Р ы м с к а – к а т а л і ц к а я п а р а ф і я
cв. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне
Д У Ш П А С Т Ы Р С К І Я А Б ’ Я В Ы
на
XXX Нядзелю /C/
Урачыстасць гадавіны асвячэння ўласнага касцёла
26.10.2025 г.
- Сёння ў Касцёле Урачыстасць гадавіны асвячэння ўласнага касцёла. Таму і наша парафія сёння дзякуе Пану Богу за дар уласнай святыні. Памятайма сёння ў нашых малітвах аб святарах, якія служылі і сёння служаць у нашым касцёле, аб ахвярадаўцах, а для памерлых выпрóшвайма ласку вечнага жыцця. Сёння, таксама молімся ў інтэнцыі нашага пастыра біскупа Уладзіміра з нагоды 1-й гадавіны інгрэсу.
- 28 кастрычніка (ат) – Свята святых Сымона і Юды Тадэвуша, Апосталаў. У гэты дзень у сваіх малітвах памятайма пра арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды яго імянін.
- 31 кастрычніка (пт) завяршаецца месяц ружанцовай малітвы. Запрашаем на супольны ружанец штодзённа а 18.30.
Сёння ружанец а 15.30.
Нагадваем, што да 31 кастрычніка ў сакрыстыі прымаем запіскі з імёнамі памерлых на выпамінкі.
- Усе мы павінны паклапаціцца, каб перад надыходзячай Урачыстасцю Усіх святых і ўспамінам Усіх памерлых прыбраць магілы сваіх родных і блізкіх. Годным успамінам аб памерлых з’яўляецца запалены на магіле зніч (лампадка) і кветкі, але перш за ўсё — гэта наша малітва і прыняцце Святой Камуніі ў інтэнцыі памерлых.
- Наша парафія атрымала афіцыйны дазвол ад мясцовай улады на правядзенне працэсій, таму, бяспечна зможам правесці нашы традыцыйныя працэсіі 1 і 2 лістапада.
- 1 лістапада (сб) – Каталіцкі Касцёл адзначае Урачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і ўшаноўваюць усіх святых — як вядомых, так і невядомых, — якія ўжо дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у вечнасці. Гэта таксама першая субота месяца. У гэты дзень у нашым касцёле: а 9.00 распачнецца выпамíнкавы ружанец за памерлых і а 10.00 – св. Імша.Пасля св. Імшы а 10.00 гадз. адбудзецца працэсія на могілкі па вул. Цітова іна камунальныя могілкі за аб’яздной дарогай. Набажэнства да Беззаганнай Панны Марыі адбудзецца пасля вячэрняй св. Імшы.
- 2 лістапада (нд) – Успамін усіх памерлых вернікаў і першая нядзеля месяца (адарацыйная). Згодна з традыцыяй, у гэты дзень наведваем мóгілкі і асаблівым чынам молімся за памерлых. Пасля св. Імшы а 10.00 адбудзецца кароткая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пасля благаслаўлення распачнецца працэсія на каталіцкія могілкі па вул. Рачной. Не будзе св. Імшы а 11.30. Таму, дзецям, трэба будзе прыйсці на св.Імшу а іншай гадзіне. А 15.00 распачнецца выпамíнкавы ружанец і а 16.00 – св. Імша. Пасля св. Імшы будзе змена ружанцóвых таямніцаў. Інтэнцыя на месяц лістапад: Малітва ў інтэнцыі ўсіх малітоўных груп, якія дзейнічаюць у парафіях нашай дыяцэзіі, каб яны годна выконвалі свае абяцанні і ўчынкі міласэрнасці.
- Выпамінкі і св. Імша на мóгілках у Тапілішках адбудуцца ў суботу (1 лістапада) а 15.30, а ў Барташах у нядзелю (2 лістапада) а 13.30.
- З 1 па 8 лістапада ў Касцёле будзе трываць Актава ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў.
- Памятайма, што падчас Актавы ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, Касцёл даé нам магчымасць атрымаць поўны адпуст або на працягу года частковы адпуст.
Варта ўзгадаць пра тое, чым з’яўляецца поўны адпуст і частковы адпуст.
Падчас споведзі Бог праз паслугу святара адпускае чалавеку вінý за грахі, але наступствы граху застаюцца (г.зн. часóвае пакарáнне).
Поўны адпуст — гэта калі чалавеку цалкам прабачаецца часовае пакаранне.
Мы, католікі, верым, што калі ахвяруем адпуст за памерлага, то ён поўнасцю ачышчаецца з грахоў і ідзе ў вечнае жыццё.
Атрымаць поўны адпуст — гэта значыць ліквідавáць наступствы граху.
Каб атрымаць поўны адпуст неабходна:
1) Быць католікам у стане асвячальнай ласкі г.зн. быць пасля споведзі (неабавязкова спавядацца менавіта ў гэты дзень — можна зрабіць гэта загадзя);
2) Прыняць св. Камунію;
3) Памаліцца ў інтэнцыях, у якіх моліцца Папа Леў XIV;
4) Наведаць мóгілкі.
Частковы адпуст — гэта, па сутнасці, кожная наша малітва, напр. ружанец ці літанія. Ахвяруючы гэтыя малітвы за памерлых на працягу ўсяго года, мы набліжаем іх збаўленне.
Падчас Актавы ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў (1-8 лістапада), адпуст можна атрымаць толькі за аднаго памерлага (на працягу дня). Нашы малітвы і адпуст ніколі не бываюць марнымі: нават калі мы не ахвяруем іх за кагосьці канкрэтна, Пан Езус «накіруе» іх у інтэнцыі тых, каму гэта неабходна. Што тычыцца 2 лістапада (Дня ўсіх памерлых вернікаў), за пабожны ўдзел у св. Імшы і малітву за памерлых можна будзе атрымаць поўны адпуст два разы, ахвяраваўшы яго за двух памерлых. Таксама вернік павінен мець намéр (інтэнцыю) атрымаць адпуст. Калі такога ўсведамлення ў чалавека няма, то адпуст ён не атрымае.
- Маліцца за памерлых у нашым касцёле будзем да 15 лістапада ўключна.
- У сакрыстыі можна набываць лампадкі (знічы), а таксама іншыя дэвацыяналіі.
- Ёсць новы нумар газеты “Слова Жыцця”. Выходзячы з касцёла заахвочваем браць і чытаць каталіцкую прэсу.
- З душпастырскімі аб’явамі можна азнаёміцца на дошцы аб’яў або на інтэрнэт- старонцы: www.pijary.info
- Дзякуем усім Вам за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні! Жадаем ўсім Вам добрага нядзельнага дня і благаслаўлёнага новага тыдня!
