09 студзеня 2026

Паважаныя браты ў святарстве, дарагія кансэкраваныя асобы, любыя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!
З вялікім болем у сэрцы мы прынялі вестку пра пажар, які 14 снежня закрануў парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата, біскупа, у гарадскім пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна. У выніку гэтага трагічнага здарэння быў істотна пашкоджаны дах святыні. Паводле высноваў службаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, прычынай пажару стала зношаная электрычная праводка.
Гэтая падзея глыбока закранула не толькі парафіян Сапоцкіна, але і ўсю нашу дыяцэзіяльную супольнасць. Касцёл – гэта не толькі будынак, але перш за ўсё месца малітвы, сустрэчы з Богам і крыніца духоўнай моцы для многіх пакаленняў вернікаў.
Кіруючыся духам евангельскай любові і хрысціянскай салідарнасці, пастанаўляю, каб 18 студзеня ва ўсіх касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі адбыўся збор ахвяраванняў на рамонт касцёла ў Сапоцкіне.
Ахвяраванні будуць збірацца пасля кожнай святой Імшы. Сардэчна заклікаю ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, адкрыць свае сэрцы і паводле магчымасцяў падтрымаць супольнасць, якая апынулася перад цяжкім выпрабаваннем. Нягледзячы на вялікую ахвярнасць мясцовых вернікаў, выдаткі на аднаўленне святыні значна перавышаюць іх магчымасці.
Няхай наш агульны жэст дапамогі стане бачным знакам таго, што Касцёл – гэта адна сям’я, у якой боль аднаго становіцца болем усіх, а надзея аднаго – надзеяй усіх.
Выказваю глыбокую ўдзячнасць усім, хто ўжо прыйшоў з дапамогай, і ўсім, хто яшчэ адгукнецца на гэты заклік. Няхай Пан, які бачыць кожнае адкрытае сэрца, узнагародзіць вас сваёю ласкай.
На ўсіх ахвярадаўцаў і на ўсю нашу дыяцэзіяльную супольнасць ад усяго сэрца заклікаю Божае благаслаўленне.
Уладзімір Гуляй
Біскуп Гродзенскі
