15.02.2026

23 снежня 2025

swieta rodzina3

Шаноўнае духавенства, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і ўсе людзі добрай волі!

Прабываючы ў радаснай атмасферы святаў Божага Нараджэння, складаем вам самыя сардэчныя пажаданні і молімся, каб Дзіцятка Езус напоўніў вас супакоем і патрэбнымі ласкамі.

Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае нядзелю Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа. Чытанні, прапанаваныя нам на сёння, нагадваюць пра паслухмянасць Богу і асноўныя прынцыпы сямейнага жыцця. Аднак найбольш дасканалым узорам для нашых сем’яў з’яўляецца Святая Сям’я. Назіраючы за жыццём Езуса, Марыі і Юзафа, мы вучымся бацькоўскім і дзіцячым устаноўкам, а Бог заўсёды застаецца нашым найвышэйшым арыенцірам.

У свята Святой Сям’і мы традыцыйна заканчваем дзевяцімесячную малітву за зачатае чалавечае жыццё, якому пагражае аборт. Так званае духоўнае ўсынаўленне ўжо шмат гадоў з’яўляецца важнай часткай жыцця хрысціян на нашых землях. Абавязак маліцца за зачатае дзіця датычыцца не толькі католікаў, але і вызнаўцаў іншых рэлігій.

Сёння хочам падзякаваць усім вам за трывалую, сістэматычную малітву ў гэтай інтэнцыі, такой важнай для нашай радзімы і ўсяго чалавецтва. Нас цешыць тое, што ўсё больш людзей разумее, што чалавечае жыццё — найважнейшая каштоўнасць і яго трэба абараняць ад моманту зачацця да натуральнай смерці.

Жадаем, каб надыходзячы 2026 год быў для вас паспяховым і благаслаўлёным, а адказнасць за зачатае чалавечае жыццё стала важнай часткай вашага жыцця.

Няхай гэтым старанням і ініцыятывам спадарожнічае наша пастырскае благаслаўленне, якое ад усяго сэрца вам удзяляем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Біскуп Антоні Дзям’янка

Старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ

Паведамленне належыць прачытаць ва ўсіх святынях Беларусі ў нядзелю Святой Сям’і, 28 снежня 2025 г.

https://grodnensis.by/

Пакінуць адказ