18.07.2026

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Аляксандра Шчыглінская / Grodnensis.by

18 снежня, напярэдадні свята Божага Нараджэння, у парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбылася сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У праграме былі супольная малітва Літургіі гадзінаў і аскетычная канферэнцыя, з якой выступіў духоўны айцец святароў дыяцэзіі айцец Андрэй Шчупал CSsR.

Біскуп, звяртаючыся да сабраных, падзякаваў ім за штодзённае служэнне ў парафіях, асабліва ў час Адвэнту, за яднанне вернікаў з Панам і абвяшчэнне Божага слова.

Іерарх выказаў надзею, што надыходзячыя святы стануць для іх нагодай быць сярод людзей, якія маюць патрэбу ў душпастырскай падтрымцы і прысутнасці.

Таксама біскуп пажадаў удзельнікам мерапрыемства радаснага і спакойнага Божага Нараджэння і шчаслівага, шчодрага на Божыя дары новага года.

Сустрэча завяршылася святочным абедам, прыгатаваным гасцінным пробашчам навагрудскай парафіі ксяндзом Юрыем Жэгарыным і мясцовымі вернікамі.

Пакінуць адказ