
Рыма – каталіцкая парафія
імя Унебаўзяцця Маці Божай у Лідзе (м-н Індустрыяльны)
ДУШПАСТЫРСКІЯ АБ’ЯВЫ
на Пальмóвую нядзелю – Мýкі Пана /С/
13.04.2025г.
- Сёння Пальмóвая (або вербная) нядзеля. У Касцёле распачаўся Вялікі Тыдзень Мýкі Пана. Падчас кожнай св. Імшы благаслаўляюцца вербы.
Расклад св. Імшаў і набажэнстваў на святы Пасхальны Трыдуум:
- 17 красавіка – Вялікі Чацвер
10:00 – Імша Хрызма ў катэдральным касцёле ў Гродне з біскупам і ўсімі святарамі. Таму, у нашым касцёле ў чацвер раніцай а 9:00 св. Імшы не будзе.
Вечарам а 18:30 – Св. Імша Вячэры Пана і распачацце святога Пасхальнага Трыдуума. У гэты дзень Пан Езус устанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі і Пасвячэння, таму асаблівым чынам будзем маліцца за ўсіх святароў, а таксама аб новых святарскіх пакліканнях. Пасля Св. Камуніі адбудзецца перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цямніцу. Пасля літургіі з галоўнага алтара будзе зняты абрус, а табэрнакулюм застанецца пустым і прыадчыненым ажно да Вігіліі Пасхальнай. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цямніцы будзе трываць да 22:00 гадз.
- 18 красавіка – Вялікая Пятніца
У гэты дзень, а таксама ў суботу да вечара, згодна са старадаўняй традыцыяй, Касцёл не цэлебруе Св. Імшу. У другой палове дня адбудзецца Літургія Мýкі Пана, цэнтральнай часткай якой з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. У гэты дзень прадпісаны абавязковы сціслы пост – г. зн. на працягу дня можна толькі адзін раз паесці дасыта і два разы лёгка, устрымліваючыся ад мясных страў.
Пасля Літургіі Мýкі Пана і ў суботу ажно да Вігіліі Пасхальнай перад Крыжам укленчваем, як перад Найсвяцейшым cакрамэнтам.
А 9:00 будзе Крыжовы шлях. Потым будзе працяг Адарацыі Найсв. Сакрамэнту ў цямніцы. Кожны, будзе мець магчымасць прыйсці ў зручную яму гадзіну, каб памаліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у цямніцы.
15:00 – Вяночак да Божай Міласэрнасці. Пасля будзе працяг Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
17:30 – Крыжовы Шлях для ўсіх вернікаў нашай парафіі.
18:30 – Літургія Мýкі Пана і перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў грабніцу Пана.
Гэта таксама першы дзень навэнны да Божай Міласэрнасці. Пасля Літургіі Вялікай Пятніцы памолімся Вяночак да Божай Міласэрнасці, а потым заспяваем Песні Жáльбы (Gożkie Żale) – усе тры часткі. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Божай грабніцы будзе трываць да 22:00 гадз.
Ахвяраванні складзеныя падчас адарацыі Крыжа, так званая Калекта, будуць прызначаныя на патрэбы Касцёла ў Святой Зямлі. У гэтым годзе наш біскуп Уладзімір звярнуўся да ўсіх вернікаў гродзенскай дыяцэзіі з заклікам паставіцца да гэтай падзеі з хрысціянскім клопатам і, памеры магчымасці, прыняць удзел у Калекце Вялікай пятніцы, тым самым падтрымліваючы малыя хрысціянскія супольнасці ў Святой Зямлі.
- 19 красавіка – Вялікая Субота
У Вялікую суботу ўвесь Касцёл прабывае каля грабніцы Пана, разважае пра мýку і смерць Хрыста і Яго сыходжанне ў адхлань. У малітве і посце чакае Яго ўваскрасення. У суботу паводле традыцыі захоўваецца пост ад мясных страў.
Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту распачнецца а 9:00.
Благаслаўленне велікодных страў на велікодны стол:
11:30 – в.Чэхаўцы (каля крыжа);
11:45 – в. Верх-Ліда, вул. Новая (каля першага крыжа).
12:00 – в. Верх-Ліда (каля другога крыжа).
У касцёле благаслаўленне страў распачнецца з 12:30 кожныя поў гадзіны да 17:30 уключна.
18:00 – Ружанец.
18:30 – Вігілія Пасхальная. Просьба каб прынесці свечку. Падчас Літургіі будзем аднаўляць абяцанні хросту.
21:00 – Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту правядзе моладзь нашай парафіі.
22:00 – Завяршэнне Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
- 20 красавіка – Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана (Вялікдзень)
У нашым касцёле св. Імшы будуць а 7:00 – Рэзурэкцыйная працэсія і ўрачыстая св. Імша, у 11:30 – св. Імша агульная для ўсіх вернікаў і а 18:00.
- 21 красавіка – Велікодны панядзелак
Св. Імшы ў нашым касцёле будуць: а 9:00 і ў 18:30.
- Велікодная актава будзе доўжыцца да 27 красавіка – Нядзелі Божай Міласэрнасці. Падчас актавы ў пятніцу 25 красавіка няма посту ад мясных страваў. Восем дзён, як адзін дзень! Таму, заахвочваем да ўдзелу ў св. Імшах падчас велікоднай актавы.
Іншыя аб’явы:
- У гэтым годзе замест конкурса на “Найпрыгажэйшую вярбу” праводзіцца конкурс на самую крэатыўную Велікодную паштоўку зробленую ўласнымі рукамі. Гатовыя паштоўкі трэба было прынесці сёння, а ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў другую велікодную нядзелю – 27 красавіка.
- Нагадваем, што сёлета плануецца далейшы рамонт цаглянага муру каля касцёла. Ахвяраванні на неабходныя матэрыялы можна складаць у сакрыстыі.
- На прыканцы касцёла, на століку, ёсць новы нумар часопіса „Ave Maria”.
- Выходзячы з касцёла, можна набыць велікодныя паштоўкі, а таксама розныя абразы і іконы, якія выдатна падыдуць у якасці падарунка на Велікодныя святы. Сабраныя ахвяраванні пойдуць на дабрачыннасць.
- Перад алтаром знаходзіцца спецыяльная скарбонка, у якую можна скласці ахвяраванні на ўтрыманне клерыкаў Гродзенскай Семінарыі.
- З душпастырскімі аб’яваміможна азнаёміццана інтэрнэт-старонцы: pijary.info альбо таксама ў нашай парафіяльнай суполцы ў сацыяльнай сетцы Viber.
- Вялікі дзякуй за супольную малітву і ахвяраванні. Усім жадаем благаслаўлёнага новага тыдня!
- На мінулым тыдні з нашай парафіяльнай супольнасці адышоў у вечнасць святой памяці Маршэўскі Андрэй. Wieczny odpoczynek racz mu dać Panie…