэнні, Касцёл у Беларусі, асабліва нашу Гродзенскую дыяцэзію, маліцца за нашу Бацькаўшчыну Беларусь, каб Бог благаславіў яе сапраўдным мірам, адзінствам і духоўным адраджэннем, за нашы сем’і, каб яны былі хатнімі Касцёламі, за новыя і святыя пакліканні да святарскага і кансэкраванага жыцця, за ўсіх пілігрымаў, жывых і памерлых дабрадзеяў санктуарыя, і ва ўсіх інтэнцыях, якія прынёс кожны з нас”.

IMG 6090

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, нагадаў, што сёлетні тракельскі фэст асаблівы, бо праходзіць у 35-ю гадавіну заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і ў час перэгрынацыі па яе парафіях копіі цудадзейнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай, галоўнай Апякункі Касцёла на Гродзеншчыне. “У тракельскім санктуарыі мы дзякуем за ласкі, якімі Бог адарыў і працягвае адорваць Касцёл на Гродзеншчыне і ва ўсёй Беларусі, каб ён мог быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення”, – сказаў іерарх. Ён дадаў, што цэлебруе гэтую літургію ў інтэнцыі дарагой яму Гродзенскай дыяцэзіі і ўсіх прысутных, каб яны “ў наш час грозных секулярных выклікаў заставаліся вернымі хрысціянскаму пакліканню”.

Гамілію прамовіў першы біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, які адзначае 50-годдзе святарства і 35-годдзе біскупскага служэння. Засяроджваючы ўвагу на сустрэчы Панны Марыі са святой Альжбетай – падзеі, якая называецца Адведзінамі, – ён сказаў: “Як тады, адразу пасля звеставання, Марыя вырушыла ў дарогу ў дом Альжбеты і Захарыі, так цяпер хоча наведаць кожнага з нас: нашы дамы, месцы вучобы ці працы, а найперш нашы сэрцы. Гэтае Яе жаданне абсалютна натуральнае і зразумелае, бо Яна наша нябесная Маці. А кожная маці хоча быць побач са сваімі дзецьмі: яе цікавіць іх жыццё, яна хоча ім дапамагчы, даць параду, падтрымаць духоўна”.

“Марыя ідзе ў падарожжа да Альжбеты, пераадольвае нялёгкі, няблізкі і небяспечны шлях, бо хоча падзяліцца радаснай навіной, паведаміць сваячцы, што Бог зірнуў на Марыю з любоўю і вызначыў Ёй асаблівую задачу ў гісторыі збаўлення – быць Маці Божага Сына. Безумоўна, Марыя не разумела да канца Божых планаў, але давярала Богу і прымала Яго волю з пакорай і прастатой дзіцяці”, – адзначыў біскуп.

Па яго словах, сцэна сустрэчы Марыі з Альжбетай мае глыбокае тэалагічнае значэнне: “Разам з Марыяй да нас заўсёды прыходзіць Езус. Марыя – самы кароткі і надзейны шлях да Яго. Мы ведаем, што Марыя не ўдзяляе нам ласкі, бо Яна не Бог. Але мы моцна верым у Яе дапамогу і заступніцтва, у моц Яе малітвы”. Біскуп заахвоціў не забывацца таксама дзякаваць Маці Божай “за дар веры і святога хросту, прыналежнасць да Касцёла, сакрамэнты, усе выслуханыя малітвы”.

Кажучы пра 35-гадовае існаванне Гродзенскай дыяцэзіі, іерарх заўважыў: “Найважнейшы факт – што за дзесяцігоддзі пераследу Касцёла і навязвання атэізму вера вытрывала ў чалавечых сэрцах, была перададзена старэйшымі людзьмі новым пакаленням”. Біскуп дадаў, што заўсёды, калі думае пра адраджэнне Касцёла ў Беларусі, успамінае “нашых цудоўных бабуляў”, якія “не толькі не страцілі веры самі і не адракліся ад Хрыста, але і вялі да Бога іншых, асабліва дзяцей і моладзь”. “Я неаднойчы бачыў іх малітоўнікі, спеўнікі і катэхізісы, – распавёў ён. – Гэта старыя пажоўклыя сшыткі і нататнікі з перапісаным уручную тэкстам ці, у лепшым выпадку, друкаваныя на машынцы тэксты, на тоненькай паперы, у многіх экзэмплярах, апошнія з якіх ужо амаль немагчыма было чытаць”.

Біскуп узгадаў пра сустрэчу, якая здарылася ў яго, калі ён быў маладым святаром у Вільні. Пажылая жанчына прыехала з ваколіц Гомеля, каб святар благаславіў зямлю, якую яна прынесла ў слоіках, каб потым, у Беларусі, самастойна праводзіць абрад пахавання: там, дзе яна жыла, паблізу не было тады ні каталіцкай парафіі, ні святара, таму, калі паміраў нехта з католікаў, гэтую жанчыну прасілі здзяйсняць абрад – кідаць на труну жменьку зямлі, якую благаславіў святар. “Я і цяпер узрушаны яе глыбокай і разам з тым простай і даверлівай верай, – сказаў біскуп. – Падзякуем сёння Богу праз Марыю за моцную, нязломную веру тысяч менавіта такіх невядомых па імені, забытых людзьмі, але вядомых Яму адважных і верных сведкаў Хрыста. Няхай вера, захаваная і перададзеная імі, будзе для нас абавязкам, каб, прыняўшы гэты дар ад папярэдніх пакаленняў, перадаць у духоўнай эстафеце тым, хто прыйдзе пасля нас”.

IMG 6131

“Сёння іншыя часы, перад намі стаяць іншыя выклікі, у нас іншыя задачы і абавязкі. Але веры заўсёды патрабуюцца і будуць патрабавацца сведкі, – падкрэсліў біскуп. – Ніколі не будзе лёгка верна ісці за Хрыстом, сведчыць аб сваёй веры словам і справай, даваць іншым прыклад хрысціянскага жыцця. Таму папросім Марыю вымаліць для нас у Бога ласку моцнай і жывой веры. Няхай Марыя навучыць нас, як рабіла гэта сама, несці бліжнім Хрыста”.

Біскуп Гродзенскі ў канцы Імшы падзякаваў прысутным за супольную малітву. Ён адзначыў, што гэтыя ўрачыстасці праходзілі “пад такім блізкім кожнаму верніку дэвізам: “Маці Міласэрнасці – наша Апякунка” і што, пакідаючы Тракелі, удзельнікі “нясуць з сабою Божую ласку, благаслаўленне і мацярынскую апеку Панны Марыі”. Тое, што ўрачыстасці мелі характар падзякі за 35-годдзе з часу аднаўлення касцёльных структур у Беларусі, ён назваў “нагодай з удзячнасцю схіліць галовы перад Божым Провідам, які нястомна вёў наш Касцёл”. “Гісторыя Касцёла на нашай зямлі – перадусім гісторыя Божай ласкі, на якую адказвалі сваім жыццём многія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі”, – сказаў іерарх.

Ён дадаў, што Тракелі – “жывая духоўная школа, дзе Марыя вучыць верыць, любіць, прабачаць, спадзявацца і заставацца вернымі Яе Сыну”. “Кожнае пакаленне адкрывае тут, што Маці Божая сапраўды з’яўляецца Маці Міласэрнасці, якая не стамляецца выслухоўваць сваіх дзяцей і весці іх да Езуса Хрыста. Менавіта таму Тракелі павінны заставацца духоўным домам кожнага католіка нашай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі, – сказаў біскуп. – Няхай ніколі не спыняецца сюды паток пілігрымаў, бо пакуль дзеці ідуць да сваёй Маці, жывая іх вера, жывая надзея і жывы Касцёл”.

Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасцяў, сказаў: “Перад абразом Маці Божай Тракельскай кожны з нас можа распазнаць сваю ўласную гісторыю: цяжкасці, якія мы перажываем, пытанні, што нас турбуюць, і надзеі, якія мы не хочам страціць. Марыя прымае нас такімі, якія мы ёсць, і запрашае дазволіць Хрысту паглядзець на нас”. Пілігрымку ў санктуарый арцыбіскуп назваў “актам даверу, крокам, які кажа Пану, што мы хочам аддаць сваё жыццё ў Яго рукі”. “Марыя вучыць глядзець на рэчаіснасць чыстымі вачыма, не дазваляць страху перамагчы нас, не паддавацца спакусе замкнуць сэрца, – дадаў іерарх. – Яна нагадвае нам, што вера – не мімалётнае пачуццё, а штодзённы выбар, які прадугледжвае слуханне Слова, захаванне спакою, пакорнае служэнне і пошук дабра нават тады, калі гэта каштуе. У гэтым санктуарыі Марыя заклікае нанова адкрыць тое, што з’яўляецца істотным: сэрца, якое верыць; надзею, якая не гасне; любоў, якая не стамляецца”.

IMG 6207

Старшыня Воранаўскага райвыканкама Аляксандр Часнойць у віншавальным слове да духавенства, парафіян і пілігрымаў сказаў: “Прыміце самыя шчырыя віншаванні з гэтай вялікай урачыстасцю – святам у гонар цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай. Гэтая святыня з’яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай Воранаўскага раёна, сапраўдным «духоўным сэрцам», сімвалам непахіснасці веры і адданасці людзей традыцыям хрысціянства. Стагоддзямі тракельская святыня аб’ядноўвае людзей, натхняе на міласэрнасць і добрыя справы, служыць захаванню традыцый і духоўных каранёў.

Гэты дзень асаблівы для ўсіх нас, бо праз святы абраз Маці Божая праяўляе сваю ласку і апеку над вернікамі, абуджае ў сэрцах людзей любоў і міласэрнасць, згоду і патрыятызм”.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у слове ў канцы літургіі сказаў, што Панна Марыя – “маяк на моры грахоўнай цемры ХХІ стагоддзя”, “Яе згода з Божай воляй – ключ да разумення рэалізацыі Божага плану збаўлення чалавецтва, а наша згода – ключ да шчаслівага жыцця”. “Свет перажывае глыбокі крызіс веры, што вядзе да захаплення прапановамі лёгкага шчасця, – дадаў іерарх. – Без веры ў Бога можна быць паспяховым, але не шчаслівым, бо свет з яго каштоўнасцямі мінае, а Бог, у якім нашае шчасце, застаецца. Мы павінны заставацца вернымі вучэнню Езуса і адмовіцца ад кампрамісаў у захаванні Божага закону. Дапамога ў гэтым – міласэрная Божая Маці”.

Арцыбіскуп выказаў прысутным пажаданне словамі Яна Паўла ІІ, сказанымі ў Вострай Браме ў Вільні ў 1993 г.: “Вяртайцеся з сэрцамі, напоўненымі верай у перамогу жыцця над смерцю, дабра над злом, святла над цемрай, свабоды над духоўным рабствам”.

Пакінуць адказ