13.09.2024

6 жніўня Каталіцкі касцёл святкуе Перамяненне Пана. Гэтае свята звязваюць з цудам, які Езус Хрыстос здзейсніў напрыканцы Свайго зямнога шляху перад трыма апосталамі Пятром, Якубам і Янам.

Хрыстос прывёў Сваіх вучняў на гару Табор і адкрыў, што Яму належыць пакутваць за людзей, памерці на крыжы і ўваскрэснуць. Там Ён перамяніўся перад апосталамі: твар Яго заззяў, а вопратка зрабілася асляпляльна белай. Два прарокі Старога Запавету Майсей ды Ілля з’явіліся Госпаду на гары і размаўлялі з Ім. А голас Бога Айца са светлага воблака сведчыў пра Боскасць Хрыста.

Лічыцца, што на гары Табор Езус упершыню паказаў людзям сваю Боскую сутнасць. Вучні асэнсавалі, што перад імі не проста прарок, але сам Пан. Свята Перамянення Пана нагадвае вернікам на прыкладзе Езуса Хрыста пра неабходнасць духоўнага перамянення і ўдасканалення.

Лічыцца таксама, што свята Перамянення Пана звязана са старазапаветным святам асвячэння пладоў. Так, на Ўсходзе ў пачатку жніўня выспяваюць злакі і вінаград, якія хрысціяне прыносяць у храм для блаславення.

 

Пакінуць адказ