
13 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шчучыне адзначыў 25-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння а. Ян Асіповіч з Ордэну піяраў, якія служаць у мясцовай парафіі.
На святкаванні прысутнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, шматлікія святары і кансэкраваныя асобы, госці і вернікіі парафіі, у тым ліку маці юбіляра.
Пробашч парафіі а. Аляксандр Махнач SP прывітаў прысутных (у гэты дзень Касцёл аддае пашану Маці Божай Фацімскай) і заахвоціў выказаць падзяку Богу за святарства і руплівае служэнне айца Яна.
Біскуп Уладзімір Гуляй у гаміліі сказаў: “Юбілей святарства – перадусім сведчанне Божай вернасці, якая на працягу гадоў нястомна суправаджае чалавека, якога Пан паклікаў, асвяціў і паслаў служыць свайму народу. Дваццаць пяць гадоў святарства – гэта чвэрць стагоддзя штодзённага “так”, якое святар паўтарае Богу не толькі ў моманты радасці і духоўнага ўздыму, але таксама ў хвіліны стомленасці, цяжару, чалавечай слабасці і тых ціхіхвыпрабаванняў, якія ведае толькі сэрца святара і сам Бог”.
“Варта сёння задаць сабе вельмі важнае пытанне: адкуль нараджаецца такое пакліканне? – адзначыў біскуп. – Пакліканне вельмі часта пачынаецца ў сям’і. Пачынаецца з бацькоўскай малітвы. З прыкладу веры. З нядзельнай Эўхарыстыі. З простага крыжа ў доме. З таго моманту, калі дзіця бачыць, што Бог сапраўды жыве ў жыцці бацькоў. І таму сёння асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць бацькам айца Яна. Дарагой матулі – спадарыні Людміле, якая разам з намі. Тату – святой памяці Яну, які таксама разам з намі дзякуе Богу за дар сына-святара. Брату нашага юбіляра – Сяргею. Сённяшні юбілей – гэта таксама ваш юбілей. Бо святарскае пакліканне сына вельмі часта вырастае з вашай веры, вашай малітвы, вашай ахвяры і вашага штодзённага сведчання жыцця”.

“Святарства немагчыма перажыць толькі на аснове абавязку, структуры ці дысцыпліны, – звярнуў увагу біскуп. – Калі ў сэрцы святара не будзе любові да Бога і чалавека, тады святарства стане цяжарам. І таму сапраўдная веліч святарства заўсёды выяўляецца не ў знешніх рэчах, а ў здольнасці любіць. Любіць Касцёл нават тады, калі гэта патрабуе ахвяры. Любіць людзей нават тады, калі чалавек сустракаецца з неразуменнем. Любіць сваё пакліканне нават тады, калі прыходзіць стомленасць”.
“Святарства – гэта не толькі дзейнасць, – заўважыў іерарх. – Гэта перадусім жыццё з Богам. Без малітвы святар вельмі хутка становіцца толькі рэлігійным функцыянерам. Без малітвы чалавек пачынае губляць унутраны агонь. Без малітвы сэрца паволі стамляецца. І таму ўсе вялікія святыя святары былі перадусім людзьмі малітвы”.
“Святар пакліканы заўважаць чалавека. Яго боль. Яго разгубленасць. Яго духоўную смагу. Яго ціхія пакуты. Святар павінен быць чалавекам адкрытага сэрца. Не чалавекам халоднай дыстанцыі. Не чалавекам толькі структур. А чалавекам, які ўмее быць побач. І Марыя ў Кане кажа словы, якія павінны быць праграмай жыцця кожнага хрысціяніна, а асабліва святара: «Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа», – нагадаў біскуп. – Гэта сутнасць святарства. Святар не абвяшчае сябе. Не будуе сябе. Не вядзе людзей да сябе. Ён павінен весці людзей да Хрыста. Усё сапраўднае святарства заўсёды празрыстае для Бога”.
“Парафіяльная супольнасць – глеба, у якой ўкараняецца пакліканне, – дадаў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі. – Калі глеба ўрадлівая – святар квітнее. І мне здаецца, што сёння ўсе мы можам сказаць з гонарам і радасцю: у Шчучыне святарства айца Яна прыносіць добрыя плады”.
“Сённяшні дзень – гэта перадусім дзень удзячнасці Богу за Яго вернасць. Бо калі чалавек застаецца верным свайму пакліканню, то гэта заўсёды найперш плод Божай ласкі”, – падкрэсліў біскуп. Ён пажадаў юбіляру, каб гэтая дата была для яго “момантам радасці, але таксама момантам чарговага «так», сказанага Богу”, каб дваццаць пяць гадоў святарства сталі для яго “як дваццаць пяць раздзелаў адной кнігі, а наступныя гады – яе далейшым працягам, напісаным ласкай, любоўю і штодзённай вернасцю”.

У канцы літургіі юбіляр падзякаваў удзельнікам за прысутнасць у гэты важны для яго дзень. Ён сказаў: “Шчыра дзякую Богу за дар святарскага і манаскага паклікання. Удзячны Богу за кожны удзелены сакрамэнт, за кожнага чалавека, якога спаткаў на сваёй святарскай, манаскай і жыцёвай дарозе, за кожную параду і падтрымку з боку іншых”.
Айцец Ян выказаў удзячнасць усім, хто суправаджаў яго на працягу гэтых гадоў. Асаблівую падзяку ён выказаў бацькам – “за любоў, падтрымку і малітву”, якія “заўсёды вялі” яго. Сваёй маці ён сказаў: “Менавіта дзякуючы табе я навучыўся слухаць голас Божы і смела прытрымлівацца свайго паклікання да святарства. Вы з татам для мяне заўсёды застанецеся ўзорам веры, настойлівасці і дабрыні – няхай благаславіць і аддзячыць Бог за ўсё, што зрабілі для мяне”.
Юбіляр падзякаваў Богу за “ласку паклікання, нязменную падтрымку і любоў”, а ўсім прысутным – за “дабрыню, давер і сумеснае стварэнне супольнасці”. “Кожны дзень гэтага служэння быў для мяне дарам і абавязкам – няхай Бог благаславіць нас усіх на доўгія гады!” – сказаў святар.
Пасля Імшы адбыліся працэсія ў гонар Маці Божай і фацімскае набажэнства.
