09.11.2024

Умілаваныя вернікі Касцёла на Гродзеншчыне!

Сардэчна вітаю вас у Пану нашым Езусе Хрысце. Прамаўляючы гэтыя словы, усім сэрцам хачу абняць усіх, хто належыць да супольнасці Гродзенскай дыяцэзіі і яе ўтварае: святароў, асобаў кансэкраванага жыцця, свецкіх вернікаў, а сярод іх дзяцей, моладзь і дарослых. Сардэчнай думкай і малітвай ахопліваю ўсіх хворых, пакутуючых, самотных, расчараваных і духоўна згубленых.

З волі Хрыста і Яго намесніка на зямлі, Папы Францішка, 30 верасня 2024 г., у літургічны ўспамін св. Гераніма, маёй пастырскай апецы як біскупа быў даручаны Божы народ Гродзенскай дыяцэзіі. Я ўспрымаю гэта як заклік, каб – згодна з тым, што чытаю ў Дэкрэце аб пастырскіх задачах біскупаў у Касцёле Christus Dominus – быць для вас “праўдзівым і сапраўдным настаўнікам веры, святаром і пастырам”, “пастырам душ” (CD, 2). Кожны раз, калі, устаючы на малітву, заклікаю Найсвяцейшае Імя Езуса, горача прашу нашага Пана аб ласцы, каб рабіцца для вас менавіта такім пастырам.

Сёння звяртаюся да вас усіх, дарагія браты і сёстры, просячы аб малітве ў інтэнцыі майго біскупскага служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі. Адначасова сардэчна запрашаю да ўдзелу ў інгрэсе, які адбудзецца ў суботу 26 кастрычніка 2024 г. у 12.00 у гродзенскай катэдры.

Няхай удзел у гэтай выключнай для мяне асабіста, але – як веру – асаблівай таксама для ўсяго Касцёла на Гродзеншчыне падзеі ўмацуе наша адзінства ў Хрысце, праз заступніцтва Найсвяцейшай Марыі Панны Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, і святых апекуноў нашай дыяцэзіяльнай супольнасці: св. каралевіча Казіміра і св. Максімільяна Марыі Кольбэ.

Усведамляю, што многія не змогуць узяць удзел у гэтай урачыстасці асабіста, таму цешуся, што кожны, хто толькі захоча, незалежна ад месцазнаходжання, зможа ўключыцца ў супольную малітву дзякуючы трансляцыі інгрэсу па канале катэдральнай парафіі на YouTube.

Даручаючы маё пастырскае служэнне вашым малітвам, з усяго сэрца вас благаслаўляю.

Ваш біскуп Уладзімір

Гродна, 15.10.2024

Пакінуць адказ