22.05.2024

Ці з’яўляецца грахом наведваць у Вялікі пост тэатры, кінатэатры, канцэрты?

Адказвае кс. канонік Юрый Бяганскі

Папяльцовай серадой мы распачалі новы літургічны перыяд – Вялікі пост. На гэты саракадзённы час Касцёл заахвочвае нас да працы, якой з’яўляюцца малітва, пост і міласціна. У Вялікі пост кожнаму з нас варта пастарацца глыбей пазнаць Бога і наблізіцца да Яго, а таксама пазнаць самога сябе. Хрысціянскі пост – гэта жаданне большай блізкасці з Езусам. Святы Айцец Францішак у сваім пасланні на сёлетні Вялікі пост кажа: “Бог не стаміўся ад нас. Прывітаем жа Вялікі пост як духоўна моцны час, калі Ягонае слова зноў прыгадвае нам: “Я – Пан, Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі” (Зых 20, 2). Гэта час навяртання, час свабоды”.

Варта таксама зазначыць, што перыяд Вялікага посту нічым не адрозніваецца ад астатняй часткі года. Толькі ў касцёле мы можам заўважыць, што з абрадаў Імшы знікла слова “Аллелюя”, святары апранаюць на Імшу фіялетавае адзенне і дадаюцца два набажэнствы: Крыжовы шлях і Песні жальбы. І ў гэтым насамрэч усё адрозненне. Вялікі пост – наша ўміласціўленне за здзейсненыя грахі; выраз нашай любові, падзякі Богу за Яго пакуты і крыжовую смерць дзеля нас. Пост павінен быць цесна звязаны з міласцінай.

Каб даць адказ на пастаўленае пытанне, давайце паглядзім, як праводзілі гэты час нашыя вернікі ў мінулых стагоддзях.

У старажытнасці для нашых продкаў Вялікі пост быў вялікі не толькі па назве. У гэты перыяд людзі сапраўды змянялі свае паводзіны. Ужо Папяльцовая серада прадвяшчала будучыя кулінарныя перамены, бо ў гэты дзень старанна вычышчалі гаршкі ці саганчыкі нават ад найменшых слядоў тлушчу, а патэльні выносілі на гарышча, у склеп ці сад. Смажыць што-небудзь у посны перыяд было забаронена. Таксама было забаронена ўжываць мяса, што, магчыма, не асабліва дзіўна. Апрача ежы, у пост вернікі практычна не карысталіся і музычнымі інструментамі. У гэты час іх хавалі, граць бадзёрыя, вясёлыя мелодыі было катэгарычна забаронена. Дазваляліся толькі сумныя думкі і накцюрны. Таксама велікапоснае прыніжэнне ўключала адмову ад шыкоўных маляўнічых убораў. У пост нашы продкі адмаўлялі сабе і ў многім іншым. Гэтае правіла распаўсюджвалася і на дзяцей: для іх большы акцэнт рабіўся на адмове ад гульняў.

У правядзенні гэтага святога часу вельмі многае перадалося нам ад продкаў, але і вельмі многае сёння змянілася, бо змяніўся і сам свет. Многія глядзяць на рэлігію іншымі вачыма. Нягледзячы на пастанову Касцёла для нашых вернікаў, многія жывуць так, як у звычайны перыяд літургічнага года, хоць Вялікі пост заахвочвае да адмаўлення ад удзелу ў гульнях і ад арганізацыі мерапрыемстваў з танцамі і гучнай музыкай. У гэты перыяд радзей жэняцца, бо маладой пары прыйдзецца адмовіцца ад раскошнага вяселля. Забарона на гульні і гучныя забавы вынікае з адпаведных правіл, устаноўленых епіскапатам.

Аднак культурная праграма не заўсёды забаронена ў Вялікі пост. Усё залежыць ад таго, што гэта: хобі альбо не. Напрыклад: для многіх наведванне тэатра, кінатэатра ці канцэрта – гэта адпачынак і магчымасць пабыць са сваёй сям’ёй. Але, як ужо адзначалася, бывае і так, што ў Вялікі пост тэлевізар для многіх займае важнейшае месца, чым вырашэнне праблем паміж людзьмі і ў сям’і.

Як гаворыць прыказка, у здаровым целе здаровы дух. Няхай жа дзякуючы культурным сустрэчам, як асабістым, так і сямейным, да нас прыйдзе разуменне сябе, сэнсу свайго жыцця. Бо кожны з нас, хто жыве ў гэтым свеце, створаны для таго, каб яго ўпрыгожваць. Сорак дзён посту – гэта не час смутку і маўчання, а час пазнання Хрыста ў сваім жыцці і ў іншым чалавеку. Няхай жа малітоўныя практыкі гэтага перыяду супакояць нашыя думкі і сэрцы для ўмацавання Касцёла.

З малітвай, кс. Юрый

https://www.grodnensis.by/

Пакінуць адказ