21.05.2026

Паводле: grodnensis.by / Catholic.by

Ілюстрацыйнае фота

Святары Ордэну піяраў распачынаюць малітоўную акцыю «Духоўнае ўсынаўленне выпускніка». Яна будзе праходзіць з 1 мая па 5 чэрвеня.

Сутнасць гэтай акцыі — малітоўная падтрымка выпускнікоў, ініцыяваная айцамі піярамі (манаскай супольнасцю святароў і братоў, заснаванай святым Юзафам Каласансам, галоўная мэта якой — навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі) у 2013 годзе. Удзельнікамі акцыі з’яўляюцца самі выпускнікі — тыя, хто сёлета здае выпускныя экзамены і тэсты, — і ўсе, хто хоча падтрымліваць іх у гэты час сваёй малітвай.

У межах акцыі за выпускнікоў будуць маліцца і самі піяры.

Далучыцца да акцыі запрашаюцца ў першую чаргу настаўнікі і бацькі выпускнікоў.

Спасылка на Telegram-бот для выпускнікоў, калі яны маюць патрэбу ў такой малітоўнай падтрымцы.

Кожнаму выпускніку, які далучыцца да акцыі, будзе адпраўлена падцвярджэнне таго, што яго ўзялі пад духоўную апеку.

Запісвацца можна да 30 красавіка.

Спасылка на Telegram-бот для тых, хто хоча падтрымаць выпускнікоў малітвай.

Кожны, хто захоча стаць такім чынам духоўным апекуном выпускніка, даведаецца імя і прозвішча таго выпускніка, за якога абавязваецца маліцца кожны дзень з 1 мая па 5 чэрвеня, і атрымае неабходныя для гэтага малітвы.

Харызматам айцоў піяраў (Ордэна Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў) з’яўляецца клопат пра выхаванне дзяцей і моладзі. Назва «піяры» паходзіць ад лацінскага выразу Scholae Piae — пабожныя школы. Заснавальнікам ордэна з’яўляецца святы Юзаф Каласанс. У Беларусі піяры служаць у Лідзе і Шчучыне (Гродзенская дыяцэзія), ведучы агульнае душпастырства вернікаў з асаблівым акцэнтам на дзяцей і моладзь.

Пакінуць адказ