26 Красавік 2024 https://grodnensis.by/
Шаноўныя святары, законныя айцы і сёстры,
Улюбёныя браты і сёстры, вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!
З радасцю паведамляю вам, што 25 мая, у суботу, у гродзенскай катэдры святога Францішка Ксаверыя на святой Імшы ў 12.00 адбудзецца біскупскае пасвячэнне наміната Уладзіміра Гуляя, біскупа-каад’ютара.
У сувязі з гэтай важнай для нашай дыяцэзіі падзеяй хачу запрасіць усіх вас на святую Імшу, падчас якой адбудзецца пасвячэнне. Ад імя біскупа-наміната прашу аб прысутнасці і малітве ў яго інтэнцыях.
Намінат прыме пасвячэнне з рук арцыбіскупа Антэ Ёзіча, Апостальскага нунцыя ў Беларусі, і распачне служэнне ў якасці біскупа-каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі.
Ахінем шаноўнага наміната нашай малітвай! Няхай шчодрасць Божай ласкі спадарожнічае яму ў падрыхтоўцы да прыняцця пасвячэння і ў далейшым служэнні.
З усяго сэрца ўсіх благаслаўляю.
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Пробашчаў і адміністратараў парафій прашу прачытаць гэтае паведамленне ў найбліжэйшую пасля яго атрымання нядзелю на ўсіх святых Імшах.