03.12.2024

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі https://catholic.by/

7 жніўня ўдзельнікі евангелізацыйнага праекта Cordis, які дзейнічае пры парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне, ўзялі ўдзел у агульнай аўдыенцыі з Папам Францішкам.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, 5 жніўня згаданы праект адзначыў сваё пяцігоддзе, і з гэтай нагоды прысутныя на аўдыенцыі гродзенцы падаравалі Святому Айцу выяву абраза Маці Божай Кангрэгацкай з гродзенскай катэдры, якая ўшаноўваецца як Апякунка студэнтаў.

Назва праекта перакладаецца з латыні як «сэрца» (у родным склоне), таму што адна з галоўных мэт Cordis — распаўсюджванне Божай любові да кожнага чалавека без выключэння, каб кожны зразумеў, як моцна яго любіць Бог; зразумеў, што кожны мае месца ў Яго Сэрцы і што ўсе належаць гэтаму Сэрцу.

Праект рэалізуюць свецкія вернікі парафіі Божай Міласэрнасці, а дапамогу ім аказваюць ксяндзы сэрцане, якія служаць у гэтай парафіі. Сімвал Cordis — абрыс голуба, які сімвалізуе Духа Святога, і сэрцанскі крыж. Крыж з сэрцам — сімвал Езуса, які памёр на крыжы з любові да людзей, і адзін з сімвалаў Кангрэгацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, харызма якой — пашана да Сэрца Езуса і распаўсюджванне яго культу. Сімвал Духа Святога, які ахінае Сэрца Езуса, адлюстроўвае тое, што Езус быў напоўнены Духам. Гэтыя сімвалы ўвасабляюць мэту Cordis — распаўсюджванне культу Божага Сэрца, і ўсведамленне ролі Духа Святога, без якога няма існавання Касцёла.

Праект дзейнічае ў сацыяльнай сетцы Instagram і на YouTube.

Яго дзейнасць распачалася 5 жніўня 2019 года з першага поста на старонцы ў Instagram, калі быў апублікаваны кліп на адну з хрысціянскіх песень. Пазней з’явілася яшчэ некалькі кліпаў. На пэўны час дзейнасць праекта была прыпынена і здавалася, што ён ужо не адновіцца, але неўзабаве быў анансаваны цыкл адвэнтавых відэаразважанняў. З таго часу прыярытэтам дзейнасці Cordis стала евангелізацыя ў асаблівыя перыяды касцёльнага года: Адвэнт і Вялікі пост. Гэта матывавалася тым, што ў гэтыя перыяды больш людзей шукае Бога з увагі на значнасць святаў Божага Нараджэння і Вялікадня.

Акрамя таго, Cordis прапануе разважанні на іншыя перыяды года, у тым ліку штодзённыя разважанні да Евангелля, якія рыхтуюць ксяндзы сэрцане, і твіты Папы Францішка з разважаннямі. У 2022 годзе маладыя людзі, якія ўдзельнічаюць у праекце, запісвалі інтэрв’ю са святарамі і законнікамі.

На пяцігоддзе праекта ўдзельнікі Cordis вырашылі падараваць Папу Францішку копію іконы Маці Божай Кангрэгацкай з гродзенскай катэдры, ведаючы любоў Святога Айца да гэтага абраза.

Абраз Маці Божай Кангрэгацкай, вядомы таксама як абраз Маці Божай Студэнцкай, — гэта спіс іконы Маці Божай Снежнай з базылікі Святой Марыі Вялікай у Рыме. Папа вельмі любіць гэтую ікону, а перад сваімі падарожжамі і пасля іх заўсёды моліцца перад ёю.

4 жніўня ў гродзенскай катэдры адзначылі 360-годдзе знаходжання іконы Маці Божай Кангрэгацкай у Гродне. Свята Маці Божай Снежнай адзначаецца 5 жніўня, у дзень нараджэння Cordis.

Папа Францішак падзякаваў гродзенцам за падарунак.

Пакінуць адказ