22.05.2024

 Catholic.by

У III нядзелю Вялікага посту, якая сёлета прыпадае на 3 сакавіка, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Нацыянальны дзень Caritas. З гэтай нагоды супрацоўнікі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas скіроўваюць сваю падзяку ўсім тым, хто сваёй малітваю, падтрымкаю і ахвярнасцю прычыняецца да справы міласэрнасці ў Касцёле.

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Божае Валадарства ўстанаўліваецца не з дапамогай насілля. Папа Францішак падчас адной з аўдыенцый на пачатку Вялікага посту падкрэсліў, што стыль Бога — гэта паступовае пашырэнне і лагоднасць.

Езус не хоча прымушаць людзей да навяртання, сеючы страх перад пагрозай Божага суду, ці да пачуцця віны за зло, якое было ўчынена, — Ён проста абвяшчае. Тое, што Ён прыносіць, наадварот, з’яўляецца Добрай Навіной збаўлення, і, пачынаючы ад яе, Ён заклікае да навяртання.

Езус пачынае сваё служэнне з клопату аб целе і душы хворых, самотных, несправядліва асуджаных, адкінутых, такіх, як пракажоныя, грэшнікі, на якіх усе глядзелі з пагардай.

Кожны чалавек запрошаны паверыць у Евангелле: Божае Валадарства наблізілася да Яго дзяцей і знакі прыйсця Божага Валадарства шматлікія і станоўчыя.

Божае Валадарства — гэта безумоўна вялікая сіла: самая вялікая з тых, што існуюць, але не паводле крытэрыяў свету. Таму нам здаецца, што яно ніколі не мае абсалютнай большасці. Яно падобнае да закваскі, якая змешваецца з мукой: на першы погляд здаецца, што яна знікае, але менавіта яна запускае працэс заквашвання. Яно таксама падобнае да зерня гарчыцы: маленькага, амаль нябачнага, якое нясе ў сабе неверагодную сілу прыроды, а калі вырастае, становіцца вышэйшым за ўсе дрэвы ў садзе.

Езус прыйшоў, але свет яшчэ пазначаны грахом, войнамі і цярпеннем. Ён населены людзьмі, якія пакутуюць, якія не прыміраюцца і не прабачаюць. Усе гэтыя факты пацвярджаюць, што перамога Хрыста яшчэ не рэалізавалася цалкам: многія людзі яшчэ жывуць з закрытымі сэрцамі.

Часам людзі не разумеюць, чаму Божае Валадарства марудзіць з надыходам.

Каб растлумачыць гэта, можна нагадаць евангельскую прыпавесць, у якой Езус параўноўвае Божае Валадарства з полем, на якім добрае зерне расце побач з каласоўнікам. Найбольшай памылкай было б жадаць неадкладна ўмяшацца і вырваць са свету тое, што здаецца шкодным пустазеллем. Бог не такі, як мы: Ён мае цярплівасць. Не з дапамогай гвалту ўстанаўліваецца Божае Валадарства ў свеце. Яго стыль — гэта стыль паступовага пашырэння і лагоднасці.

Бог апярэджвае нас заўсёды, Бог нас заўсёды здзіўляе. Дзякуючы Яму пасля ночы Вялікай пятніцы наступае світанак Уваскрасення, здольны асвятліць надзеяй увесь свет.

Святло заўсёды застаецца Святлом, Любоў заўсёды застаецца Любоўю і Праўда заўсёды застаецца Праўдай, якая б яна ні была. Таксама як і зло, якое заўсёды застаецца злом, як бы мы яго ні стараліся апраўдаць.

Вяртаючыся да пытання Божага Валадарства і сэнсу нашага жыцця і задумваючыся над мэтай, якую мы хацелі б рэалізаваць, заўважым, што чулае сэрца, міласэрнасць, справы веры і дзейнасць, напоўненая маральнымі і этычнымі каштоўнасцямі, дапамагаюць чалавеку знайсці сябе, знайсці сэнс у сваім штодзённым жыцці, а галоўнае — атрымліваць пачуццё радасці ў радасці іншага чалавека.

Сёння Caritas дзякуе ўсім неабыякавым людзям; усім тым, хто сваёй малітваю, падтрымкаю і ахвярнасцю прычыняецца да справы міласэрнасці ў Касцёле, і заклікае вас, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі, фармаваць свае сэрцы для служэння, напаўняючы іх самаахвярнай любоўю.

Жадаем плённага духоўнага перажывання дня Caritas і Вялікага посту.

Кс. Андрэй Аніскевіч, Дырэктар Caritas Беларусь

Мінск, 3 сакавіка 2024 года

P.S. Гэтае пасланне неабходна прачытаць у касцёлах і капліцах падчас святых Імшаў у ІІІ Нядзелю Вялікага посту.

Пакінуць адказ