ДУШПАСТЫРСКІЯ АБ’ЯВЫ
на ІV-ю Нядзелю Адвэнту /A/
21.12.2025г.
- Сёння ў наш касцёл на пачатку св. Імшы а 10:00 гадз. прыбудзе бэтлеемскі агонь, які можна будзе ўзяць да дому пасля кожнай св. Імшы на працягу ўсіх дзён да 24 снежня (уключна). Для гэтага трэба прынесці свечку або лампадку.
- Таксама сёння пасля св. Імшы а 11:30 адбудзецца чарговая сустрэча для маладых сем’яў нашай парафіі.
На гэтым тыдні:
- 24 снежня (ср) – Вігілія Божага Нараджэння. У гэты дзень а 7:00 будзе апошняя раратняя св. Імша. Вечарам св. Імшы не будзе, таму што збіраемся ў нашых сем’ях на вігілію (куццю). Нагадваем пра рэлігійны характар вігілійнай вячэры ў нашых сем’ях. З даўніх часоў у Касцёле на нашай зямлі існýе традыцыя захоўвання посту 24 снежня, таму стрáвы павінны быць поснымі, а на вігілійным стале недапушчальны алкаголь.
- 25 снежня (чц) – Урачыстасць Божага Нараджэння. Святыя Імшы ў нашым касцёле адбудуцца: апоўначы (пастэрка), на якую ўсіх сардэчна запрашаем, у дзень св. Імшы будуць а 10:00 і ў 11:30
- З 25 снежня па 1 студзеня – Актава Божага Нараджэння. Гэта значыць, што 8-м дзён у літургіі Касцёла будзем святкаваць як адзін святочны дзень, які адлюстроўвае таямніцу Богаўцелаўлення. Заахвочваем да ўдзелу ў штодзённых св. Імшах падчас каляднай актавы.
- 26 снежня (пт) – свята св. Стэфана, дыякана і мучаніка. Пасля кожнай св. Імшы адбудзецца абрад благаслаўлення аўса. Святыя Імшы будуць а 9:00 і ў 18:30.
- 27 снежня (сб) – свята св. Яна Апостала і Евангеліста. Пасля кожнай св. Імшы адбудзецца абрад благаслаўлення віна.
- 28 снежня (нд) – свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа. У гэты дзень будзем дзякаваць Богу за дар жыцця і перапрашаць за забойства ненароджаных дзяцей.
- Рараты на гэтым тыдні будуць у панядзелак, аўторак і сераду. Апошняя св. Імша раратняя для дзяцей адбудзецца заўтра, у панядзелак.
Іншыя аб’явы:
- У сувязі з актавай Божага Нараджэння, кс. біскуп Уладзімір удзяляе дыспенсацыю ад абавязку ўстрымання ад спажывання мясных страваў на бліжэйшую пятніцу, 26 снежня. Тыя, хто будзе карыстацца дыспенсацыяй павінен у гэты дзень памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца, а таксама аб новыя пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця.
- Сёлета ў нашай парафіі праходзіць конкурс на самы крэатыўны Калядны вянок (Рождественский венок), зроблены сваімі рукамі. Гатовыя „Вянкі” неабходна было прынесці сёння, а падвядзенне вынікаў адбудзецца ў наступную нядзелю – 28 снежня, на св. Імшы а 11:30.
- У касцёльным кіёску можна набываць аплаткі, календары на наступны год, ёсць новы нумар газеты “Слова Жыцця”, а таксама “Калядныя свечкі” ад “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі. Сабраныя сродкі ад продажу свечак будуць прызначаны на дапамогу дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе.
- У сакрыстыі ёсць магчымасць запісвацца на Душпастырскае адведванне сем’яў. Нагадваем, што на каляду запісваем да 24 снежня (уключна)! Каляда распачнецца з 29 снежня.
- Нагадваем, што каля алтара знаходзіцца старажытная фігура св. Марціна з Будслаўскага санктуарыя. У адвэнце распачалася акцыя дапамогі па аднаўленні фігур святых з будслаўскай святыні. Наша парафія далучылася да гэтага мерапрыемства і ў сувязі з гэтым, хто хацеў бы дапамагчы ў аднаўленні дадзенай фігуры (св. Марціна), можа скласці добраахвотныя ахвяраванні ў скарбонку, якая знаходзіцца побач.
- Дзякуем усім за супольную малітву, за ўсе ахвяраванні і жадаем благаслаўлёнага новага тыдня!
- На мінулым тыдні з нашай парафіяльнай супольнасці адышоў у вечнасць святой памяці: Гук Генрых. Wieczny odpoczynek racz mu dać Panie…
