21.05.2026

Паводле: grodnensis.by / Catholic.by

Марыйны месяц май прынясе вялікую радасць Касцёлу ў Беларусі — прэзбітэрскія пасвячэнні атрымаюць ажно восем дыяканаў.

У суботу 2 мая прэзбітэрскае пасвячэнне прымуць дыяканы Антон Тышко з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім і Андрэй Януль з парафіі Божай Міласэрнасці ў вёсцы Пагошча Браслаўскага дэканата.

Удзеліць пасвячэнне біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага на святой Імшы ў 11.00.

У суботу 23 мая ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя прымуць пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату шасцёра дыяканаў.

Пасвячэнне прымуць дыяканы Максім Ваўчок з парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах, Марцін Лудзіч з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат), Яраслаў Казлоўскі з парафіі святога Юзафа ў Гродне (дэканат Гродна-Усход), Дзмітрый Роўны з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат), Віталій Сямёнаў і Аляксей Ціхан з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Усе яны выпускнікі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Удзеліць пасвячэнне біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Святая Імша, на якой яно адбудзецца, пачнецца ў 12.00.

Вернікаў просяць маліцца за дыяканаў, каб яны найлепшым чынам падрыхтаваліся да пасвячэння і рупліва служылі Касцёлу.

Таксама Касцёл заахвочвае да нястомнай малітвы ў інтэнцыі святарскіх і манаскіх пакліканняў.

Пакінуць адказ