Стала традыцыяй аднаўленне сужэнскіх абяцанняў у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) – месцы асаблівай малітвы за сем’і.
Абрад аднаўлення сужэнскіх абяцанняў можна назваць адным з самых маляўнічых мерапрыемстваў у межах адпустовых урачыстасцяў, якія праходзяць у Тракелях.
На сёлетніх урачыстасцях у санктуарыі сабралося шмат сужэнцаў з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі і іншых месцаў. Аднавілі абяцанні любові і вернасці больш за 200 сужэнскіх пар з розным стажам сямейнага жыцця. Сярод іх былі і юбіляры, якія адзначаюць 50-годдзе шлюбу.
Сужэнцаў благаславіў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Біскуп падкрэсліў, што сёння, калі хрысціянскія каштоўнасці адкідваюцца, трэба мець асабліва трывалы фундамент, якім павінен быць Пан Бог.
Па словах іерарха, сям’я будзе моцнай і шчаслівай толькі тады, калі ў ёй будзе годнае месца для Бога. Таксама ён адзначыў важнасць супольнай сямейнай малітвы, якая дапаможа пераадолець усе канфлікты і падзелы і дзякуючы якой у сям’і будуць панаваць любоў, павага і згода.
Біскуп заклікаў сужэнцаў даваць штодзённае сведчанне сапраўднага хрысціянскага жыцця сваім дзецям і ўнукам.
Пасля аднаўлення абяцанняў іерарх заахвоціў мужоў запрасіць сваіх жонак на танец. Такім чынам сужэнцы маглі ўспомніць, як калісьці танцавалі першы раз.
Потым біскуп і сужэнцы, якія адзначаюць юбілей сумеснага жыцця, выпусцілі ў неба белых галубоў – сімвал любові, вернасці, сужэнскай сумленнасці і жадання быць разам усё жыццё. У канцы біскуп удзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне, пажадаўшы міру кожнай сям’і.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі