06.03.2026

 Р ы м с к а – к а т а л і ц к а я   п а р а ф і я

св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне

Д У Ш П А С Т Ы Р С К І Я  А Б ’ Я В Ы 

на

Пальмóвую нядзелю – Мýкі Пана /С/

13.04.2025 г.

  • Сёння Пальмóвая (або вербная) нядзеля. У Касцёле распачаўся Вялікі Тыдзень Мýкі Пана. Падчас кожнай св. Імшы благаслаўляюцца вербы. Пасля св. Імшы а 11.30 адбудзецца конкурс для дзяцей у двух намінацыях: “Найпрыгажэйшая вярба” і “Найбольшая вярба”
  • Сёння Песні Жáльбы (Gorzkie żale) а 15.30.

СВЯТЫ ПАСХАЛЬНЫ ТРЫДУУМ

17 красавіка

Вялікі Чацвер

а 10.00 – Імша Хрызма ў катэдральным касцёле ў Гродне з біскупам        і ўсімі святарамі. Таму, у нашым касцёле ў чацвер раніцай а 10.00     не будзе св. Імшы.

Вечарам а 19.00Св. Імша Вячэры Пана і распачацце святога Пасхальнага Трыдуума. У гэты дзень Пан Езус устанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі і Пасвячэння, таму ў гэты дзень асаблівым чынам будзем маліцца за ўсіх святароў, а таксама аб новых святарскіх пакліканнях. Пасля Св. Камуніі адбудзецца перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цямніцу. Пасля літургіі з галоўнага алтара будзе зняты абрус, а табэрнакулюм застанецца пустым               і прыадчыненым ажно да Вігіліі Пасхальнай. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цямніцы будзе трываць да 22.00 гадз.

 18 красавіка

Вялікая Пятніца

У гэты дзень, а таксама ў суботу да вечара, згодна са старадаўняй традыцыяй, Касцёл не цэлебруе Св. Імшу. У другой палове дня адбудзецца Літургія Мýкі Пана, цэнтральнай часткай якой з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. У гэты дзень прадпісаны абавязковы сціслы пост – г. зн. на працягу дня можна паесці толькі адзін раз дасыта і два разы лёгка, устрымліваючыся ад мясных страў.

Пасля Літургіі Мýкі Пана і ў суботу ажно да Вігіліі Пасхальнай перад Крыжам укленчваем, як перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                      Адарацыя Найсв. Сакрамэнту ў цямніцы распачнецца з 9.00 гадз. Кожны, будзе мець магчымасць прыйсці ў зручную яму гадзіну, каб памаліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у цямніцы.

18.00Літургія Мýкі Пана. Ахвяраванні складзеныя падчас адарацыі Крыжа будуць прызначаныя на Божую Грабніцу ў Святой Зямлі. Пасля заканчэння Літургіі Вялікай пятніцы, адбудзецца перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў грабніцу Пана. Гэта таксама першы дзень навэнны да Божай Міласэрнасці. Памолімся Вяночак да Божай Міласэрнасці. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Божай грабніцы будзе трываць да 22.00 гадз.

19 красавіка

Вялікая Субота

У Вялікую суботу ўвесь Касцёл прабывае каля грабніцы Пана, разважае пра мýку і смерць Хрыста і Яго сыходжанне ў адхлáнь.        У малітве і посце чакае Яго ўваскрасення. У суботу паводле традыцыі захоўваецца пост ад мясных страў.

Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту распачнецца а 9.00.

Благаслаўленне велікодных страў на велікодны стол:

а 13.00 – у Руткевічах

а 13.30 – у Барташах

У касцёле благаслаўленне страў на велікодны стол распачнецца з 9.00 гадз. кожныя поў гадзіны да 18.00 уключна.

а 19.00Вігілія Пасхальная. Просьба каб прынесці свечку. Падчас Літургіі будзем аднаўляць абяцанні хросту.

– Адарацыя Найсв. Сакрамэнту пасля Вігіліі Пасхальнай будзе мець ужо пасхальны характар. Падчас адарацыі ўжо не спяваюцца песні пра мýку Пана, але эўхарыстычныя і велікодныя спевы. Гэта таксама другі дзень навэнны да Божай Міласэрнасці.

а 23.00 – Завяршэнне Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

20 красавіка

Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана (Вялікдзень)

У нашым касцёле будуць дзве св. Імшы.

а 07.00 – Рэзурэкцыйная працэсія і ўрачыстая Св. Імша.

і а 14.00 – Св. Імша агульная для ўсіх вернікаў. Гэта будзе трэці дзень навэнны да Божай Міласэрнасці. У Вялікдзень завяршаецца Пасхальны Трыдуум.

21 красавіка

Велікодны панядзелак (у актаве)

Св. Імшы ў нашым касцёле будуць: а 10.00 і а 19.00. Гэта будзе чацвёрты дзень навэнны да Божай Міласэрнасці.

Велікодная актава будзе доўжыцца да 27 красавікаНядзелі Божай Міласэрнасці. Падчас актавы ў пятніцу 25 красавіка няма посту ад мясных страваў. Восем дзён, як адзін дзень! Таму, заахвочваем да ўдзелу ў св. Імшах падчас велікоднай актавы.

  • Што тычыцца магчымага пахавання падчас Пасхальнага Трыдуума (ад Вялікага Чацвярга да Вялікадня) – не прымаем пахаванні ў касцёле. Вялікая просьба, пахаваць памерлага,           а св. Імша ў яго інтэнцыі адбудзеца ўжо пасля Вялікадня.
  • У касцёле перад алтаром Укрыжаванага Хрыста размешчана скарбонка. Да сённяшняга дня ўключна можна складаць свае ахвяраванні на кветкі, якімі будзе ўпрыгожана Божая грабніца    і алтары ў нашым касцёле на Пасху.
  • Ахвяраванні якія сёння скадаюцца на тацу, будуць прызначаны на ўтрыманне семінарыстаў МВДС у Гродне. Каталіцкая Семінарыя ўтрымліваецца выключна з ахвяраванняў вернікаў      і дабрадзеяў. Заахвочваем падтрымаць сваімі ахвяраваннямі Духоўную навучальную ўстанову.
  • 27 красавіка (нд) – Дзіцяча-моладзевы Хор Calasanz нашай парафіі адзначыць сваё 20-годдзе. Урачысты канцэрт распачнецца а 13.00 гадз. у Шчучынскім цэнтры культуры           і народнай творчасці. Сардэчна запрашаем раздзяліць гэту радасць з намі!
  • У сакрыстыі можна набываць Бібліі, малітоўнікі,  свечкі, абразы і іншыя рэлігійныя дэвацыяналіі.
  • З душпастырскімі аб’явамі нашай парафіі можна азнаёміцца      на дошцы аб’яў, ці на інтэрнэт-старонцы: www.pijary.info
  • Вялікі дзякуй за Вашу прысутнасць і супольную малітву,             а таксама за вашы ахвяраванні.
  • Жадаем усім плённай падрыхтоўкі да Пасхі!

Пакінуць адказ