25 сакавіка 2026

25 сакавіка гродзенская святыня Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адзначыла адпустовую ўрачыстасць. У гэты дзень святкуецца Звеставанне Пана.
У рэктаральным касцёле адбылася Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Прысутнічалі святары і вернікі розных парафій горада, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, манахіні Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
У гаміліі біскуп сказаў, што ўрачыстасць Звеставання адкрывае “не толькі пачатак нашага збаўлення, але і веліч таямніцы Божага ўвасаблення, калі вечнае Слова становіцца целам і ўваходзіць у гісторыю чалавека”, “Божы план, які быў задуманы яшчэ перад стварэннем свету і сёння здзяйсняецца праз пакорнае і поўнае даверу “так” Найсвяцейшай Панны Марыі”.
“Словы, якія калісьці былі абяцаннем, сёння становяцца рэальнасцю, бо Бог сапраўды становіцца блізкім чалавеку, не ў сіле і магутнасці, а ў пакоры і цішыні, у таямніцы жыцця, якое пачынаецца пад сэрцам Маці. І тут мы бачым, як Божы план не навязваецца чалавеку сілай, а чакае адказу”, – дадаў біскуп.
Ён звярнуў увагу на тое, што Панна Марыя, калі пачула прапанову стаць Маці Божага Сына, была “простай дзяўчынай, сэрца якой, аднак, было адкрыта для Бога”. “У Яе няма чалавечых гарантый, Яна не разумее да канца, як гэта здзейсніцца, але, нягледзячы на страх і невыразнасць будучыні, вымаўляе словы, якія змянілі гісторыю свету: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”. Гэтае “так” Марыі – не проста словы, гэта акт веры, акт даверу, акт любові, які адкрывае дарогу для ўцелаўлення Божага Слова, – патлумачыў іерарх. – І ў гэтым “так” мы адкрываем праўду пра чалавека – што чалавек становіцца вялікім не тады, калі кантралюе, а тады, калі давярае; не тады, калі валодае, а тады, калі прымае; не тады, калі навязвае сваю волю, а тады, калі адкрываецца на Божую”.

Ва ўрачыстасць Звеставання Пана адзначаецца Дзень святасці жыцця (яго ўстанаўленню папярэднічалі словы Яна Паўла ІІ у энцыкліцы 1995 г. “Evangelium Vitae”). У сувязі з гэтым біскуп сказаў: “Менавіта ў момант Звеставання жыццё Езуса пачынаецца ва ўлонні Марыі, і гэтым самым Бог паказвае нам, што кожнае чалавечае жыццё, з самага пачатку, з’яўляецца святым, непаўторным і бясцэнным дарам. Жыццё пачынаецца не тады, калі становіцца бачным для іншых, не тады, калі чалавек ужо можа гаварыць або дзейнічаць, а ў той момант, калі Бог дае душу і пакліканне, калі ў таямніцы, часта нябачнай для чалавечага вока, пачынае біцца сэрца новага чалавека. І таму Касцёл сёння з асаблівай настойлівасцю кажа: жыццё – гэта дар, а не прадукт; гэта таямніца, а не рэч; гэта святасць, а не матэрыял для маніпуляцыі. Таму ніхто не мае права гэты дар знішчаць і ніхто не можа прысвойваць уладу над жыццём, якое належыць Богу”.
“Гэтае сцвярджэнне павінна стаць нашай канкрэтнай пазіцыяй, нашым сведчаннем, нашым спосабам жыцця. Бо абараняць жыццё – гэта не толькі выступаць супраць зла, але і будаваць культуру любові, прымаць дзяцей як дар, падтрымліваць сем’і, быць побач з тымі, хто перажывае цяжкасці, хто стаіць перад складанымі выбарамі, хто, магчыма, адчувае страх перад будучыняй. І таму Дзень святасці жыцця – заклік не толькі да разважання, але і да дзеяння, да адказнасці, да канкрэтных крокаў, – патлумачыў біскуп. – Гэта заклік да бацькоў – каб яны прымалі жыццё як дар; заклік да моладзі – каб яна вучылася адказнасці і любові; заклік да грамадства – каб яно абараняла жыццё, а не пагражала яму; заклік да Касцёла – каб ён быў месцам прыняцця, падтрымкі і надзеі”.
Біскуп падзякаваў манахіням Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, якія служаць у гродзенскім рэктаральным касцёле. Па яго словах, яны даюць “сведчанне таго, што значыць служыць жыццю, ахвяраваць сябе дзеля іншых, жыць духам Назарэта – духам цішыні, вернасці, штодзённай любові і служэння”, іх прысутнасць у гэтай парафіі – “не толькі дапамога ў душпастырстве, але і знак таго, што жыццё, прысвечанае Богу, становіцца благаслаўленнем для іншых”, а іх харызма “нагадвае пра каштоўнасць сям’і, святасць штодзённасці, прысутнасць Бога ў простых справах”.
Зноў засяроджваючы ўвагу на згодзе Панны Марыі стаць Маці Божага Сына, біскуп адзначыў, што ёсць “глыбокае адзінства паміж паслухмянасцю Хрыста і даверам Марыі, паміж “так” Сына і “так” Маці”. “Гэтае адзінства становіцца ўзорам для нас, бо хрысціянства – гэта не толькі вера ў Бога, але і жыццё з Богам, жыццё ў Божай волі, – дадаў ён. – Хрысціянскае жыццё – гэта не толькі выкананне запаведзяў, але найперш адказ на Божы заклік, адказ, які патрабуе даверу, пакоры і гатоўнасці ісці за Богам нават тады, калі дарога не зусім ясная”.
“У Дзень святасці жыцця мы пакліканы асаблівым чынам маліцца за жыццё – за жыццё ненароджаных, за жыццё дзяцей, за жыццё маладых людзей, за жыццё сем’яў, за жыццё старых і хворых, за кожнага чалавека, які носіць у сабе вобраз Бога. Мы пакліканы таксама маліцца за тых, хто страціў надзею, хто адчувае цяжар жыцця, хто, магчыма, думае, што яго жыццё не мае каштоўнасці – каб яны адкрылі, што Бог любіць іх і што іх жыццё мае сэнс. Мы пакліканы маліцца за тых, хто стаіць перад цяжкім выбарам – каб яны мелі мужнасць выбраць жыццё, сустрэлі людзей, якія падтрымаюць іх, дапамогуць ім, пакажуць ім, што жыццё – дар, а не цяжар. І нарэшце, мы пакліканы самі стаць абаронцамі жыцця – у нашых сем’ях, нашых парафіях, нашым грамадстве. Няхай Марыя вучыць нас слухаць Бога, прымаць Яго слова і жыць паводле яго”, – сказаў біскуп.
У канцы літургіі прысутныя мелі магчымасць паводле звычаю Дня святасці жыцця ўзяць на сябе абавязак духоўнага ўсынаўлення ненароджаных дзяцей.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі https://grodnensis.by/
