Р ы м а – к а т а л і ц к а я п а р а ф і я
імя Унебаўзяцця Маці Божай у Лідзе (м-н Індустрыяльны)
Д У Ш П А С Т Ы Р С К І Я А Б ’ Я В Ы
на
XXX ЗВЫЧАЙНУЮ НЯДЗЕЛЮ /А/
29.10.2023 г.
- Сёння ў Касцёле ўзгадваецца Гадавіна асвячэння ўласнага касцёла. Таму і наша парафія сёння дзякуе Пану Богу за дар уласнай святыні, урачыстае пасвячэнне якой адбылося ў 2017 г. Памятайма сёння ў нашых малітвах пра святароў, ахвярадаўцаў, дарчынцаў, а для памерлых выпрóшвайма ласку вечнага жыцця.
- 31 кастрычніка (ат) завяршаецца месяц ружанцовай малітвы. Ружанцовае набажэнства сённяа 17.30. Запрашаем!
- 1 лістапада (ср) – Каталіцкі Касцёл адзначае Урачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і ўшаноўваюць усіх святых — як вядомых, так і невядомых, — якія дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе. У гэты дзень у нашым касцёле св. Імшы будуць а 9.00 і ў 18.30.
1 лістапада 1972 г. адышоў у вечнасць а. Марыян Чабаноўскі, піяр, які нёс душпастырскае служэнне ў Лідзе і быў пробашчам парафіі ў м-не Слабада. Памятайма ў нашых малітвах пра памерлага святара-піяра ў 51-ю гадавіну смерці.
- З 1 па 8 лістапада ў Касцёле будзе трываць Актава ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Выпамíнкавая малітва за памерлых у буднія дні будзе выглядаць наступным чынам: Ружанец у 17.45і св. Імша за ўсіх памерлых ў 18.30. Выключна ў нядзелю 5 лістапада ружанец за памерлых распачнецца ў 17.15.
- Св. Імша і выпамíнкавы ружанец на мóгілках у Верх-Лідзе адбудуцца сёння а 14.00.
- 2 лістапада (чц) – Успамін усіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень наведваем мóгілкі і асаблівым чынам молімся за памерлых. У гэты дзень у нашым касцёле св. Імшы будуць а 9.00 і ў 18.30. Гэта першы чацвер месяца. У гэты дзень таксама будзем маліцца аб святарскія, манаскія і місійныя пакліканні.
- Кс. пробашч з парафіі Божай Міласэрнасці ў м-не Маладзёжны інфармуе аб тым, што Св. Імша, набажэнства за памерлых і благаслаўленне новых помнікаў на старых мóгілках (Зосіна-1) адбудзецца 1 лістапада (ср)і распачнецца а 13.00. На новых мóгілках (Зосіна-2) адбудзецца 2 лістапада (чц)і распачнецца а 13.00.
- Памятайма, што падчас Актавы ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, Касцёл даé нам магчымасць атрымаць поўны адпуст або на працягу ўсяго года частковы адпуст.
Варта ўзгадаць пра тое, чым з’яўляецца поўны адпуст і частковы адпуст.
Падчас споведзі Бог праз паслугу святара адпускае чалавеку вінý за грахі, але наступствы граху застаюцца (г.зн. часовае пакаранне).
Поўны адпуст — гэта калі чалавеку цалкам прабачаецца часовае пакаранне.
Мы, католікі, верым, што калі ахвяруем адпуст за памерлага, то ён поўнасцю ачышчаецца з грахоў, чаго наступствам з’яўляецца вечнае жыццё.
Атрымаць поўны адпуст — гэта значыць ліквідавáць наступствы граху.
Каб атрымаць поўны адпуст неабходна:
1) Быць католікам у стане асвячальнай ласкі г.зн. быць пасля споведзі (неабавязкова спавядацца менавіта ў гэты дзень — можна зрабіць гэта загадзя);
2) Прыняць св. Камунію;
3) Памаліцца ў інтэнцыях у якіх моліцца Папа Францішак;
4) Наведаць мóгілкі.
Частковы адпуст — гэта, па сутнасці, кожная наша малітва, ружанец ці літанія. Ахвяруючы гэтыя малітвы за памерлых на працягу ўсяго года, мы набліжаем іх збаўленне.
Падчас Актавы ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў (1-8 лістапада), адпуст можна атрымаць за аднаго памерлага (на працягу дня). Нашы малітвы і адпуст ніколі не бываюць марнымі: нават калі мы не ахвяруем іх за кагосьці канкрэтна, Пан Езус «накіруе» іх у інтэнцыі тых, каму гэта неабходна. Што тычыцца 2 лістапада (Дня ўсіх памерлых вернікаў), за пабожны ўдзел у св. Імшы і малітву за памерлых можна атрымаць поўны адпуст два разы, ахвяраваўшы яго за двух памерлых. Таксама вернік павінен мець намéр (інтэнцыю) атрымаць адпуст. Калі такога ўсведамлення ў чалавека няма, то адпуст ён не атрымае.
- 3 лістапада (пт) – У нашай Гродзенскай дыяцэзіі – гэта дзень малітвы за спачылае духавенства. Таксама, гэта першая пятніца месяца. Першапятнічная споведзь будзе перад св. Імшамі раніцай і ўвечары, а набажэнства ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса адбудзецца пасля вячэрняй св. Імшы.
- 4 лістапада – успамін св. Кáраля Барамея, біскупа, а таксама гэта першая субота месяца.Набажэнства ў гонар Беззаганнага Сэрца НПМ адбудзецца пасля вячэрняй св. Імшы. У сувязі з выпамінкамі, ранішняй складковай св. Імшы за памерлых (як што месяц) не будзе. Гэта значыць, што св. Імша а 9.00 гадзіне ў суботу будзе, але цэлебравацца будзе ў іншай інтэнцыі.
- 5 лістапада – першая нядзеля месяца (адарацыйная). Пасля св. Імшы а 10.00 адбудзецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і змена ружанцовых таямніцаў. Інтэнцыя на месяц лістапад: Будзе малітва Аб вечным жыцці для памерлых ахвярадаўцаў і дабрадзеяў Касцёла.
- У сакрыстыі запісваем інтэнцыі св. Імшаў на наступны 2024 г.
- Бліжэйшая складковая св. Імша Аб здароўе і патрэбныя ласкі праз заступніцтва НПМНД адбудзецца 8 лістапада (ср) у 18.30.
- У школьнікаў распачаліся восеньскія канікулы. Таму, падчас канікул не будзе заняткаў па рэлігіі.
- У касцёльным кіёску можна набываць календары на наступны год, лампадкі, а таксама іншыя дэвацыяналіі.
- Ёсць новы нумар газеты “Слова Жыцця” і апошні нумар часопіса “Ave Maria”. Заахвочваем набываць і чытаць каталіцкую прэсу.
- З душпастырскімі аб’явамі можна азнаёміцца на інтэрнэт- старонцы www.pijary.info
- Дзякуем усім Вам за прысутнасць, супольную малітву і складзеныя ахвяраванні! Жадаем ўсім Вам добрага нядзельнага дня і благаслаўлёнага новага тыдня!
